У польскіх дамах знаходзіцца ўжо амаль мільён зарэгістраваных адзінак зброі. Паводле экспертаў, гэта мода, якой нельга паясніць выключна расійскай вайной супраць Украіны, канстатуе Rzeczpospolita.
Паводле дадзеных Галоўнай камендатуры паліцыі, у 2024 годзе паліцыя ў Польшчы выдала 45 800 дазволаў на захоўванне і выкарыстоўванне зброі - гэта рэкорд. Ніколі раней, пасля падзення ПНР, палякі не набывалі столькі зброі, як цяпер. Такія высновы зроблены на падставе аналізу дадзеных, якія штогод публікуе паліцыя ў Польшчы.
На працягу многіх гадоў паліцыя выдавала па некалькі тысяч дазволаў на захоўванне зброі ў год. Раптоўны рост быў зафіксаваны ў 2022 годзе - 37 400 дазволаў. У 2023 годзе быў пабіты яшчэ адзін рэкорд - 40 900 дазволаў, але цяпер ён ужо таксама неактуальны.
Разам з імклівым павелічэннем колькасці выдадзеных дазволаў, як правіла павялічваецца і колькасць зброі, якую ў сваіх дамах захоўваюць палякі. Паводле звестак на канец 2024 года, гаворка ідзе пра амаль мільён адзінак (930,1 тысячы). Годам раней іх было 843 800, а ў 2017 годзе - 463 800. Такім чынам, з 2017 года колькасць зброі падвоілася.
Напэўна да росту папулярнасці дазволаў на захоўванне зброі прычынілася поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны. Аднак былы антытэрарыст Ежы Дзявульскі лічыць, што гаворка ідзе не толькі пра вайну на ўсходзе Еўропы. На яго думку, зброя проста ўвайшла ў моду, рэалізацыя якой стала магчымай дзякуючы лібералізацыі заканадаўства.
У асноўным гэта тычыцца папраўкі ў Закон аб зброі і боепрыпасах з 2011 года, якая скараціла паўнамоцтвы паліцыі пры выдачы дазволаў.
аз