Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) у Страсбургу прыняў на працу першую жанчыну-суддзю з Польшчы. Гэта доктар юрыдычных навук Ганна Адамска-Галянт (Anna Adamska-Gallant). У інтэрв'ю Польскаму радыё для замежжа яна распавяла пра свой шлях у міжнародны прававы орган, задачы, якія стаяць перад ЕСПЧ ды прадставіла сваё меркаванне на тэму абароны правоў чалавека ў Еўропе.
Задача Еўрапейскага суду па правах чалавека заключаецца ў тым, каб асноўныя правы і свабоды, замацаваныя ў Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека (ЕКПЧ), паважаліся ва ўсіх 46 дзяржавах, якія падпісалі дакумент. Пры гэтым, у апошнія гады суд сутыкнуўся з шэрагам новых праблем, якія патрабуюць ад яго суддзяў ведаў, гнуткасці і мужнасці. Ганна Адамска-Галянт адзначыла, што праца ў судзе павінна быць незалежнай ад нацыянальнай палітыкі краіны паходжання суддзі. Таксама ў ЕСПЧ патрабуецца салідны досвед.
— Я даўно марыла працаваць у міжнародных структурах, мой прафесійны шлях прывёў мяне туды, куды я хацела трапіць. Я доўгі час працавала ў Польшчы суддзёй, разглядала крымінальныя справы, потым паехала на Балканы, дзе правяла амаль шэсць гадоў, займаючыся справамі аб ваенных злачынствах. Гэта быў унікальны досвед, бо я мела магчымасць працаваць з юрыстамі з розных краін, з розным досведам і падыходамі да фундаментальных пытанняў прымянення ды інтэрпрэтацыі права. Потым я працавала ва Украіне, дзе займалася ўкараненнем стандартаў Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека ў мясцовую сістэму правасуддзя. Некаторы час я таксама працавала адвакатам, таму ўся гэтая практыка, якую я набыла за гады, дала мне падставы і кваліфікацыю, каб прэтэндаваць на пасаду суддзі Еўрапейскага суда па правах чалавека.
Як суддзя, якая нядаўна прынесла прысягу, бачыць сваю працу ў судзе? Нагадаем, што Ганна Адамска-Галянт - першая полька ў гэтым органе. Ці з-за гэтага яна адчувае дадатковы прэсінг і адказнасць?
— Я рада, што я першая полька — суддзя ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Я лічу, што жанчыны-суддзі, якіх тут усё яшчэ меншасць, прыўносяць іншы пункт гледжання, іншую перспектыву, якая часта адсутнічае ў грамадскім і сацыяльным жыцці. Таму, на маю думку, гэта важна, што я жанчына.
А якія справы часцей за ўсё разглядаюць суддзі Еўрапейскага суду па правах чалавека. І ці досвед працы ў польскай прававой сістэме, а таксама практыка дзейнасці ў міжнародных судах, будзе карысны падчас разглядання спраў у ЕСПЧ?
— У Еўрапейскі суд па правах чалавека трапляюць вельмі разнастайныя справы, бо кожная асоба можа падаць скаргу на дзяржаву за парушэнне сваіх правоў і свабод. У суд паступае ўсё больш спраў, звязаных з парушэннямі правоў падчас узброеных канфліктаў. Таксама пастаянна ўносяцца справы, звязаныя з польскай судовай сістэмай, іх колькасць расце. З кожным годам усё больш спраў датычыць выкарыстання штучнага інтэлекту і яго ўплыву на наша жыццё. Напрыклад, часта мы чуем пра спробы ўплываць на выбары пры дапамозе штучнага інтэлекту, а права на свабодныя выбары — адно з гарантаваных правоў чалавека. На мой погляд, пагроза ўзброенага канфлікту мае ўплыў на дзеянні дзяржаў. З аднаго боку, гэта можа быць апраўдана неабходнасцю павышэння бяспекі, але з іншага боку, гэта можа прывесці да празмернага ўмяшання дзяржавы ў правы і свабоды чалавека. Існуе такая пагроза.
Сёння Еўрапейскі суд па правах чалавека сутыкаецца з надзвычай складанымі праблемамі, якія адлюстроўваюць дынамічна зменлівую сітуацыю ў свеце - сацыяльную і тэхналагічную рэальнасць. Адной з найважнейшых праблем з'яўляецца перагружанасць справамі.
— Часта рашэння неабходна чакаць нават некалькі гадоў з-за росту колькасці скаргаў. Гэта супярэчыць прынцыпу хуткага і справядлівага суду. Суддзям неабходна спраўляцца з вялікай колькасцю спраў. Акрамя таго, перад намі стаяць новыя выклікі, як хаця б выкарыстанне новай тэхналогіі. Мы павінны разбірацца ў новых справах не толькі з юрыдычнага пункту гледжання, але таксама з навуковага боку.
Ці польская суддзя, якая мае вялікі досвед працы як у польскай сістэме правасуддзя, так і міжнароднай дзейнасці, бачыць розніцы ў падыходзе да правоў чалавека паміж краінамі Заходняй Еўропы і дзяржавамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы?
— Кожная краіна, якая з'яўляецца членам Рады Еўропы, мае сваю спецыфіку і культурныя традыцыі, якія ўплываюць на рэалізацыю правоў чалавека. Але ёсць агульныя стандарты, якіх павінны прытрымлівацца ўсе члены Рады Еўропы.
Еўрапейскі суд па правах чалавека сёння стаіць на раздарожжы. У свеце, поўным новых выклікаў, такіх як узброеныя канфлікты, дэзінфармацыя і кліматычны крызіс, яго задача не толькі рэагаваць на парушэнні, але і фармаваць будучыню абароны правоў чалавека. Акрамя таго, праблема змены клімату таксама становіцца ўсё большай праблемай. Справы, звязаныя з экалагічнымі катастрофамі або адказнасцю дзяржаў за ахову клімату, патрабуюць ад суддзяў не толькі глыбокіх юрыдычных ведаў, але і разумення складаных навуковых пытанняў – адзначыла новая суддзя ЕСПЧ Ганна Адамска-Галянт, з якой размаўляў Дарыюш Адамскі з Польскай службы Праграмы замежнага вяшчання Польскага радыё.
нг