Беларуская Служба

Споўнілася 80 год са дня злачынства ўкраінскіх нацыяналістаў супраць палякаў у Пузьніках

12.02.2025 16:30
Пузьнікі — - гэта назва неіснуючай цяпер вёскі ва Украіне, якую разам з жыхарамі знішчыў атрад УПА ў лютым 1945 года.
Аўдыё
  • Гадавіна трагедыі польскай вёскі Пузьнікі падчас ІІ Сусветнай вайны
Спіс загінулых палякаў на могілках у вёсцы Малая БярэзовіцаAlina i Ireneusz Skrzypczakowie/Wikipedia Commons/CC BY 3.0

Тады загінула магчыма нават 120 чалавек, у асноўным жанчыны і дзеці. Сёння ў Польшчы ўшаноўваюць памяць ахвяр у 80 гадавіну злачынства.

 У ноч з 12 на 13 лютага 1945 г. аддзелы Украінскай Паўстанцкай Арміі абарвалі жыццё, паводле розных звестак, ад 50 да 120 палякаў у Пузьніках. Большасць ахвяр - дзеці, жанчыны і пажылыя мужчыны. Таксама ўкраінцы спалілі каля двухсот будынкаў.

Выканаўцам злачынства быў атрад УПА пад камандаваннем Пятра Чамчука на мянушку «Быстры». Напад адрозніваўся асаблівай жорсткасцю, зламыснікі забівалі безабаронных жыхароў з агнястрэльнай зброі, сякерамі, штыкамі ды нажамі.

Забойства ў Пузьніках, а таксама ранейшыя — у Барышы (5 лютага) і ў Залессі Карапецкім (7 лютага) — былі часткай т.зв. «Валынскай разні». Так у Польшчы называюць антыпольскую акцыю ўкраінскіх нацыяналістаў, якія забілі каля 120 000 палякаў падчас Другой сусветнай вайны на Валыні, ва Усходняй Малапольшчы і на Любліншчыне.

Гісторык, прафесар Тадэвуш Вольша казаў, што ўкраінскія нацыяналісты забівалі палякаў з надзвычайнай жорсткасцю з мэтай  ачысціць памежныя рэгіёны ІІ Рэчы Паспалітай — сучаснай Заходняй Украіны — ад людзей іншай нацыянальнасці, апроч украінскай.

- Дзеянні ўкраінскіх нацыяналістаў павінны была выклікаць масавую эміграцыю палякаў з тэрыторыі, дзе ўкраінцы хацелі стварыць сваю дзяржаву пры дапамозе немцаў. Чысткі, якія ладзілі ўкраінцы былі настолькі жорсткія, што шакавалі мясцовую грамаду. Гэта быў адмысловы крок, каб выклікаць сярод палякаў яшчэ больш страх.

Ацалелыя жыхары вёскі Пузьнікі пакінулі вёску, каб выратаваць сваё жыццё. Летам 1945 года двума транспартамі выехалі на Захад. Яны пасяліліся ў Немысловіцах на Апольшчыне і ў Ратавіцах каля Ўроцлава.

Прафесар Тадэвуш Вольша нагадаў, што, здзяйсняючы злачынствы, украінскія нацыяналісты таксама знішчалі матэрыяльныя сляды прысутнасці палякаў:

- Агулам пад чыстку трапіла каля 3 тысяч розных паселішчаў. Гэта былі вёскі, фальваркі ды хутары. Больш за 1500 мясцовасцяў спыніла сваё існаванне . Таксама былі разбураны некалькі дзясяткаў касцёлаў. Рэпрэсіі супраць насельніцтва суправаджаліся знішчэннем матэрыяльнай спадчыны польскай супольнасці.

У былой польскай вёсцы Пузьнікі перад вайной пражывала каля васьмісот жыхароў. У 1949 г. савецкія ўлады ліквідавалі паселішча.

У 2023 годзе навукоўцы з Паморскага медычнага ўніверсітэта ў Шчэціне і валанцёры з Фонду «Свабода і дэмакратыя» знайшлі ў Пузьніках масавую магілу, у якой могуць знаходзіцца некалькі дзясяткаў чалавек, забітых украінскімі нацыяналістамі. 10 студзеня бягучага году прэм’ер-міністр Дональд Туск абвясціў, што было прынятае рашэнне правесці першую эксгумацыю польскіх ахвяр УПА ў Пузьніках.

Прафесар Анджэй Асоўскі з Паморскага мэдычнага ўнівэрсытэту сказаў Польскаму радыё (16 студзеня), што эксгумацыя будзе асабліва складанай

- Там страілі жыццё цэлыя сем’і. Мы ў большасці выпадкаў не можам знайсці дзеці ахвяр, бо яны загінулі разам з бацькамі. Таму будзем карыстацца самымі сучаснымі методыкамі, якія з’явіліся, але раней не выкарыстоўваліся, у тым ліку генетычнай генеалогіяй. Ідзецца пра вылучэнне цэлага геному. Мы першыя ў свеце пачалі выкарыстоўваць гэтую методыку пра ідэнтыфікацыі ахвяр злачынстваў таталітарных рэжымаў.

Увесну каманда польскіх навукоўцаў у суправаджэнні ўкраінскіх спецыялістаў правядзе эксгумацыю ў Пузьніках, выкарыстоўваючы для ідэнтыфікацыі метады генетычнай генеалогіі. Навукоўцы жадаюць правесці як мага больш даследаванняў, яны плануюць адсканаваць астанкі, сабраць матэрыял для генетычнага даследавання, прывезці яго ў лабараторыю Польскай генетычнай базы ахвяр таталітарызмаў у Шчэціне. Эксгумаваныя парэшткі будуць перапахаваныя, і ў выпадку ідэнтыфікацыі сем'і змогуць вывезці іх у Польшчу.

Ва Украіне «Валынскую разню», называюць «Валынскай трагедыяй» і апісваюць гэтыя падзеі, як узаемныя этнічныя чысткі сканфліктаванага польскага ды ўкраінскага насельніцтва. У якасці аргументаў украінскія гісторыкі зазначаюць, што чысткі праводзілі, як украінскія фарміраванні (Украінская Паўстанцкая Армія, падпарадкаваная АУН), так і польскія (Армія Краёвая, Сялянскія батальёны, атрады падпарадкаванай немцам польскай паліцыі). Апроч таго ў чыстках бралі савецкія партызаны, стыхійныя напаўкрымінальныя фармаванні ды ўкраінскае і польскае мірнае насельніцтва.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч