Пасля пастановы Канстытуцыйнага суда, якая абмяжоўвае права на аборт, польскія жанчыны плацяць па некалькі тысяч злотых за аналізы крыві на выяўленне магчымых генетычных дэфектаў плода. Генетычныя тэсты маюць станоўчае заключэнне спецыялістаў, а Міністэрства аховы здароўя аналізуе, ці кампенсаваць іх кошт пацыенткам, паведамляе Gazeta Wyborcza.
У артыкуле адзначаецца, што рашэнне Канстытуцыйнага суда з 2020 года аб забароне на штучнае перапыненне цяжарнасці ў выпадку пашкоджанняў або дэфектаў плода прымусіла польскіх жанчын як мага раней праверыць, ці народзяць яны здаровае дзіця.
«Драматычныя выпадкі смерці дзвюх цяжарных жанчын — 30-гадовай Ізабэлы з Пшчыны і 33-гадовай Дароты з Новага Таргу — хоць і не мелі непасрэднага дачынення да рашэння Канстытуцыйнага суда, то несумненна яшчэ больш падарвалі давер да службы аховы здароўя і выклікалі «эфект замарожвання» сярод лекараў, якія зацягвалі рашэнне аб перапыненні цяжарнасці», — чытаем у выданні.
Каб ажыццявіць лозунг, з якім тады выступалі жаночыя асяроддзі: «Ніводнай больш!», цяжарныя ўзялі справы ў свае рукі. Такім чынам пачаўся бум платных неінвазіўных прэнатальных тэстаў NIPT (анг. non-invasive prenatal test). На падставе пробаў крыві жанчыны, ужо ў 10-м тыдні цяжарнасці, можна даследаваць ДНК плоду на наяўнасць магчымых прыроджаных дэфектаў.
Паводле газеты, «Польшча стала адным з найбуйнейшых камерцыйных рынкаў такіх тэстаў у Еўропе. Іх колькасць дасягае, як мінімум, 45 тысяч і працягвае расці, нягледзячы на змяншэнне колькасці цяжарнасцяў».
Цэны тэстаў пачынаюцца ад 1,5 тысячы злотых і дасягаюць некалькіх тысяч злотых, у залежнасці ад вытворцы і варыянту дыягностыкі.
У лютым мінулага года Польскае таварыства гінекалогіі і акушэрства звярнулася да Міністэрства аховы здароўя з заключэннем аб апраўданасці пашырэння праграмы прэнатальнага абследавання на бясплатнае даследаванне ДНК плоду.
У адказ ведамства, даручыла Агенцтву па ацэнцы і тарыфікацыі тэхналогій аховы здароўя падрыхтаваць рэкамендацыю аб тым, ці мае сэнс кампенсацыя кошту такіх тэстаў. У кастрычніку мінулага года агенцтва вырашыла, што аналізы павінны быць кампенсаваныя з Нацыянальнага фонду здароўя.
Як адзначае Gazeta Wyborcza, цяпер Міністэрства аховы здароўя аналізуе, прадстаўленыя агенцтвам матэрыялы.
аз