Ён нарадзіўся ў ЗША ў 1955 годзе, належыць да ордэна аўгустынцаў і з’яўляецца тэолагам з глыбокім досведам пастырскай працы. Новы пантыфік добра ведае рэаліі як лацінаамерыканскага, так і глабальнага касцёла. Асабліва важна, што большую частку свайго жыцця ён прысвяціў служэнню на перыферыі — у бедных супольнасцях Перу, дзе заваяваў аўтарытэт адкрытага, слухаючага і сціплага пастыра.
Роберт Фрэнсіс Прэво абраў сабе імя Леў XIV. Гэтым ён спаслаўся на доўгую гісторыю Касцёла, а таксама на адказнасць перад сённяшнімі выклікамі.
Пасля абвяшчэння вынікаў канклава новаабраны Папа Леў XIV з’явіўся на балконе базілікі святога Пятра і звярнуўся да вернікаў з простымі, але глыбокімі словамі: «Няхай мір будзе з вамі». Гэтае пасланне стала знакам пачатку яго пантыфікату, заклікам да згоды, дыялогу і духоўнай еднасці ва ўмовах глабальных канфліктаў. Папа падкрэсліў, што Касцёл — гэта супольнасць, якая павінна ісці ў бок Хрыста, і менавіта вернасць Евангеллю павінна вызначаць яе шлях.
Як адзначаюць каментатары, гэты жэст быў не толькі працягам духоўнай лініі Францішка, але і сведчаннем жадання новага пантыфіка быць пастырам для ўсіх — асабліва для тых, хто пакутуе, хто ў патрэбе і хто шукае надзею.
Ксёндз Веслаў Давідоўскі, таксама з ордэну аўгустынцаў, які ведае Роберта Прэво з 1999 года, ацэньвае, што ідэя Льва XIV будзе заключацца ў імкненні да міру ва ўсім свеце:
- Мы сапраўды жывём на рэзкім павароце, сапраўды ў небяспецы трэцяй сусветнай вайны. Думаю, святы айцец Леў XIV будзе добрым гарантам міру для ўзбударажанага грамадства, і моцна ўзбударажаных палітыкантаў. Папа Леў XIV сябраваў з Францішкам, яшчэ з часоў місіянерскай працы ў Перу. Таму тут відавочна будзе працяг шляху Францішка: адкрытасці на бедных і самотных.
Ксёндз Яраслаў Цісла з Універсітэта кардынала Стэфана Вышынскага дадае, што новы пантыфікат нясе шмат надзеі:
- Гэтага міру вельмі не хапае, і мы гэта бачым: Украіна, Блізкі Усход, Іран, Сірыя, якая ўжо 14 гадоў пралівае кроў у выніку вайны. Ёсць Судан. Мы памятаем гэта драматычны жэст папы Францішка, які пацалаваў абутак лідараў Паўднёвага Судана. Папа, які звязаны з місіянерствам, Перу, Лацінская Амерыка.
PAP/EPA/FABIO FRUSTACI
Паводле галоўнага рэдактара штоквартальніка «Christianitas» Томаша Равінскага, першыя словы Льва XIV, у якіх ён казаў пра супольнасць Касцёла, былі вельмі прыгожымі. У эфіры Польскага радыё 24 ён сказаў, што гэта быў добры пачатак пантыфікату:
- Спасылка на Евангелле, на вернасць Евангеллю, што Касцёл – гэта супольнасць, якая павінна ісці ў бок Хрыста. Для мяне гэта было суцяшальна, паводле мяне, гэта добры пачатак пантыфікату. Паглядзім, якімі будуць справы.
Абранне кардынала Прэво знамянуе сабой працяг пастырскай лініі Папы Францішка, з акцэнтам на пакору, дыялог і глыбокія карані ў лацінаамерыканскай духоўнасці. Езуіт Марыюш Бігель лічыць, што гэта таксама спасылка на пантыфікат Папы Бенедыкта XVI:
- Папа Леў XIV сваім імем, праграмай, у якой казаў пра святога Аўгусціна, хацеў бы, каб любоў да Бога адлюстроўвалася ў любові да бліжняга. Таму, канешне, ён працягвае лінію Францішка, а ў кантэксце святога Аўгусціна – Бенедыкта XVI.
Рэктар Папскага ўніверсітэта Яна Паўла II у Кракаве, ксёндз Роберт Тырала, таксама лічыць, што новы Папа працягне лінію Папы Францішка:
- Гэта нетыпова, што ў сваёй першай прамове папа Леў XIV згадвае пра Францішка. Гаворыць пра сінадальнасць Касцёла, пра тое, што мы знаходзімся ў дарозе. Што ён будзе на баку тых, каму патрэбна міласэрнасць, тых, хто з’яўляецца бедным. Але самае галоўнае, паводле мяне, гэта першыя словы: Няхай мір будзе з Вамі.
Асоба новага Папы, Льва XIV, мае патэнцыял мець уплыў далёка за межамі Каталіцкага касцёла. Яго жыццёвы шлях — ад місіянера ў Перу да кіраўніка дыкастэрыі па справах біскупаў— сведчыць пра глыбокае разуменне як духоўных, так і сацыяльных патрэб чалавецтва. У часы, калі свет стаіць перад пагрозай новых канфліктаў, няроўнасці і крызісаў, постаць пантыфіка, які гаворыць пра мір, супакой і патрэбу слухання, можа стаць маральным арыенцірам для міжнароднай супольнасці.
Як кажуць эксперты, у асобе Льва XIV свет можа атрымаць не толькі духоўнага лідара, але і моцны голас у абарону слабых і пакрыўджаных — тых, каму асабліва патрэбная надзея і падтрымка.
ав
слухайце аўдыё
PAP/EPA/RICCARDO ANTIMIANI