Беларуская Служба

Беларуская дзяржава і беларускі народ знікнуць, калі так усё будзе працягвацца — Портнікаў

05.01.2025 09:01
Украінскі эксперт зазначыў, што цяпер набірае абароты працэс ліквідацыі беларускай дзяржаўнасці.
Ілюстрацыйнае фотаФейгинLIVE / Screenshot z Youtube

«Працэс ліквідацыі беларускай дзяржаўнасці, які мы назіраем цяпер, — гэта не аднамомантавы працэс. Мы выдатна разумеем, што беларуская дзяржава перастане ў выніку існаваць і беларускі народ, прабачце, знікне, калі так усё будзе працягвацца». Такое меркаванне выказаў украінскі палітычны аглядальнік Віталь Портнікаў на канале расійскага юрыста і праваабаронцы Марка Фейгіна.

«І ўжо цяпер ідзе масіраваная русіфікацыя Беларусі і яе саветызацыя лукашэнкаўскім марыянеткавым рэжымам, асабліва пасля 2020 года», — адзначыў Портнікаў.

Паводле яго слоў, Беларусь фармальна яшчэ існуе. «Яна, дарэчы, можа фармальна і далей існаваць. Уваходзіць у ААН, як уваходзіла Беларуская ССР. Бегаць яе спартсмены будуць з гэтай чырвона-зялёнай анучай, якая падмяніла беларускі нацыянальны сцяг. Ці мала яшчэ што можа быць. Але гэта ніякая ўжо не дзяржава. Гэта проста рэгіён Расійскай Федэрацыі. Менш суверэнны за Чачэнскую Рэспубліку — у Кадырава больш магчымасцяў, чым у Лукашэнкі», — заявіў палітаглядальнік.

«У Кадырава, між іншым, — працягнуў Портнікаў, — 90% насельніцтва размаўляюць на якой мове? На чачэнскай. А ў Лукашэнкі 99% насельніцтва на якой мове размаўляюць? На рускай. Гэта ўсё, што трэба ведаць пра Чачню і пра Беларусь».

«Ну і яны, натуральна, хочуць, каб і Украіна гэтак жа выглядала», — заявіў палітаглядальнік, маючы на ўвазе кіраўніцтва Расіі.

Тэму Беларусі Портнікаў закрануў у кантэксце намераў Крамля ў дачыненні да Украіны і магчымай ролі ў вайне абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

Крыніца: Позірк/юл