Уроцлаўскі мільярдэр Рамуальд Сціборскі (Romuald Ściborski) павінен адсядзець 10-гадовы турэмны тэрмін за падман больш чым 600 чалавек на суму амаль 20 млн еўра (80 мільёнаў злотых), але яго не ўдаецца пасадзіць за краты, паколькі мужчына выехаў за мяжу, — чытаем у выданні Gazeta Wyborcza. Аказваецца, мільярдэр уладкаваў сабе новае жыццё ў Кеніі і спрабуе атрымаць грамадзянства гэтай краіны.
Як паведамляе Wyborcza, пошук і дастаўку мужчыны ў турэмную камеру даручылі ніжнесілезскім так званым «лоўцам ценяў» — спецыяльнаму падраздзяленню Ваяводскай камендатуры паліцыі ва Уроцлаве, якое займаецца вышукам самых небяспечных злачынцаў рэгіёну.
«У кастрычніку 2025 года нашы крыніцы паведамілі, што вясной 2024 адну з блізкіх сваячак Рамуальда Сціборскага заўважылі ў гатэлі “Neptun” у Мамбасе (Кенія). І што яна двойчы сустракалася там з белым лысым мужчынам, які пастаянна жыве ў Кеніі — нібыта ў маёнтку мясцовага палітыка, былога міністра. Я адправіў інфарматару з Кеніі фатаграфію Сціборскага з яго ордару на арышт. У адказ атрымаў інфармацыю, што мужчына з фатаграфіі звязаны з Універсітэтам навукі і тэхналогіі ў горадзе Бонда ў Кеніі», — піша GW.
Выданне адзначае таксама, што ў пачатку 2024 года Вярхоўны суд Кеніі разглядаў заяву аб прызнанні Сціборскага грамадзянінам Кеніі. «Што цікава, з датай заднім чыслом. Вярхоўны суд павінен быў бы прыняць рашэнне, што ён з’яўляецца кенійцам з 1991 года», — чытаем у публікацыі. У заяве была гаворка аб тым, што паляк быццам бы прыехаў у Кенію яшчэ напрыканцы 80-ых гадоў, і тады яго ўсынавіў кеніец. Суд заяву адхіліў. Тым не менш, польская паліцыя не можа яго вярнуць у Польшчу, паколькі краіна не мае з Кеніяй дамовы аб экстрадыцыі злачынцаў.
нг