Беларуская Служба

Беларускі ваяр Андрэй Кушняроў: 2025 год не прынясе заканчэння вайны. Нам давядзецца шмат чым ахвяраваць

01.01.2025 10:32
Андрэй Кушняроў у шэрагах батальёну «Ваўкі Да Вінчы» бароніць не толькі тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны, але гонар беларускага народа.
Аўдыё
  • Іншыя віншаванні беларусаў у выгнанні слухайце ў далучаным гукавым файле!
   ()
Вучэнні ўкраінскі марпехаў (ілюстрацыя)https://www.facebook.com/MinistryofDefence.UA

На хвалях Беларускай службы Польскага радыё для замежжа гучаць віншаванні тым, хто зараз у эміграцыі, і тым, хто застаўся ў Беларусі, слухайце іх у далучаным гукавым файле! 

Гэты год прынёс шмат новых выклікаў і цяжкасцяў, але таксама адкрыў магчымасці для яднання і падтрымкі адно аднаго.

Ваяр Андрэй Кушняроў у шэрагах украінскага батальёну «Ваўкі Да Вінчы» бароніць не толькі тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны, але гонар беларускага народа:

— Дарагія сябры! Я б хацеў казаць, насамрэч, пра нешта добрае, але цяпер мы праходзім праз час найцяжэйшых выпрабаванняў, і адыходзячы год быў поўны цяжкасцяў, выклікаў. Многія з гэтых цяжкасцяў было даволі нялёгка вынесці. Мы, на вялікі жаль, страцілі шмат годных байцоў на вайне ва Украіне.

Сотні людзей былі арыштаваныя па палітычных прычынах у Беларусі, а сотні тысяч беларусаў, якія з'ехалі з краіны, спрабуюць наладзіць сваё жыццё ў выгнанні. Тыя, хто застаецца на Радзіме, ужо будуюць іншую Беларусь. Менш вольную, яшчэ больш залежную ад каланіяльнага ўплыву Расіі.

Гэта быў вельмі нялёгкі год для ўсіх нас. Але выпрабаванні, якія мы перанеслі, і наогул выпрабаванні — гэта тое, што робіць нас мацнейшымі, гэта тое, што робіць нас больш вопытнымі, гэта тое, што робіць нас, скажам так, мудрэйшымі. З гэтым набытым досведам мы ўжо глядзім у новы год.

І ў гэтым годзе нас чакаюць падзеі, якія запатрабуюць ад нас не толькі мужнасці, але і стойкасці, мудрасці. Вельмі хутка нас чакаюць чарговыя сфальсіфікаваныя выбары Лукашэнкі. І гэта ўжо шостыя выбары для нашай краіны. А гэта азначае працяг палітычных арыштаў і працяг палітычных рэпрэсіяў.

Таксама барацьба ўкраінцаў супраць нашага агульнага ворага яшчэ вельмі і вельмі далёкая ад завяршэння. Нягледзячы на тое, што многія цяпер кажуць пра мірныя перамовы, вайна не скончыцца ў 2025 годзе, і гэта важна разумець. Для перамогі яшчэ трэба зрабіць вялізную колькасць працы і вельмі шмат чым ахвяраваць, у тым ліку беларусам.

Беларусам, якія з'ехалі, трэба выбудоўваць новыя адносіны ў дыяспарах. Старыя аўтарытарныя практыкі павінны адмерці не толькі ўнутры краіны, але і ў нас, у тых, хто пакінуў нашу Радзімы.

У нас ёсць добрая магчымасць зараз вучыцца і прымаць вопыт тых краін, у якіх мы апынуліся. Мы можам вучыцца не толькі на чужых памылках, але і на чужых дасягненнях. І нягледзячы на ўсе цяжкасці, а ў многім, я б сказаў, дзякуючы ім, мы становімся дарослымі, мы становімся разумнейшымі, сапраўды мудрэйшымі.

Я б вельмі хацеў, каб у надыходзячым годзе ў нас такія словы, як «доўг» ці «адказнасць», гучалі значна часцей. Нам трэба будзе шмат працаваць, але з Божай дапамогай мы справімся. Усіх вас з Новым годам і Калядамі!

Іншыя віншаванні беларусаў у выгнанні слухайце ў далучаным гукавым файле!