Беларуская Служба

Эміграцыя як шлях да свабоды і перспектывы: гісторыя беларускага прадпрымальніка

04.01.2025 08:09
Займаючыся бізнесам у Беларусі, наш герой зразумеў, што там няма перспектывы. У эміграцыі прыйшло пачуццё свабоды, якое змяніла жыццё.
Аўдыё
  • Эміграцыя як шлях да свабоды і перспектывы: гісторыя беларускага прадпрымальніка
,   ()
Познань, Стары горад (ілюстрацыя)фота: Павел Залески/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Тое, што мы рабілі, аказалася нікому непатрэбным

Спадар Павел у Беларусі атрымаў дзве вышэйшыя адукацыі, працаваў, як сам кажа, на кіруючых пасадах, займаўся прыватным бізнесам. Ён не канкрэтызуе сваю дзейнасць, але яму, як  і многім тады пасля 2020 году, давялося з’ехаць, пакінуўшы ўсё, што зрабіў.

— Я да апошняга моманту спадзяваўся, што змагу зрабіць нешта добрае для сваёй краіны. І ўся мая дзейнасць была скіравана на паляпшэнне жыцця ў Беларусі. Мы рабілі вялікія праекты для людзей за пазабюджэтныя сродкі, на вялікія сумы перадавалі абсталяванне для дзяржаўных прадпрыемстваў, але сталі адной з першых устаноў, якую так паказальна пакаралі і закрылі. Для мяне гэта было і крыўдна, і дзіўна. І тады я зразумеў, што гэта пачатак канца, больш я нічога не змагу зрабіць у гэтай краіне. І, на жаль, тое, што мы рабілі і хацелі зрабіць, аказалася нікому непатрэбным.

Не было б так смешна, каб не было так сумна…

У Польшчу спадар Павел ехаў не на пустое месца, ён ужо паўгода анлайн кансультаваў украінскіх калегаў, якія распачыналі тут рэстаранны бізнес, але не мелі ў гэтым досведу.

— Яны ўвесь час мяне запрашалі, маўляў, прыязджай, зробім усё, каб табе было добра. Прывозь сям’ю, будзеш працаваць, будзеш кіраваць рэстаранам. А я адказваў, што буду ў Беларусі, бо тут зараз патрэбны. А потым з навін даведаліся, што нашу ўстанову зачынілі. Гэта выглядала, як анекдот, але не было б так смешна, каб не было так сумна...

Тут іншае стаўленне да людзей

На новым месцы ў новай краіне давялося пачынаць усё па-новаму. І хоць суразмоўца кажа, што пасля вядзення бізнесу ў Беларусі гэтым ужо не страшна займацца ў любых умовах, аднак новую спецыфіку давялося асвойваць.

— Няведанне польскіх законаў і недастатковае валоданне польскай мовай напачатку трохі перашкаджала, але і з гэтым можна было ўжо працаваць.

У прынцыпе, з досведу спадара Паўла, весці бізнес у Польшчы шмат у чым тое самае, як гэта робіцца і ў Беларусі. Праўда, паводле яго слоў, шмат якія праблемы тут вырашаюцца прасцей.

— Тут ад самага пачатку няма ў дзяржавы задачы цябе задушыць і выціснуць з цябе максімум на самым старце. У Беларусі гэта выглядае так, што ты яшчэ не пачаў працаваць, але трэба ўжо заплаціць. Там цябе ціснуць, там прыжымаюць, ты яшчэ не працуеш, а да цябе ўжо ідуць нейкія праверкі. Аказваецца, ты яшчэ не працуеш, але ў цябе ўжо нешта не так, яны ўжо выпісваюць штраф. І калі ты ўжо захацеў стаць ІП альбо ЧУП, то ўсё – ты будзеш плаціць, плаціць і плаціць, а заробіш ты ці не – гэта нікога не цікавіць.

Тут сітуацыя ў гэтым плане адваротная. Працуй, калі ласка, зараз заплаціш паўцаны, а палову дакладзе дзяржава. Калі патрэбны нейкі тэрмінал – заплаціш, але табе кампенсуюць. Можаш яшчэ нават не мець дакументаў, што з’яўляешся арганізацыяй, але ўжо падаеш заяву на датацыю для вядзення бізнесу і г.д. Што датычыцца праверак – выглядае падобна, як і ў Беларусі. І бюракратыя таксама не простая, але з людзьмі можна размаўляць. Тут іншае стаўленне да людзей. Ты прыходзіш у нейкую ўстанову, і да цябе ставяцца, як да кліента. Але самі ўстановы адзін у адзін з нашымі. Калі не чуць мовы, то нават пах будзе такі самы, як у беларускіх дзяржаўных установах.

Тут цалкам іншае мысленне ў людзей

Трохі задумаўшыся, спадар Павел кажа, што заўважыў тут яшчэ адну істотную розніцу ў стаўленні чыноўнікаў як да іншых людзей, так і да сваёй працы.

— Мы жывём у невялікім гарадку, і наш мэр кожны год перад намі справаздачыцца аб тым, колькі заплачана падаткаў і на што пайшлі гэтыя грошы. Мы зрабілі ўсё, што запланавана, і ў нас засталіся сродкі. А таму, маўляў, дашліце прапановы, што, на вашу думку, варта яшчэ зрабіць. Яны разумеюць, што маюць адказнасць перад людзьмі, якія іх абіраюць. І нават я, які жыву тут толькі тры гады, хачу плаціць тут падаткі, хачу, каб мая фірма была зарэгістраваная ў гэтым горадзе, бо дакладна ведаю, што мой сын ходзіць у гэтую школу, я езджу па гэтай дарозе, хаджу на спартыўную пляцоўку. Тут цалкам іншае мысленне ў людзей. Бо ў нас усё падаецца так, што і заробак нам плаціць нейкі "дзядзька вусаты" з сваёй кішэні. А людзі, якія працуюць у бюджэтных установах, не разумеюць, адкуль у нас грошы. І самае крыўднае, што не разумеюць: калі мы ўсе з’едзем, то гэты "дзядзька" не будзе мець адкуль узяць грошы, каб плаціць заробак.

Тут у мяне ёсць гарантыя…

Суразмоўца згадвае, што першы год у яго наогул кружылася галава ад таго, што ў Польшчы ёсць столькі шмат магчымасцяў для бізнесу, і ён нават не ведаў, за што ўзяцца. Ён убачыў і зразумеў, што тут можна развівацца, тут з’явілася пачуццё перспектывы, чаго так не хапае прадпрымальнікам у Беларусі. Паводле яго слоў, тут ён зразумеў, што перад ім адкрыты ўвесь свет, а там людзі не гатовыя да такога адчування.

— Дзеля таго, каб пачаць, дастаткова проста пачаць. І гэта самае складанае, чаго людзі не могуць зразумець у Беларусі. Тут не рай і ненамазана мёдам, не. І нават цяжэй. Але я ведаю, што тыя сілы, якія я патраціў на сваю справу, вернуцца мне шматкроць. Тут у мяне ёсць гарантыі ў выглядзе дзяржавы і законаў. Я не магу сказаць, што мне тут салодка: я працую, магчыма, у два-тры разы больш, чым у Беларусі, але я ведаю дзеля чаго, ведаю, якая мяне чакае перспектыва. І ў гэтым розніца.

Разуменне таго, што ты можаш быць свабодным…

Я пацікавіўся ў суразмоўцы, што для яго эміграцыя. У яго на гэта свой погляд і нават цэлая тэорыя. Ён лічыць, што эмігрант праходзіць тры стадыі. Першая – гэта страх і нерашучасць. Другая – прыняцце сітуацыі і пачуццё непазбежнасці. А трэцяя – гэта прыняцце таго факту, што самай страшнай была першая стадыя. І вось, калі ты іх праходзіш, то ў цябе з’яўляецца пачуццё свабоды.

— Ведаеце, у мяне ў эміграцыі знікла пачуццё, што я павінен выжываць. Я зараз будую нешта на будучыню. Я спакойна магу думаць пра будучыню, і ў той самы момант не факт, што надалей застануся ў Польшчы. Зараз я магу дакладна сказаць, што нават у Аўстраліі альбо недзе ў Аргентыне не прападу, у мяне ўсё будзе ў парадку, бо я маю ўжо гэты досвед. Разуменне таго, што ты можаш быць свабодным, і дзеля гэтага трэба адмовіцца ад няволі – гэта і ёсць эміграцыя для мяне.

Дарэчы, Беларусь таксама, як і многіх, цягне спадара Паўла да сябе. Там застаўся бабулін дом у Белавежскай пушчы, любімыя мясціны на Нёмане і людзі, якіх заўсёды памятае. Ён кажа, што яму цяпер было б нават там складана інтэгравацца, бо ягоны беларускі народ зараз жыве па-за межамі Беларусі. Крыўдна, паводле спадара Паўла. Але так ёсць.

З яго слоў, калі выходзіў на маршы ў 2020 годзе, то выходзіў не за сябе, бо ў яго было ўсё добра, а выходзіў за іншых. Але ў выніку, пабачыўшы колькі людзей падчас вайны збіраюцца ў Беларусі на канцэрт “Любэ”, зразумеў, што многім аказалася гэта непатрэбна.

Павел ЗАЛЕСКІ