Беларуская Служба

Упершыню ў Польшчы больш людзей мяняе працу не дзеля большай зарплаты, а па іншай прычыне

12.02.2025 19:00
59% апытаных заявілі, што лёгка знойдуць працу, прынамсі такую ж добрую або лепшую, чым цяперашняя.
.
Ілюстрацыя. DC Studio/Shutterstock

Упершыню ў гісторыі асноўнай прычынай змены працы з'яўляецца ўжо не памер заробку, а «незадаволенасць папярэднім працадаўцам». Гэта вынікае з новага даследавання кампаніі Randstad, аб чым паведамляе партал Forsal.

У чацвёртым квартале мінулага года на пошук новай працы спатрэбілася ў сярэднім 3,2 месяца - на 0,2 месяца больш у параўнанні з трэцім кварталам. Randstad таксама даследаваў узровень задаволенасці працай сярод супрацоўнікаў. Пераважная большасць працаўнікоў задаволеныя месцам працы — 54%. Часцей за ўсё прычынай жадання змяніць працадаўцу стала «незадаволенасць папярэднім працадаўцам». Дагэтуль дамінуючай прычынай звальнення з'яўлялася аплата працы, а «незадаволенасць працадаўцам» упершыню ўзначаліла спіс.

Прэс-сакратар кампаніі Randstad Матэўш Жыдэк (Mateusz Żydek) падкрэсліў, што значэнне набылі псіхалагічныя фактары і ўсё «асяроддзе» на працоўным месцы. «Незадаволенасць папярэднім працадаўцам вельмі часта звязана між іншым з таксічным працоўным месцам, умовамі або атмасферай», — адзначыў ён.

«Хоць працаўнікі па-ранейшаму добра ацэньваюць шанцы працаўладкавацца ў Польшчы, ім усё ж цяжэй знайсці працу, якая адпавядае іх чаканню і патрэбам», — падкрэсліваюць аўтары справаздачы. Пры гэтым, 59% апытаных заявілі, што лёгка знойдуць працу, прынамсі такую ж добрую або лепшую, чым цяперашняя.

Пыталі таксама і пра павышэнне зарплаты. Апытанне паказвае, што работнікі часцей за ўсё вырашаюць не прасіць павышэння таму, што «гэта не будзе добра ўспрынята працадаўцам» (24% галасоў). Не менш распаўсюджанай прычынай з'яўляецца тое, што супрацоўнікі не любяць размоў пра павышэнне зарплаты і стараюцца іх пазбягаць (23% галасоў).

Супрацоўнікі часцей за ўсё просяць павысіць зарплату па дзвюх прычынах - з-за высокай якасці сваёй працы і з-за інфляцыі і росту коштаў на прадукты харчавання і паслугі.

нг