Беларуская Служба

Мемарыяльная дошка на помніку УПА ў пасёлку Манасэж была заменена іншай. Справай занялася пракуратура

24.04.2025 11:45
Каментатары нагадваюць, што ў мінулым знішчэнне згаданага мемарыяла стала для Кіева падставай блакаваць эксгумацыю на Валыні.
          .
Мемарыяльная дошка на помніку УПА ў пасёлку Манасэж была заменена іншай. facebook.com/WspolnotaiPamiec

Супрацоўнікі памежнай службы заўважылі змены на помніку і брацкай магіле жаўнераў УПА ў пасёлку Манасэж(Monasterz) на польска-ўкраінскім памежжы (гэта каля вёскі Верхрата). Гаворка ідзе пра тое, што мемарыяльная дошка на помніку была заменена іншай. Справай занялася пракуратура, паведамляе Fakt.

Пакуль невядома, хто замяніў дошкі, але розніца ў змесце прынцыповая. Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы пракаментавала справу і разам з украінскім ведамствам, апублікавала сумесную заяву. Яны лічаць, што гэта «наўмысная правакацыя, якая служыць, у тым ліку, інтарэсам дзяржавы-агрэсара - Расіі».

«Мы рашуча асуджаем акт вандалізму, учынены супраць аднаго з украінскіх мемарыялаў у Польшчы», — напісалі ў сумеснай заяве міністры культуры Польшчы і Украіны.

Мясцовыя СМІ адзначаюць, што акрамя памятнай дошкі на помніку замест трызубца з'явіўся хрысціянскі крыж.

Супрацоўнікі паліцыі, накіраваныя на месца здарэння, выканалі ўсе працэсуальныя дзеянні, у тым ліку падрыхтавалі фотадакументацыю. Расследаванне праводзіцца пад наглядам раённай пракуратуры ў Любачаве.

Нагадваем, у першапачатковым варыянце тэкст мемарыяльнай дошкі быў наступным: «Брацкая магіла ўкраінцаў, якія загінулі ў баях з савецкім НКУС у манастэжскіх лясах у ноч з 2 на 3 сакавіка 1945 года». Новы варыянт радыкальна адрозніваецца ад арыгінала: «Брацкая магіла ўкраінцаў, членаў УПА, адказных за тэрор і генацыд супраць безабароннага польскага, украінскага і габрэйскага насельніцтва».

 

Пад новым, галоўным тэкстам быў змешчаны надпіс: «Пане Божа, змілуйся над імі і не ўлічвай ім жудасных учынкаў, якія яны здзейснілі супраць сваіх братоў», а таксама «Прабачэнне – гэта не забыццё, а палягчэнне болю».

Паводле міністэрстваў культуры Польшчы і Украіны, гэта правакацыя накіравана на зрыў канструктыўнага дыялогу, які развіваецца паміж суседнімі краінамі ў апошнія месяцы.

«Мы пацвярджаем нашу цвёрдую прыхільнасць далейшаму ўмацаванню нашага стратэгічнага партнёрства і вырашэнню існуючых спрэчак у духу дыялогу і ўзаемаразумення. Любыя акты вандалізму ў дачыненні да мемарыялаў і пахаванняў пагражаюць прымяненнем мераў адпаведнымі службамі», — дадаецца ў паведамленні.

Супраць помніка, які быў усталяваны ў вёсцы Манастэж у 1990-х гадах мінулага стагоддзя, ужо некалькі разоў адбываліся акты вандалізму. Памятная дошка была пашкоджана ў 2015 годзе, а праз пяць гадоў польскі бок аднавіў яе з надпісамі на польскай і ўкраінскай мовах.

«Нагадваю, знішчэнне гэтага помніка стала падставай для Кіева, каб заблакаваць польскія эксгумацыі на Валыні. Дошку адрамантавала Варшава, але са змененым зместам - без імёнаў загінулых, супраць чаго ўкраінцы працягвалі пратэставаць», — кажа палітолаг Мацей Пячыньскі.

Манасэж (Monasterz) — гэта пасёлак на мяжы Падкарпацкага і Люблінскага ваяводстваў. Там былі пахаваны целы партызанаў УПА, якія загінулі ў 1945 годзе. На гэтай тэрыторыі, хоць фармальна яна належала Польшчы, дзейнічалі памежныя атрады НКУС, якім у барацьбе з УПА дапамагалі падраздзяленні Войска Польскага і ўзброеныя каманды грамадзянскай міліцыі.

аз


Ва Украіну прыехалі польскія навукоўцы для эксгумацыі ахвяраў Валынскай разні

24.04.2025 09:15
Ва Украіне ўжо знаходзяцца польскія навукоўцы, якія будуць эксгумаваць ахвяраў Валынскай разні.