У спадарыні Вольгі дзве вышэйшыя адукацыі. У Беларусі працавала ў банкаўскай сферы. Палітыка яе ніколі не прываблівала, але, як сама кажа, ужо пасля выбараў 2019 года да яе прыйшло яснае разуменне, што перспектывы на будучыню вельмі цмяныя.
Згадвае, што многія яе сябры з’ехалі за мяжу яшчэ да 2020 года, а яна да апошняга хацела жыць на радзіме. Тым не менш выехаць давялося і, як усе ў эміграцыі, пачынала з нуля.
— Я пачала з сябе, бо разумела, што маю некалькі месяцаў, пакуль хопіць на пражыццё тых грошай, якія прывезла з сабою. Таму працаваць над набыццём новай прафесіі пачала інтэнсіўна. Давялося быць смелай, заяўляць пра сябе, пра свае ўменні, пра тыя паслугі, якія магла прапаноўваць людзям, каб гэтым зарабляць на жыццё. Адкрыла Instagram, авалодала новай прафесіяй SMM. Давялося хутка вучыцца і хутка працаваць. Акрамя ўсяго, пачала рабіць трэнінгі і кансультацыі ў той галіне, дзе з’яўляюся спецыялістам. Праўда, мае кліенты пакуль гэта пераважна беларусы і ўкраінцы.
Што датычыцца працы з польскімі кліентамі, то спадарыня прызнаецца, што пакуль не зусім уключылася ў польскі соцыум, а з іншага боку зазначае, што пакуль хапае працы з беларусамі і ўкраінцамі, хаця даводзіцца быць даволі мабільнай, каб іх знаходзіць. І жартаўліва кажа:
— Я цяпер больш перажываю за тое, што не магу знайсці палякаў, бо нават ідучы па вуліцы, чую навокал расійскую альбо ўкраінскую мову. А дзе палякі? Мне здаецца, нашых тут шмат людзей.
Першы год быў няпростым
Тым не менш, як заўважае суразмоўца, цалкам яшчэ да жыцця ў Польшчы яе сям’я не адаптавалася. Маўляў, у Беларусі мелі сваю кватэру, а тут здымаем, і ў гэтым вялікая розніца, бо ўсё чужое. Але, як аказалася, зусім аднымі тут не засталіся.
— Нагрузка на ўсё была трайная: чужая мова, муж працуе, а на мяне кладзецца больш абавязкаў, розных спраў. Страшна было, бо я пакуль не ведала, як на транспарце даязджаць… Першы год быў вельмі няпростым. Але дзякуй палякам, я сустракала вельмі добрых людзей, якія заўсёды падтрымлівалі і добра ставіліся да беларусаў і дапамагалі.
Беларусаў шмат, і яны дружныя паміж сабой
І яшчэ, як заўважае спадарыня, у баку ніколі не заставалася беларуская дыяспара, якая, паводле яе, уяўляе сабой вельмі дружны соцыум.
— Вось калі я адчула, што не трэба баяцца, што тут шмат розных аб’яднанняў — бізнес-клубы беларусаў і ўкраінцаў, жаночыя аб’яднанні. Калі чалавек толькі першы дзень прыехаў, ён можа знайсці тут нашых людзей і атрымаць ад іх падтрымку. Можна запытацца ці пракансультавацца ў нашых чатах. Нават можна спыніцца на нейкі час, пакуль не знойдзеш сабе кватэру, у беларусаў. У нас таксама знаёмыя жылі. Тут усе імкнуцца адзін аднаму дапамагчы. А таму цяпер, калі б ехала другі раз, ужо не страшна было б пераязджаць. Эмігрантаў беларускіх тут шмат, і яны дружныя паміж сабой.
Школы ў Беларусі і Польшчы вельмі розныя
А яшчэ спадарыня Вольга вельмі задаволеная школай, куды пайшоў навучацца яе сын. За гэта яна хвалявалася, напэўна, найболей, бо ім давялося пераязджаць у сярэдзіне навучальнага года.
— У першы дзень, калі сын пайшоў у школу, польскія маленькія першакласнікі ўзялі яго за ручкі і пыталіся: а як гэта будзе на тваёй мове? Як гэта будзе па-беларуску? Па-польску — гэта "цыбуля", а як будзе па-беларуску? Яны не імкнуліся яго адразу навучыць, а праз яго веды імкнуліся да яго дайсці. Настаўніца разумела, што замежніку значна складаней, што дзіця можа баяцца. І ён так расслабіўся, прыйшоў такі вясёлы са школы, расказваў, як у яго ўсе пыталіся — як гэта будзе па-беларуску. І ўжо тры гады ён навучаецца з тымі самымі аднакласнікамі, і яны дагэтуль цікавяцца, як гэта будзе па-беларуску. А вось нядаўна была класная вігілія, слухалі польскія калядкі, а потым папрасілі, каб сын уключыў ім беларускія, каб пачуць, як гэта гучыць. І гэта мне вельмі цікава.
А яшчэ спадарыні Вользе на ўсё жыццё запомніцца, як яны ў апошні дзень выходзілі з беларускай школы і першы дзень, калі яны пераступілі парог школы ў Польшчы.
— У апошні дзень, калі мы ўжо выходзілі са школы, я пачула, як прыбіральшчыца крычала ў прыбіральні на дзяцей: “Хто тут такі важны…”. І мне гэта так запомнілася, я думала: ну чаго ты так крычыш, ну разліў там нехта вады, але ж гэта дзеці. А на наступны дзень мы прыехалі і пайшлі ў польскую школу. Дырэктарка, убачыўшы наша хваляванне, супакоіла: усё будзе добра, маўляў, дзеці хутка навучацца польскай мове. Паклікала настаўніцу і сказала ёй, што вось гэта наш найважнейшы вучань на сёння. Там апошнія словы, якія мы пачулі: “Хто тут такі важны”, а тут першыя словы: “Гэта наш найважнейшы вучань на сёння”. Мяне гэта вельмі ўразіла.
Дамоў цягне, але жыць хачу тут
Мая суразмоўца распавядае, што імкнецца набліжацца да польскай культуры, з задавальненнем слухае польскія песні, ёй падабаецца іх сэнс і мова, як яна гучыць. З задавальненнем глядзіць разам з сынам польскія фільмы і мультфільмы і таксама задаволеная, што адкрыла для сябе такую багатую цікавую культуру. Але ў той самы час прызнаецца, што ў Беларусь яе таксама цягне.
— Вельмі цягне дамоў. Грыбы хачу пазбіраць. Я ў Польшчы яшчэ не знайшла ніводнай лісічкі. Там родныя, на дачу хачу, на могілкі хочацца наведацца. Цягне мяне туды, вельмі цягне. Дзіўна, што дагэтуль сняцца сны, што мяне там затрымліваюць і б’юць, хаця насамрэч там мяне ніхто не затрымліваў. Я ніяк не магу зразумець, адкуль гэты страх. Тады, у 2020 годзе, іх было вельмі шмат на вуліцах, і я вельмі спалохалася, і дагэтуль сняцца такія сны…
— Не шкадуеце, што лёс з вамі так абышоўся?
— Не, не шкадую. Часам захачу дадому аж сэрца зашчыміць, выйду на вуліцу і думаю: едзь дадому, калі так хочаш, але потым сюды не вяртайся. Не, лепш я тут буду, і я не шкадую, што сюды трапіла. І жыць я ўжо хачу тут. Я ўжо тут адчула смак свабоды, пералётаў, пераездаў, кайф гэтых бясконцых фестываляў у выходныя, што нават не ведаеш, куды лепш накіравацца, а яшчэ і бясплатна. Я бачу, як яны выхоўваюць дзяцей, рэальна бізнесменаў, сапраўдных лідараў і артыстаў. Таму я ўжо тут хачу жыць. Але і за грыбамі таксама хачу пайсці…
-Вось так і адбываецца інтэграцыя беларусаў у польскае грамадства. У кожнага па-свойму.
Павел ЗАЛЕСКІ