Беларуская Служба

Пенсіянерка ў эміграцыі: «Не бойцеся, у нас усё атрымаецца і мы абавязкова вернемся дадому»

19.01.2025 07:12
У 2020 годзе людзі выйшлі на вуліцы супраць гвалту, хлусні, беззаконня. І я ганаруся беларусамі, якія заявілі, што яны народ, а не быдла, — заяўляе пенсіянерка ў эміграцыі спадарыня Кацярына.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com/Milosz_G

Я не ведаю такой хваробы, як дэпрэсія

У лютым споўніцца чатыры гады, як спадарыня Кацярына жыве ў эміграцыі. З’ехала, як і большасць беларусаў, калі пачаўся пераслед за ўдзел у паслявыбарчых акцыях. Зараз ёй 66 гадоў, яна пенсіянерка, але вымушана працаваць, паколькі не атрымлівае тут беларускай пенсіі.

На маё пытанне — якімі былі гэтыя чатыры гады, спадарыня, крыху задумаўшыся, кажа, што не ўсё было гладка і ружова, але, маўляў, здолела арганізаваць сваё жыццё так, каб не ставала часу сумаваць.

— Я прыехала ў Польшчу і праз два месяцы пачала працаваць. А праца дысцыплінуе і ратуе людзей ад дрэнных думак і ад дэпрэсій. Я не ведаю такой хваробы, як дэпрэсія. І калі казаць агульна, то чатыры гады мінулі для мяне без асаблівых цяжкасцяў. Я не рвала на сабе валасы і ні разу не праклінала свой лёс. На 95% усё было добра.

Працу знайшла, не ведаючы мовы

Працу знайшла праз інтэрнэт: патрабавалася няня для трох дзяўчынак. Спадарыня згадвае, што сын прасіў не хадзіць на такую працу, бо яна наогул не ведала польскай мовы.
— А я сказала, што трэба ўсё спрабаваць. Напякла цэлы кошык рознага печыва і паехала. Там было сем ахвотных жанчын, якія хацелі працаваць апякункай, але калі я прыйшла са сваім печывам, то дзяўчынкі, а іх было тры, акружылі мяне, а сярэдняя дзяўчынка села мне на калені і сказала, што я буду яе бабуляй. І так выбралі мяне.

Мне ў Польшчы ўвесь час шанцавала на добрых людзей

Праца з трыма малымі дзяўчынкамі была няпростай і, як згадвае суразмоўца, там даводзілася праводзіць па дзесяць, а часам і па дванаццаць гадзін, але, нават калі яна пераехала ў іншы горад, сувязі з сям’ёй падтрымлівае і надалей, дзяўчынкі яе памятаюць.

— Мне ў Польшчы ўвесь час шанцавала на добрых людзей. Было вельмі прыемна, калі ў трамваі нейкая пані альбо пан казалі мне добрыя словы. А калі нешта пытала, то яны, хоць ішлі ў адваротным кірунку, спачатку даводзілі мяне да месца, а потым вярталіся.

Я трапіла ў шпіталь у Кракаве і там таксама не адчула, што да мяне ставіліся як-небудзь па-іншаму, чым да палякаў. Усе лекі, абследаванні, стаўленне медперсаналу — усё рабілі якасна, добра. І я таксама не была там адзінокай: мяне наведвалі нашы беларусы. Я ўсім за гэта ўдзячная.

Прыйдзе той час…

У той самы час спадарыня Кацярына кажа, што і пра Радзіму сваю не забывае, думае і марыць аб тым, як вернецца дадому. Прызнаецца, што часам плача, але ніколі не паказвае сваіх слёз іншым.
— Я ведаю, як усім няпроста. І не трэба думаць, што я тут адна такая няшчасная, прыехала ў пенсійным веку. Я, наадварот, калі чую, як маладыя кажуць, што плакалі, сумавалі, імкнуся падтрымаць, кажу, што прыйдзе той час і мы вернемся. А зараз мы павінны рабіць тое, што ёсць сёння, і берагчы сябе і сваё здароўе. А мы вернемся, не трэба баяцца, мы абавязкова вернемся.

Не трэба баяцца новага

Жанчына распавядае, што ёй у жыцці неаднойчы даводзілася ўсё пачынаць спачатку, але дзякуючы свайму моцнаму характару ніколі не дазваляла сабе апускаць рукі ў любой сітуацыі. З свайго жыццёвага досведу яна ведае, што ў жыцці не трэба баяцца новага.

— Не трэба плакаць над тым попелам, што там застаўся — трэба жыць сёння. Мне цяжка было, калі прыехалі ў Кракаў, прыйшлі на здымную кватэру, а там нават кубка не было, каб папіць вады. Мы з сынам пайшлі ў магазін, і мне было нават цікава, што я купіла дзве лыжкі, дзве міскі, патэльню і так пачыналі новае жыццё. Не трэба баяцца. Бо калі мы будзем толькі сумаваць, плакаць і крычаць — ад гэтага нічога не зменіцца. Трэба проста сабраць свае нервы ў кулак, падняць галаву і казаць: “Дзякуй Богу, што я жыву”.

За тую маю зямлю беларускую з нашага роду загінулі 22 чалавекі

Спадарыня Кацярына распавядае, што пастаянна сочыць за навінамі ў Беларусі, бачыць, што там адбываецца. Актыўна піша ў сацсетках і кажа, што часам атрымлівае каментары кшталту: «Эмігранты парушылі спакойнае жыццё ў Беларусі, а таму, маўляў, заставайцеся там і сюды больш не прыязджайце».

— Я ў такім выпадку лічу, што ніхто не можа мне дыктаваць, дзе і як мне жыць. Там мая Радзіма, і за тую маю зямлю беларускую з нашага роду загінулі 22 чалавекі. І з нашай вёскі не ўсе вярнуліся з вайны, я бачыла, як раслі дзеці без бацькоў. Па-мойму, не варта крыўдзіцца на такія выказванні, бо там некаторыя людзі жывуць у такім кокане, што нічога не бачаць. А ім яшчэ там у тэлевізары распавядаюць, што тут нічога няма, што тут дрэнна, няма чаго есці. Няпраўда, тут усё ёсць. А вось, калі людзі ў Беларусі жывуць тым, што могуць заплаціць за кватэру, купіць сабе толькі хлеба і малака — на такіх людзей не варта крыўдаваць.

А я лічу сябе чалавекам вольным. Не ў тым сэнсе, што я буду рабіць абы што. Я нічога ні ў каго не ўкрала, не зрабіла ніякага злачынства. Мне ўсё роўна, якое будзе прозвішча ў нашага прэзідэнта, але ён павінен быць для свайго народа і зрабіць усе ўмовы, каб людзі не ўцякалі з краіны, а каб жылі ў нашай краіне. І каб у цяжкую хвіліну ўсе разам баранілі сваю краіну, а не ўцякалі ад яе, як гэта зараз хочацца аднаму чалавеку.

А яшчэ спадарыня Кацярына нагадвае, што ў 2020 годзе людзі выйшлі на вуліцы супраць гвалту, хлусні, беззаконня. І гонар у яе за беларусаў, якія заявілі, што яны народ, а не быдла.

Павел ЗАЛЕСКІ