Меркаванні наконт вынікаў выбараў падзяліліся. Многія перакананыя, што вынікі выбараў не залежаць ад выбаршчыкаў, іншыя мяркуюць, што большасць сапраўды галасуе за Аляксандра Лукашэнку, а частка проста не задумваецца пра гэта. Пра гэта гаворыцца ў новым даследаванні Chatham House «Успрыманне выбарчай кампаніі і сітуацыі ў Беларусі».
Chatham House выкарыстоўваў тры метады збору дадзеных, каб атрымаць максімальна надзейны вынік.
З 9 па 20 снежня 2024 года анлайн-апытанне прайшлі 833 рэспандэнты (статыстычная хібнасць выбаркі не перавышае 3,4%). З 4 па 11 студзеня 2024 года даследчыкі правялі 15 глыбінных інтэрв'ю з беларусамі розных узростаў і палітычных поглядаў. Сабраныя дадзеныя выкарыстоўвалі для інтэрпрэтацыі вынікаў колькаснага апытання. Каб праверыць дадзеныя анлайн-апытання, Chatham House апытаў 400 беларусаў па рэпрэзентатыўнай выпадковай выбарцы з 13 па 15 студзеня 2025 года. Хібнасць выбаркі не перавышае 4, 8%.
Варта разумець, што вынікі апытанняў грамадскай думкі ў Беларусі цяпер маюць тэндэнцыю да скажэнняў, гэта звязана з тым, што частка рэспандэнтаў асцерагаюцца выказваць крытычныя ў адносінах да ўлады пункты гледжання. Напрыклад, статыстычны аналіз паказвае, што гэты фактар можа зніжаць долю праўкраінскіх адказаў у пытаннях аб вайне на 9%.
Наколькі важныя выбары для жыхароў Беларусі?
Каб ацаніць як стаўленне да выбараў суадносіцца з палітычнымі поглядамі, аўтары даследавання падзялілі беларусаў на чатыры палітычныя сегменты. Яны адрозніваюцца паміж сабой па пяці прыкметах.
- Праўладныя (33%) — гэта сегмент беларусаў, якія ўхваляюць бягучую сітуацыю ў краіне.
- Нейтральныя (41%) у адрозненне ад астатніх сегментаў практычна не цікавяцца палітыкай.
- Эканамічна незадаволеныя (13%) — гэта тыя, хто не супраць аўтарытарнага праўлення, але не ўхваляюць сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў краіне.
- Прадэмакратычныя (14%) — гэта беларусы, незадаволеныя як сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй, так і аўтарытарызмам.
На пытанне пра найважнейшыя падзеі 2025 года 60% апытаных адказалі «выбары», 14 % назвалі паляпшэнне дабрабыту (павышэнне з/п і інш.), і 10% сказалі пра заканчэнне вайны, мір.
Што тычыцца намеру галасаваць, то лічбы станоўчых адказаў невысокія. У параўнанні з 2020 годам яны знізіліся амаль удвая. Аб тым, што дакладна будуць галасаваць, у2020-ым годзе заяўлялі 75% апытаных. У 2025-м жа аб рашэнні прыйсці на ўчастак заявілі толькі 36% апытаных.
Прадказальна, сярод настроеных праўладна людзей колькасць тых, хто хоча ісці на выбары, высокая - 61%. На другім месцы «нейтральныя» і «эканамічна незадаволеныя» – 27%. А вось з групы «прадэмакратычнага» сегмента пра намер галасаваць заявілі толькі 11%. Прадэмакратычна настроеныя грамадзяне свой выбар не ісці на выбары тлумачаць недаверам да выбарчага працэсу, у тым ліку перакананне ў прадвызначанасці вынікаў
і адсутнасці сэнсу галасавання.
Заснавальнік Цэнтра новых ідэй і дырэктар «Беларускай ініцыятывы» ў Chatham House Рыгор Астапеня звяртае ўвагу, што Лукашэнка змог «прадаць» частцы беларускага грамадства свой вобраз як чалавека, палітыка, які гарантуе мір, бяспеку. Пры гэтым трэба разумець, што не так шмат людзей задаволеныя тым, як развіваецца Беларусь. І адносна «адлігі» — людзі ў Беларусі хацелі б гэтага, то бок паляпшэння адносінаў з Захадам, вызвалення палітзняволеных. Але вельмі малы працэнт сапраўды верыць, што гэтыя змены адбудуцца пасля выбараў.
Таксама Рыгор Астапеня ўпэўнены, што праўладна настроеныя людзі не бачаць альтэрнатывы Лукашэнку:
«Калі вярнуцца да 2020-га года, то палова людзей, якія галасавалі за Лукашэнку, казалі, што робяць так, бо ім няма за каго іншага галасаваць. То бок гэта не значыць, што людзі зрабілі такі выбар, згодныя з уладаю па ўсіх пытаннях. Яны проста мяркуюць, што іншых варыянтаў няма. То бок для аўдыторыі Аляксандра Лукашэнкі Лукашэнка з усіх магчымых варыянтаў выглядае найбольш здавальняючым варыянтам. Ці значыць гэта, што такія выбарцы задаволеныя тым, як развіваецца эканоміка? Не значыць».
Чым беларусы не задаволеныя?
Што тычыцца стаўлення да сітуацыі ў краіне, то «праўладныя» маюць больш пазітыўныя ацэнкі, а «прадэмакратычныя» негатыўна ацэньваюць сітуацыю. Але нават «праўладныя» бачаць шмат праблем у краіне: сярод іх, як і сярод беларусаў у цэлым, пераважае сярэдняя задаволенасць сітуацыяй.
Цікава, што незадаволенасць як знешняй, так і ўнутранай палітыкай у рознай ступені выказалі больш за 70% рэспандэнтаў:
«Чаму Аляксандр Лукашэнка піша ў сваёй праграме пра паляпшэнне стасункаў з Захадам? Бо гэта тое, чаго чакаюць у грамадстве. Ці «гуманізацыя палітычнай сістэмы» — ці ён гэта разумее? Канешне так, бо бачыць, што людзі вакол гэта чакаюць. І гэта ўпісваецца ў нейкія праграмы, сыходзячы з таго, што хочуць людзі. Але ці будзе гэта выконвацца, напэўна, не абавязкова», — гаворыць заснавальнік Цэнтра новых ідэй і дырэктар «Беларускай ініцыятывы» ў Chatham House Рыгор Астапеня.
Чаканне «адлігі»
Прагучала пытанне і наконт патэнцыйнай «адлігі»: «Вы б падтрымалі ці не падтрымалі наступныя палітычныя працэсы, калі б яны адбываліся на працягу бліжэйшага года?»
Найбольш падтрымалі варыянт «Кіраўніцтва Беларусі ўдзельнічае ў перамовах аб ваеннай бяспецы рэгіёну пасля заканчэння расійска-ўкраінскай вайны» — 57 працэнтаў. Больш за палову ўдзельнікаў даследавання выступілі за наладжванне сувязі з Еўрасаюзам з абодвух бакоў.
51% падтрымалі б гарантыі бяспекі для тых, хто з'ехаў з палітычных матываў. А 44% выступае за тое, каб улады адпускалі асуджаных па «экстрэмісцкіх артыкулах» і 41% рэспандэнтаў выказаліся за памяншэнне рэпрэсій.
Але ў магчымасці гэтай самай адлігі беларусы вераць мала. Доля поўнасцю ўпэўненых у гэтым не перавышае 5 працэнтаў.
.
Цікава, што «прадэмакратычныя» беларусы лічаць, што паляпшэнне стасункаў з Захадам немагчымае з-за адсутнасці такіх намераў у Лукашэнкі. А таксама з-за нежадання заходніх краін узаемадзейнічаць з аўтарытарнай уладай і саюзнікамі Расіі. «Праўладныя» і частка «нейтральных» маюць думкі, што паляпшэнне адносінаў складанае з-за пазіцыі заходніх краін, нягледзячы на гатоўнасць Беларусі да супрацоўніцтва.
Як украінскі фактар паўплываў на геапалітычны выбар беларусаў?
Рыгор Астапеня звяртае ўвагу, што на вынікі сацыялагічных даследаванняў уплывае і вялікая міграцыя, бо частка насельніцтва выехала:
— Некалькі працэнтаў беларускага грамадства выехала з краіны, і калі паглядзець на апытанні ранейшых гадоў, то трэба разумець, што 5-7 працэнтаў беларускага грамадства з'ехала і мы не можам іх апытваць, а яны не могуць галасаваць. Глядзіце, што мы бачым наконт настрояў наконт еўрапейскай інтэграцыі. У папярэдніх даследаваннях было працэнтаў 15 людзей з выразнымі праеўрапейскімі настроямі. І заўсёды была дамінуючая група тых, хто хацеў добрых адносінаў і з усімі. І калі згадаць праграмы кандыдатаў на выбарах 2020-га года, яны таксама ішлі з аднолькавай геапалітычнай канцэпцыяй — мы хочам сябраваць з усімі. І беларусы зноў вернуцца да гэтай ідэі ў сваёй большасці.
— Вайна прывяла да таго, што зменшылася колькасць тых, хто хацеў бы сябраваць з тымі і другімі (з Захадам і Усходам, — рэд.), на некалькі працэнтаў павялічылася колькасць тых, хто падтрымлівае ўступленне ў Еўрапейскі саюз, а таксама тых хто падтрымлівае саюз з Расіяй. Фактычна гэта ўвесь уплыў сітуацыі з вайной.
Галоўнае, што Аляксандр Лукашэнка «змог перагарнуць старонку», змог стварыць сабе іншы вобраз, адрозны ад таго, які сфармаваўся ў 2020-ым, і гэта дзякуючы вайне, — мяркуе Рыгор Астапеня.
вх