У красавіку 1025 года Баляслаў І Храбры быў каранаваны, увянчаўшы тым самым доўгі шлях да незалежнасці і суверэнітэту дзяржавы Пястаў.
Каранацыя Баляслава Храбрага мела велізарнае сімвалічнае і палітычнае значэнне. Перш за ўсё, гэта было пацвярджэнне незалежнасці маладой дзяржавы Пястаў ад імперыі і папства – дзвюх найвялікшых сіл у тагачаснай Еўропе. Прызнанне Баляслава каралём азначала, што Польшча перастала быць проста княствам, залежным ад рашэнняў замежных дзяржаў, а стала раўнапраўным удзельнікам палітычнай гульні на кантыненце.
Сёння ў нашай праграме мы прыгадаем шлях Баляслава да ўлады, яго палітычныя і ваенныя поспехі. Пра тое, чаму яго называлі Храбрым і Вялікім, раскажуць нашы госці: праф. Анджэй Новак і праф. Марцін Данялеўскі.
Храбры не атрымаў уладу ў спадчыну, як іншыя манархі. Калі яго бацька, Мешка I, памёр у 992 годзе, дзяржава павінна была быць падзелена паміж яго сынамі ад чацвёртай жонкі Оды. Баляслаў, сын Дубраўкі, вымушаны быў заняць трон сілай.
- Можна сказаць, што гэта першы пераварот у нашай гісторыі. Баляслаў жорстка распраўляўся са сваімі канкурэнтамі: саслаў мачаху і яе сыноў, а іх прыхільнікаў прыгаварыў да калецтва, што прыраўноўвалася да смерці. Нягледзячы на тое, што ён дзейнічаў бяспраўна, то ён выратаваў краіну ад падзелу і магчымасці грамадзянскай вайны, - гаворыць прафесар Анджэй Новак.
Гэты пачатак яго праўлення быў толькі прэлюдыяй да доўгай і паспяховай знешняй палітыкі. Храбры праславіўся не толькі як спраўны кіраўнік, але і як мужны – адсюль і мянушка Храбры. Большай часткай сваіх поспехаў ён быў абавязаны вайне, праводзячы смелую палітыку экспансіі.
- Мы найбольш звязваем яго з канфліктамі з Нямецкім каралеўствам і войнамі з Генрыхам ІІ, калі той дайшоў аж да Познані ў 1005 годзе. Аднак гэтая экспансія на ўсход, да Чэрвеньскіх гарадоў, і сам паход на Кіеў выклікалі вялікую дыскусію сярод навукоўцаў. Але мы таксама павінны памятаць, што гэты паўднёвы кірунак, гэта значыць Маравія, Чэхія, таксама цікавілі Баляслава Храбрага. Мы можам сказаць, што ён быў першым кіраўніком, што тычыцца Пястаў, які так шырока пабудаваў вялікі прэстыж праўлення Пястаў на гэтым сярэднееўрапейскім фоне, - гаворыць прафесар Марцін Данялеўскі.
Гнезненскі з’езд 1000 году, візіт імператара Атона ІІІ і сімвалічнае ўскладанне ім дыядэмы на галаве Баляслава – гэта былі крокі да суверэнітэту. Але фармальная каранацыя адбылася толькі пасля смерці імператара Генрыха II. Ён непрыхільна ставіўся да амбіцый польскага кіраўніка, бо баяўся яго росту магутнасці і незалежнасці, а таксама памятаў аб прыніжэнні ў польска-нямецкай вайне. Пры яго жыцці не магло быць і гаворкі аб зацвярджэнні ў Рыме, які заставаўся пад уплывам імперыі, каранацыі Баляслава. Таму Баляслаў так доўга чакаў карону. Толькі ў 1025 годзе, амаль у канцы жыцця, ён быў каранаваны.
- Імператар Генрых II памёр толькі ў 1024 годзе. І пакуль жыў Генрых ІІ, можна было толькі чакаць моманту, калі ён памрэ, і калі сіроцтва імператарскага трона дазволіць законна ўзвесці Храбрага да найвышэйшага рангу ў хрысціянскай Еўропе, гэта значыць да каралеўскага сану. І здарылася гэта толькі ў красавіку, хутчэй за ўсё, у 1025 годзе, усяго за некалькі тыдняў да смерці знясіленага заваёўніка, - адзначае прафесар Анджэй Новак.
Баляслаў Храбры памёр неўзабаве пасля здзяйснення сваёй мары. Але ён пакінуў пасля сябе адзіную дзяржаву, якую паважалі ў Еўропе, і якая захавалася для пакаленняў. Нягледзячы на тое, што каралём ён быў усяго некалькі месяцаў і памёр у чэрвені 1025 года, яго каранацыя адкрыла новы раздзел у польскай гісторыі.
Каранацыя Баляслава Храбрага імператарам Атонам III у 1000 г. Згодна з апісаннем Гала Ананіма, Атон размясціў імператарскую дыядэму на скронях Храбрага, што некаторымі было вытлумачана як каралеўская каранацыя. Афіцыйна Баляслаў стаў каралём Польшчы ў 1025 г. Гравюра з «Chronica Polonorum» Мацея Мехавіта 1519 г.
Дзякуючы сучасным археалагічным даследаванням навукоўцы ўсё лепш разумеюць не толькі ваенныя і палітычныя дасягненні Баляслава Храбрага, але таксама яго ўяўленне, амбіцыі і культуру, якую ён стварыў на землях Пястаў. Праф. Ганна Кочка-Крэнц з Універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані падкрэслівае, што Баляслаў быў не толькі выдатным стратэгам, але і асветнікам з вельмі шырокім кругаглядам.
Археалагічныя даследаванні ў Познані, асабліва тыя, што праводзіліся на Тумскім востраве, выявілі элементы княжацкага палаца, сакральнага комплексу і элементы яго ўбранства, што сведчыць аб тым, што Храбры мог чэрпаць натхненне як з каралінгска-атонаўскай, так і візантыйскай традыцыі, якія дасягнулі гэтых абшараў праз Кіеўскую Русь. Палацавыя капліцы, сцены, аздобленыя жывапісам, мазаіка на алтарах – усё гэта сведчыць аб яго пачуцці эстэтыкі і мастацкіх амбіцыях.
У эпоху Баляслава Храбрага развіваюцца таксама літаратура і навука. Археолагі знайшлі бронзавы грыфель — пісьмовы прыбор, які, хутчэй за ўсё, належаў дзіцяці, што можа сведчыць аб наяўнасці базавай адукацыі пры яго двары.
Прафесар Кочка-Крэнц падкрэслівае, што ўсё гэта прадстаўляе вобраз кіраўніка, які быў не толькі адважным і эфектыўным, але таксама культурным, разумным і тым, хто ўсведамляў ролю мастацтва і навукі.
Баляслаў І Храбры – заснавальнік польскай манархіі, смелы заваёўнік і ўмелы палітык. Яго гісторыя паказвае, што нават з, здавалася б, пройгрышнай пазіцыі можна дацягнуцца да кароны.
ав
слухайце аўдыё