Беларуская Служба

Трэцяя гадавіна расійскай агрэсіі вачыма вайскоўца і валанцёра

24.02.2025 18:23
Сёння спаўняецца тры гады, як Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. ЗША актывізуе размовы аб спыненні вайны. Ва Украіне гучаць галасы ў падтрымку перамір'я, але не коштам капітуляцыі краіны.
Аўдыё
  • Трэцяя гадавіна расійскай агрэсіі на Украіну
     ,             ,
Людзі прайшлі маршам па цэнтры сталіцы, каб падтрымаць Украіну і адзначыць трэцюю гадавіну расійскага ўварвання ва Украіну ў Бухарэсце, РумыніяEPA/ROBERT GHEMENT Dostawca: PAP/EPA.

За апошнія тры гады мільёны ўкраінцаў страцілі дамы і былі вымушаныя шукаць прытулак за мяжой. Тысячы салдат і мірных жыхароў загінулі або атрымалі раненні. 24 лютага 2022 года расійскія войскі наступалі з усіх бакоў, у тым ліку і з Беларусі. 

За 3 гады вайны расіяне кожны дзень здзяйснялі ваенныя злачынствы супраць мірнага насельніцтва і знішчаюць украінскую інфраструктуру. Расійская армія стала сінонімам разбурэнняў ва Украіне, кажа харкаўскі валанцёр Віктар Емельяненка, які займаецца эвакуацыяй людзей з прыфрантавых паселішчаў.

- Калі рускія ідуць ад вёсак і гарадоў застаюцца адныя руіны. Гэта таксама як з Варшавай падчас ІІ Сусветнай вайны, якая была знішчаная на 90%. У нас ёсць такія гарады, як Купянск ці Ваўчанск, ад якіх нічога не засталося – суцэльныя руіны.

Нягледзячы на ўсю жорсткасць і колькасную перавагу з расійскага боку Украіна бароніцца, і будзе далей змагацца зазначае беларускі добраахвотнік з Палка Каліноўскага Альгерд.

- Мы змагаемся і будзе працягваць змагацца, але патрэбна падтрымка ад заходніх саюзнікаў.

Тры гады таму Пуцін быў упэўнены, што захоп Украіны будзе справай некалькіх дзён, крамлёўскія ўлады далі сабе тры дні на захоп Кіева і яшчэ 10 на разгром усёй Украіны, казаў кіраўнік украінскай выведкі Кірыл Буданаў. Гэтага не адбылося, бо расійскае камандаванне зрабіла шмат памылак, зазначае Альгерд.

- На першым этапе агрэсіі Расія зрабіла шмат памылак на полі бою. Таму «Кіеў за тры дні» ім не ўдаўся.

Вайна зацягнулася і цяпер ва Украіне назіраецца стомленасць, зазначае валанцёр Віктар.

- Сярод цывільных людзей растуць песімістычныя настроі. Асабліва вялікай праблемай стала размяшчэнне людзей, якія ўцякаюць ад вайны. Напрыклад, у Харкаве занятыя перасяленцамі ўсе інтэрнаты, людзі жывуць у складаных умовах. Ваенныя ж змагаюцца з 2014 года, апошнія тры гады – вельмі інтэнсіўна. Людзі гадамі не бачаць блізкіх. Вельмі шмат ваенных хворыя, напрыклад, праблемы са спінамі з-за працяглага нашэння бронекамізэлек, да таго ж мноства параненых. Амаль няма такіх, хто не мае ран за столькі часу вайны.

Больш за тое, Масква імкнецца распальваць панічныя настроі ва ўкраінскім грамадстве, кажа добраахвотнік Альгерд.

- Расіі не выгадна, каб ва Украіне была вялікая колькасць патрыётаў, вялікая колькасць мабілізаваных людзей, якія самі ідуць у армію, каб змагацца за сваю дзяржаву. Расія рабіла шмат інфармацыйных дыверсій, каб запаволіць тэмпы мабілізацыі, распаўсюдзіць панікёрскія настроі. Некаторыя поспехі ў іх былі, але ў нас такіх настрояў няма.

У апошнія тыдні актуальным стала пытанне спынення баявых дзеянняў у звязку з мірнымі ініцыятывамі Трампа. Аднак ва Украіне не хочуць міру любым коштам, перакананы харкаўскі валанцёр Віктар.

- Пасля прыхода Трампа быў разлік, што вайны скончыцца. Аднак мы бачым, як яны ставяцца, называюць вайну канфліктам. Амерыканцы цяпер кажуць, што канфлікт трэба спыніць, яны не кажуць, хто яго пачаў. Вельмі крыўдна.

У сваю чаргу вайскоўцы кажуць, што Украіне перамір’е цяпер не вельмі выгаднае. Гаворыць беларускі добраахвотнік Альгерд.

- Перамір’е нам не выгаднае, яно патрэбна больш самой Расіі, у іх малеюць людскія і тэхнічныя рэсурсы. Яны хочуць замірэнне, каб набраць новыя сілы, перафарматаваць іх, і наступаць з новымі сіламі на іншых накірунках.

Тым больш, што ўкраінцы перакананыя, што Пуцін не супакоіцца. Гаворыць Віктар.

- Пройдзе літаральна 5-7 гадоў і зноў будзе вайна. Расія пераставіла эканоміку на ваенныя рэйкі, назапашвае ўзбраенне. Пуцін не спыніцца, для яго гэта будзе часовы перапынак, асабліва, калі з яго знімуць санкцыі.

Сярод украінскіх вайскоўцаў настроі баявыя, ёсць вера, што можна перамагчы Расію, дадае Альгерд.

- У нас баявы настрой, перамагчы Расію магчыма, але адна Украіна не справіцца. Патрэбныя таксама супольныя высілкі Еўропы і ЗША.

Украінцы цяпер разлічваюць на больш падтрымку ды актывізацыю Еўропы. Нават без Амерыкі Еўропа пераважае Расію, зазначае Віктар.

- 500 мільёнаў еўрапейцаў чакаюць, каб іх уратавалі 340 мільёнаў амерыканцаў ад 140 мільёнаў оркаў, якіх 3 год стрымліваюць ды ліквідуюць 30 мільёнаў украінцаў.

У трэцюю гадавіну пачатку расійскай агрэсіі прэм'ер Вялікабрытаніі Кір Стармер заявіў аб выдзяленні 5,6 мільярдаў фунтаў на ваенную дапамогу Украіне. Кіраўнік брытанскага МЗС Дэвід Лэмі дадаў, што пры неабходнасці краіна гатова накіраваць ва Украіну сваіх ваенных у складзе міратворчых сіл. Падобную пазіцыю займае Францыя. Украіна не застаецца сам на сам з агрэсарам.

Юры Ліхтаровіч