Жоўтыя шыльдачкі на помніках
Аляксей Трубкін родам з Беларусі. Ён гісторык, краязнаўца, працуе ў Беларускім цэнтры культуры ў Беластоку. У Польшчу прыехаў на вучобу амаль дваццаць гадоў таму і застаўся тут. З таго часу займаецца пошукам пахаванняў беларускіх дзеячоў у Беластоку, а таксама зборам інфармацыі, датычнай да знойдзеных магіл.
У 2019 годзе, як згадвае суразмоўца, на Беластоцкіх могілках на некаторых помніках беларускіх дзеячоў ён пабачыў жоўтыя шыльдачкі з інфармацыяй для родных з просьбай звярнуцца ў парафію і аплаціць запазычанасць за ўтрыманне магілаў. Паводле Аляксея, гэта былі пахаванні як вядомых беларускіх дзеячаў, так і менш вядомых асобаў.
Аляксей Трубкін
Ён удакладняе, што гэтыя магілы знаходзяцца на праваслаўных могілках Усіх Святых у Беластоку, найстарэйшых праваслаўных могілках у горадзе. Там пахаваны многія беларускія дзеячы. Калі магілы даглядаюць родныя альбо нехта іншы і плацяць за арэнду, праблемы няма. Аднак праблема ўзнікае з магіламі заслужаных беларусаў, якімі ніхто не апякуецца і за ўтрыманне якіх гадамі не плацяць.
Яны зрабілі свой унёсак у развіццё беларускасці
Аляксей паказвае здымкі магілы Міколы Чарнецкага, помнік якому яшчэ ў 1999 годзе быў усталяваны Гістарычным таварыствам. Ён добра вядомы на Беласточчыне як беларускі настаўнік і грамадска-культурны актывіст.
Кастусь Кіслы – дзеяч культуры, які зрабіў значны ўнёсак у развіццё беларускай культуры на Беласточчыне, а таксама для праваслаўнай царквы і яе беларусізацыі як у Беластоку, так і на эміграцыі. Падчас нямецкай акупацыі быў чальцом Беларускага камітэта. Баючыся наступстваў пасля прыходу савецкай улады, вымушаны быў з’ехаць. У эміграцыі працягваў культурную дзейнасць у Бельгіі і Злучаных Штатах.
А вось здымак з двума пахаваннямі Сяргея і Лявона Богушаў, якія, паводле майго суразмоўцы, на жаль, малавядомыя сучасным гісторыкам. Інфармацыі аб іх Аляксею ўдалося адшукаць зусім няшмат.
Абодва браты ў міжваенны час былі актыўнымі ўдзельнікамі беларускай грамадска-культурніцкай дзейнасці: пра Сяргея амаль нічога не вядома, а Лявон быў адным з заснавальнікаў драматычна-тэатральнага руху. Ён стварыў тэатральна-драматычны гурток пры Таварыстве беларускай школы, які дзейнічаў пры Акружной управе. Пасля закрыцця ТБШ спрабаваў стварыць беларускую арганізацыю “Беларускі кааператыў”, аднак гэты праект праіснаваў нядоўга.
– Пакуль такіх магіл без апекуноў я выявіў чатыры: Міколы Чарнецкага, Кастуся Кіслага і братоў Богушаў. У астатніх выпадках ёсць каму даглядаць магілы і аплочваць арэнду за месца. Але гэта толькі тыя пахаванні, пра якія мы ведаем. Цалкам верагодна, што існуюць і іншыя, пра якія мы пакуль не маем інфармацыі.
Месца пахавання Кастуся Кіслага
Калі не зробім мы, то не зробіць ніхто
На гэтыя чатыры магілы Аляксею ўдалося сабраць сродкі, і дзякуючы таму, што парафія спісала ранейшую запазычанасць, можна аплаціць арэнду на наступныя дваццаць гадоў. Такім чынам гарантуецца, што пахаванні беларускіх дзеячаў захаваюцца.
Аляксей згадвае, што грошы на ўтрыманне магілаў беларускіх дзеячоў – каля 10 тысяч злотых – сабралі на працягу некалькіх тыдняў. За гэтыя ж сродкі плануецца аднавіць надмагілле Сяргея Богуша, якое знаходзіцца ў нездавальняючым стане. Аднак спачатку ён быў скептычна настроены наконт магчымасці так хутка сабраць неабходныя грошы.
– Я першапачаткова сумняваўся ў поспеху, бо раней не чуў пра падобныя ініцыятывы сярод беларускай эміграцыі. Але гэта вельмі важная праблема. У Заходняй Еўропе, на жаль, страчана ўжо шмат пахаванняў вядомых людзей, не кажучы пра звычайных актывістаў. Таму, калі мы не зробім гэтага тут і цяпер, ніхто іншы не зробіць.
Гэта апошні шанец ушанаваць гэтыя магілы
Аляксей, як гісторык і як беларус, лічыць, што вельмі важна ўшаноўваць магілы тых, хто аддаваў жыццё за беларускую справу, сядзеў за гэта ў турмах, цярпеў і змагаўся.
– Я лічу нармальным і натуральным паказаць пераемнасць пакаленняў, асабліва тут, дзе мы знаходзімся. Пакуль беларусы не маюць сваіх паўнавартасных амбасадаў, якія займаюцца такімі справамі, гэтую ролю павінна браць на сябе беларуская грамада. Як паказвае наш вопыт – гэта магчыма. Раней я сумняваўся, ці гатовая беларуская нацыя фінансава падтрымліваць нацыянальную памяць. Але практыка паказала, што гэтая гатоўнасць ёсць. Калі ў іншых гарадах, асабліва ў Заходняй Еўропе і ЗША, дзе такіх пахаванняў шмат, беларускія суполкі таксама возьмуцца за гэту справу, удасца захаваць тое, што яшчэ можна захаваць. Але гэта можа быць апошні шанец, бо пакаленне сведкаў ужо адыходзіць, і калі новае пакаленне гэтым не зоймецца, гэтага не зробіць ніхто іншы.
Настаўнікі Клецкай гімназіі. Другі злева – Мікалай Чарнецкі.
Натхнёны поспехам, Аляксей плануе стварыць базу дадзеных пра пахаванні вядомых беларусаў на Беласточчыне і ва ўсёй Польшчы. Такім чынам будзе працягнутая праца, распачатая ў нядаўна выдадзенай кнізе "Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце", прысвечанай магілам беларусаў у ЗША і Заходняй Еўропе.
Павел ЗАЛЕСКІ