Gazeta Wyborcza інфармуе пра даследаванні навукоўцаў над мовай малпаў. Гаворка ідзе пра самы блізкі да людзей гатунак шымпанзэ – баноба. Як піша часопіс «Навука» (Science), у баноба і людзей ДНК супадае на 99%. Што цікава, у стадах баноба пануе матрыярхат, а канфлікты вырашаюцца пры дапамозе сексу.
Апошняе даследаванне, праведзенае вучонымі з універсітэтаў у Гарвардзе і Цюрыху, удалося правесці ў натуральным асяроддзі малпаў, што вельмі складана з-за гушчыні лесу, у якім жывуць жывёлы. Навукоўцы скарысталіся лінгвістычнымі інструментамі, каб прааналізаваць 700 гуказапісаў дзікіх баноба.
Адно з асноўных правіл кожнай мовы – як кампазіцыйнасць. Гэта значыць, што з простых элементаў можна будаваць больш складаныя. Вучоныя даказалі, што кампазіцыйнасць прысутнічае ў мове шымпанзэ. Што цікава, выразы, якія маюць нейкае значэнне, могуць атрымліваць новае значэнне ў новай сітуацыі (скажам, сказ «пацалуй мяне ў д...» – гэта прыклад новага значэння). Дагэтуль даследчыкі лічылі, што гэтая рыса характэрная толькі для мовы людзей. Цяпер яны заўважылі, што гэта здараецца таксама ў камунікацыі шымпанзэ баноба. Па словах аўтараў публікацыі, іх даследаванне даказвае, што людская мова не з’яўляецца ўнікальнай.
нг