Самае цяжкае – псіхалагічны стан
Віктар – былы палітвязень. Быў асуджаны на паўтара года калоніі за абразу Лукашэнкі. Пакаранне адбываў у калоніі №15 Магілёва. Вярнуўся адтуль, як і іншыя палітвязні, са страчаным здароўем і псіхалагічнымі траўмамі. Згадваючы пра той час, Віктар кажа, што цяпер і сам не ўяўляе, як апісаць яго. Відавочна, яму цяжка даюцца ўспаміны.
— Калі зыходзіць з майго асабістага досведу, то, па-першае, трэба трымацца. Таксама супакойвае, калі ты ведаеш, што на волі ў тваіх родных усё нармальна. Ратавала тое, што ўвесь мой тэрмін я адбываў сярод выдатных людзей, якія дапамагалі не толькі словамі, але і канкрэтнымі рэчамі. Самае цяжкае там — псіхалагічны стан, бо вельмі шмат думак, і, як правіла, яны недобрыя, бо ты не ведаеш, чым гэта ўсё скончыцца, што будзе далей і ці скончыцца гэта толькі адным пакараннем, ці будзе нейкі іншы тэрмін. Ты там разумееш, што ў далейшым нармальнага жыцця не будзе, і гэта засмучала.
Ты выжываеш дзякуючы таму, што атрымліваеш досвед іншых людзей
Ён яшчэ раз звяртае ўвагу на тое, што вельмі важна, з якімі людзьмі ты адбываеш пакаранне. А з Віктарам побач былі палітвязні, такія як ён сам, а таксама шмат асуджаных па эканамічных артыкулах.
— Парады, рэкамендацыі, нейкім чынам расслабляешся ў размовах, раскрываеш сябе. Цябе могуць навучыць нечаму новаму з розных прафесій, аказаць маральную падтрымку. Ды і само жыццё, калі не здавацца, як бы ні было цяжка і як бы адміністрацыя табе ні забараняла нешта рабіць, ты ўсё роўна нейкім чынам можаш развіваць сябе: чытаць кнігі, займацца фізічнымі практыкаваннямі. І ты выжываеш дзякуючы таму, што атрымліваеш досвед ад тых людзей, якія побач з табой і якія знаходзяцца ў гэтых умовах даўжэй за цябе. Толькі вось такая падтрымка і вера ў тое, што ўсё гэта скончыцца, а таксама твая сям’я…
Самым цяжкім быў першы этап
Суразмоўца, трохі задумаўшыся, кажа, што, як бы дзіўна ні выглядала, але самыя страшныя хвіліны былі, калі яго арыштоўвалі, калі грукалі раніцай у дзверы, абудзіўшы сям’ю, калі пад дулам аўтамата на вачах у перапалоханага дзіцяці і жонкі клалі тварам на падлогу і прыніжалі.
— Так, у маім выпадку самым складаным напэўна быў першы этап, калі затрымлівалі і адбываўся следчы працэс і «работа» нашай «доблеснай» міліцыі. На жаль, іх метады не абмяжоўваліся толькі збіццём ці катаваннямі, але і маральнымі катаваннямі: калі цябе трымаюць у няведанні, пагражаюць родным або абяцаюць працягнуць тэрмін пакарання. Іх мэтай было трымаць цябе ў стане прыніжэння. Але ўсё роўна людзі там трымаюцца. Я нават цяпер не магу ўзгадаць, якім быў самы цяжкі дзень для мяне, але ўспамінаюцца прыемныя моманты: калі разам з іншымі асуджанымі наладжвалі свой быт, камунікавалі не толькі з палітычнымі, але і з крымінальнікамі, забойцамі, наркаманамі. Аказалася, што і сярод іх былі нармальныя людзі.
Адміністрацыя робіць усё, каб крымінальнікі ставіліся да палітычных варожа
Што датычыцца стаўлення да палітычных у калоніі з боку адміністрацыі і крымінальнікаў, то, паводле суразмоўцы, многае залежала ад дзеянняў самой адміністрацыі і ў многім такое стаўленне было індывідуальным.
— Усё зыходзіць ад адміністрацыі, і яны, натуральна, робяць усё, каб крымінальнікі ставіліся да палітычных варожа, маўляў, у вас з-за іх пагоршыўся рэжым. Першыя палітычныя адчулі гэта стаўленне на сабе адразу, але калі палітычных стала болей, нешта змянілася. Ці яны асвяцілі крымінальнікаў, ці нешта іншае, але крымінальнікі пачалі самі больш разумець, што адбываецца насамрэч. Бо бачылі, якіх людзей асудзілі, што гэта пераважна адукаваныя людзі. І неяк стала лягчэй камунікаваць, але зноў-такі даволі індывідуальна.
Што датычыцца адміністрацыі, то, паводле суразмоўцы, яна свайго стаўлення да палітычных не змяняла.
— Напрыклад, калі я прыехаў у калонію, мяне адразу змясцілі ў ШЫЗА па надуманых прычынах — толькі таму, што я палітычны і «абразіў Лукашэнку». Вось за гэта мяне адміністрацыя вырашыла адразу пакараць.
Яны здолелі трымаць людзей у страху
Цікаўлюся ў Віктара, якія думкі яго там наведвалі, калі ён бачыў беззаконне з боку адміністрацыі калоніі?
— Мне нават цяжка сказаць пра нешта канкрэтнае, але думкі былі розныя: і расчараванне, і надзея, што хутка ўсё зменіцца. Але першае, што прыходзіла ў галаву — ім удалося ўтрымацца ва ўладзе і падавіць пратэсты. Яны здолелі трымаць людзей у страху. Гэта, напэўна, адзіная думка, якая была. Людзі, якія прайшлі ўсё гэта, могуць застацца моцнымі духам, але веры ў справядлівасць няма. Я там ні аб чым не шкадаваў: што адбылося, тое ўжо адбылося. Я прайшоў гэты шлях, хоць, можа, і не вельмі варта, але ўсё ж спакойна.
Ніхто не ведаў, чым усё скончыцца
— Віктар, вам было страшна, калі вы патрапілі туды?
— Страшна было пастаянна. І самы вялікі страх — гэта невядомасць. Бо невядома было, чым гэта ўсё можа скончыцца, што можа здарыцца са здароўем, бо там яно вельмі хутка траціцца. Не ўсе людзі моцныя, і кожны па-рознаму гэта перажывае. Для мяне гэты страх невядомасці быў самым страшным, бо пастаянна думаеш, каб табе нешта новае не «накруцілі». Бачыш, што адбываецца навокал, і ўвесь час думаеш, што тэрмін могуць працягнуць з любой нагоды. І вось гэты страх трымаў мяне да самага вызвалення і пасля, бо не быў упэўнены, што на волі мяне ізноў не схопяць і не вернуць за краты. І гэта па факце хвалявала ўсіх, бо ніхто не ведаў, чым гэта ўсё скончыцца.
Тое мінулае цяпер у многім дапамагае
— А што новага вы адкрылі для сябе ў людзях, знаходзячыся за кратамі?
— Многія людзі там былі адукаваныя, разумныя, і варта было прыслухоўвацца да іх рэкамендацый. Я гэтым карыстаўся. Чытаў кнігі па эканоміцы, пра тое, як працуе розум чалавека, як захоўваць свой псіхічны стан і г.д. І гэта сапраўды былі карысныя для мяне рэчы, якія спатрэбіліся і там, і нават цяпер, бо я ізноў жыву з пачуццём страху і не ведаю, што будзе заўтра. Я ў новай краіне, у мяне новае жыццё, а мне трэба думаць пра сям’ю, дзяцей. Тое, што са мной адбылося, праз што я прайшоў, магчыма, цяпер і дапамагае мне, бо што можа быць горш, калі ў цябе ўсё адабралі? А цяпер самае каштоўнае, што ў мяне ёсць — гэта мая сям’я. І вось тое мінулае дапамагае, бо я навучыўся трымаць сябе ў прыстойным маральным стане.
Нікому верыць нельга…
— А што страшнага вы адкрылі там у людзях?
— Нікому верыць нельга. Менавіта там. Не ведаю, як у жыцці, але мне здаецца, што ў чалавека там нейкім чынам раскрываюцца не ўсе яго лепшыя якасці. Я кажу наогул пра ўсіх зняволеных. Многія крымінальнікі, напэўна, самыя страшныя, бо ад іх ніколі не ведаеш, чаго чакаць. Шмат правакацый з іх боку, бо многія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Я пераканаўся, што многія людзі там паводзяць сябе не па-людску. Многім я ніколі не стаў бы давяраць або мець з імі справы на волі, бо яны сябе не бачаць нікім у жыцці і так жа глядзяць на іншых. Я імкнуўся паменш кантактаваць, трымаўся больш адзін, каб хоць нейкім чынам больш-менш спакойна адбыць свой тэрмін.
Літаральна праз месяц пасля вызвалення Віктар разам з сям’ёй выехаў у эміграцыю. Паводле яго, зрабіў гэта дзеля сваіх дзяцей і каб усё ж быць на волі. Эміграцыя даецца непроста, як сам кажа, але тут ён на волі і можна будаваць новае жыццё.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл