Беларуская Служба

Такі юбілей бывае раз у тысячу гадоў. Гэтая падзея адкрыла новую старонку ў польскай гісторыі

13.01.2025 13:21
У 2025 годзе палякі святкуюць тысячагоддзе каранацыі першых двух каралёў: Баляслава I Храбрага і Мешка II Ламберта.
Аўдыё
  • Такі юбілей бывае раз у тысячу гадоў. Гэтая падзея адкрыла новую старонку ў польскай гісторыі
   ,
Від на кафедральны храм, ГнезнаPhoto: Diego Delso, CC BY-SA 4.0 , via Wikimedia Commons

Такі юбілей бывае раз у тысячу гадоў. 2025 год — гэта тысячагоддзе каранацыі першых двух каралёў Польшчы. Яны адбыліся ў Гнезне, таму горад падрыхтаваў шмат мерапрыемстваў і цікавостак на ўвесь год, які толькі пачынаецца.

Гнезна - месца каранацыі першых пяці каралёў Польшчы. Тым не менш, у 2025 годзе палякі святкуюць тысячагоддзе каранацыі першых двух, а менавіта Баляслава I Храбрага і Мешка II Ламберта.

Гнезна, сэрца польскай дзяржаўнасці і сядзіба арцыбіскупства, было месцам, дзе павінна была адбыцца гэтая цырымонія. Ніякая іншая пляцоўка не магла лепш падысці для гэтага мерапрыемства.

Гісторыя польскай дзяржавы сягае далёка ў мінулае. Традыцыя сцвярджала, што каранацыя Баляслава Храбрага адбылася ў 1000 годзе падчас Гнезненскага з’езду, але сучасныя гісторыкі ўказваюць на 1025 год, калі 18 красавіка, у Велікодную нядзелю, Баляслаў Храбры быў каранаваны першым каралём Польшчы. Яго каранацыя была не толькі сімвалічным актам, але і замацавала незалежнасць краіны і падняла яе аўтарытэт у Еўропе.

Каранацыя Баляслава Храбрага адкрыла новую старонку ў польскай гісторыі і ўмацавала маладую дзяржаўнасць. Яго панаванне прынесла Польшчы новыя тэрыторыі і вызваленне ад нямецкага ўплыву. Аднак яго кароткае праўленне хутка скончылася, бо ён памёр менш чым праз два месяцы пасля каранацыі, 17 чэрвеня 1025 года.

Праз некалькі месяцаў пасля яго смерці, 25 снежня 1025 года, яго сын Мешка II быў каранаваны ў гнезненскай катэдры арцыбіскупам Іпалітам. Яго праўленне было бурным, адзначаным войнамі і цяжкасцямі, якія ў канчатковым выніку прывялі да яго ўцёкаў з краіны ў 1031 годзе.

Мэр Гнезна Міхал Павалоўскі адзначае, што, фактычна, гэта свята ўсіх палякаў, бо гэта была вяха з пункту гледжання тагачаснай палітычнай і рэлігійнай сітуацый на мапе Еўропы для тагачаснай дзяржавы Пястаў:

- І я лічу, што сёння мы, як палякі, павінны звярнуць на гэта асаблівую ўвагу і ганарыцца тым, што дзякуючы гэтай падзеі мы таксама сёння сярод значных краін Еўропы.

Першаму каралю прыйшлося доўга змагацца, каб нарэшце быць каранаваным еўрапейскім кіраўніком, і, на жаль, ён нядоўга цешыўся каронай, працягвае Міхал Павалоўскі:

- Такая палітычная сталасць і стратэгія дзеянняў Баляслава Храбрага прывялі да таго, што ён атрымаў перамогу над Атонам III у якасці тагачаснага германскага імператара, то бок таго, хто меў найбольшы ўплыў на магчымасць каранацыі, як і Папа рымскі. І дзякуючы гэтаму ён мог быць каранаваны. Але гэта было напрыканцы яго жыцця, бо першая каранацыя Баляслава Храбрага адбылася, як мяркуецца, 18 красавіка 1025 года. У снежні яго сын Мешка II Ламберт быў каранаваны другім каралём Польшчы.

Прынагодныя мерапрыемствы будуць праходзіць з пачатку студзеня да канца снежня. Створаны адмысловы сайт, на якім размешчана ўся неабходная інфармацыя: gniezdo2025.pl. Расказвае дырэктар Дэпартамента прамоцыі, культуры і турызму мэрыі ў Гнезна Артур Кшыштосяк:

- Вельмі насычаны каляндар, бо гэта найважнейшыя падзеі дзяржаўнага і касцельнага характару, але ёсць і культурныя, і музейныя, і проста турыстычныя мерапрыемствы для ўсіх: для сем'яў з дзецьмі, для тых, хто проста хоча больш даведацца пра гісторыю пачаткаў польскай дзяржавы. Гэта таксама адкрытасць на тэндэнцый, якія ў цяперашні час вельмі распаўсюджаныя і развіваюцца ў турызме, гэта значыць эмпірычны турызм, культурны турызм. Мы хочам, каб людзі ў Польшчы пазнаёміліся з гісторыяй пачаткаў польскай дзяржавы і ахвотна наведвалі Шлях Пястаў і Гнезна, як сэрца гэтага шляху, найстарэйшага турыстычнага і культурнага шляху ў Польшчы, які паказвае пачаткі нашай дзяржаўнасці. Тысячу гадоў таму не столькі каранавалі караля, колькі Польшча стала каралеўствам, дзяржавай, якая стала значнай у маштабе Еўропы.

Дапаўненнем стане значная колькасць вялікіх і малых мерапрыемстваў, падрыхтаваных партнёрамі ўсёй акцыі: музеямі, культурнымі цэнтрамі і аб'яднаннямі.

Да святкавання далучылася Польская турыстычная арганізацыя, гаворыць яе кіраўнік Рафал Шмытке:

- Нагода тысячагоддзя - ідэальная для польскага турызму, уласна для Польшчы. Ужо шмат гадоў мы назіраем рост тэндэнцыі падарожжаў не па пэўных месцах як элемента гісторыі ў строгім сэнсе, а жадання турыстаў удзельнічаць у буйных падзеях, рэальна ўдзельнічаць у гісторыі. А што можа быць лепшым момантам, чым круглае тысячагоддзе каранацыі першых польскіх каралёў. У сувязі з гэтым Польская турыстычная арганізацыя адразу ўзяла шэфства над гэтай падзеяй. Гэта серыя мерапрыемстваў, гэта не адна падзея, а разрозненая вялікая колькасць розных відаў дзейнасці на працягу цэлага года, які з'яўляецца тысячным годам каранацыі.

Гэта асаблівая падзея для нас, для нашага горада, для жыхароў Гнезна, дадае мэр гораду Міхал Павалоўскі:

- Гэта, з аднаго боку, гістарычная падзея, але і магчымасць выкарыстаць яе ў рэкламных мэтах, калі гаворка ідзе пра горад. Мы ўжо пачалі ў гнезненскай катэдры, адбыўся канцэрт, які распачаў святкаванне гэтага тысячагоддзя. Шмат чаго будзе адбывацца ў рамках Каралеўскага фестывалю мастацтваў, які заўсёды праходзіць падчас летніх канікул, сёлета ў асаблівай абстаноўцы. Цэнтральная падзея гэтага фестывалю - Свята славянскай культуры, на якое 19-20 ліпеня ў Гнезна з'едуцца сярэднявечныя рэканструктары з усёй краіны. На плошчы святога Войцэха, то бок ля падножжа Гнезненскай катэдры, можна будзе сустрэць воінаў, сустрэць лучнікаў, а таксама вядзьмарак, кухараў, якія гатуюць ежу эпохі на вогнішчах. Госці таксама змогуць паўдзельнічаць у практычных варштатах рукадзелля, прыняць удзел у майстэрнях. Можна ўзяць удзел у конкурсе «Залаты пас», які з'яўляецца спаборніцтвам па стральбе з лука. Так што ўсё гэта адбываецца ў цэнтры горада ля падножжа кафедральнага храма.

26 красавіка ў Гнезне адбудзецца сумеснае пасяджэнне Сейма і Сената. Падрабязную інфармацыю аб праграме святкавання тысячагоддзя Гнезна можна знайсці на gniezno2025.pl.

слухайце аўдыё

ав