14 гадоў таму ў Варшаве здарыўся інцыдэнт, пра які паведамлялі сродкі масавай інфармацыі ва ўсім свеце. 1 лістапада 2011 года самалёт Boeing 767 польскай нацыянальнай авіякампаніі LOT здзейсніў аварыйную пасадку без шасі з-за паломкі. Капітан лайнера Тадэвуш Урона, якому тады было 54 гады, набыў сусветнае прызнанне дзякуючы свайму подзвігу, здзейсненаму ў міжнародным аэрапорце польскай сталіцы.
Тэма аварыйнай пасадкі ў варшаўскім аэрапорце імя Шапэна польскага авіялайнера Boeing 767, які шчасліва прызямліўся без шасі, не сыходзіла з экранаў тэлевізараў цягам некалькіх дзён. У аўторак, 1 лістапада 2011 года, працэдуру гэтай пасадкі, якая была запланаваная яшчэ ў паветры і добра падрыхтаваная, уся краіна магла назіраць у прамым эфіры. Па словах многіх спецыялістаў, прызямленне на бруха магло скончыцца трагічна, але, на шчасце, катастрофы ўдалося пазбегнуць.
Сапраўдным героем дня стаў капітан Тадэвуш Урона, прафесіяналізм якога выратаваў жыцці 221 пасажыра і 11 членаў экіпажа.
Капітан на момант аварыйнага прызямлення працаваў 30 гадоў у грамадзянскай авіяцыі, больш за 20 гадоў лётаў на самалётах Boeing. Пры гэтым неба для яго было не толькі працай, але і захапленнем. З 2001 года пілот сур'ёзна захапіўся планерызмам і неаднаразова прадстаўляў Польшчу на міжнародных спаборніцтвах.
Пачатак інцыдэнту меў месца ў амерыканскім небе. Авіялайнер Boeing 767 авіякампаніі LOT выконваў планавы міжкантынентальны рэйс LO 16 па маршруце Ньюарк-Варшава, але праз 30 хвілін пасля ўзлёту на яго борце выйшла са строю гідраўлічная сістэма. Экіпаж прыняў рашэнне ляцець да пункту прызначэння, але незадоўга да пасадкі ў аэрапорце Варшавы з-за адмовы гідраўлічнай сістэмы стойкі шасі не выпусціліся. Тадэвуш Урона з першым афіцэрам прынялі рашэнне садзіць лайнер на бруха. Boeing цэлую гадзіну кружыў у небе ў раёне Варшавы, пакуль узровень паліва не знізіўся да мінімуму, пасля чаго экіпаж здзейсніў аварыйную пасадку.
На кадрах, якія абляцелі ўвесь свет, бачна, як Boeing коціцца па ўзлётна-пасадачнай паласе, папярэдне апрацаванай спецыяльнай пенай, якая змяншае трэнне. На месцы пасадкі дзяжурылі брыгады пажарных і ратавальнікаў, аднак, на шчасце, усе людзі на борце засталіся цэлымі і медыцынская дапамога нікому не спатрэбілася.
Сцюардэсы самалёта Boeing 767, які аварыйна сядаў у Варшаве, пасля прэс-канферэнцыі. Анна Міхаляк-Завадзка - другая злева. 3 лістапада 2011 года. Фота: Tomasz Gzell/PAP
Праз некалькі дзён пасля інцыдэнту ў Варшаве прайшла прэс-канферэнцыя, у якой удзел прыняў экіпаж лайнера. Сцюардэса Анна Міхаляк-Завадзка расказала, як выглядала падрыхтоўка да аварыйнага прызямлення.
- Па-першае, у нас было шмат часу, каб падрыхтаваць пасажыраў. Акрамя таго, мы былі вельмі занятыя. Я думаю, што атмасфера ў самалёце, сярод нас, экіпажа, была адпаведная: усе былі спакойныя, стрыманыя, прафесійныя. І нашыя эмоцыі перадаліся пасажырам – яны таксама супакоіліся, не было ніякай панікі, хоць мы чакалі, што яна можа здарыцца. Але была цішыня і спакой.
Нават пасля таго, як мы селі і спыніліся, калі пасажыры пакідалі самалёт, усе былі спакойныя, без панікі, без крыкаў, без мітусні. Эвакуацыя адбылася амаль імгненна.
Што было самым складаным? Я думаю, што гэта было звязана з тым, колькі часу прайшло з моманту, калі мы даведаліся пра паломку, і да моманту эвакуацыі. Мы ўсё ж спадзяваліся, што шасі выпусціцца, што ўсё атрымаецца. Як гэта так, немагчыма, каб шасі не выпусцілася, яно заўсёды выпускаецца, – думалі мы. І быў момант, калі прыйшоў капітан і сказаў, што, на жаль, на 99% шасі не спрацуе. Ён растлумачыў нам, як гэта будзе выглядаць: што мы спачатку лёгка ўдарым аб зямлю хвастом, потым рухавікамі, і што можа быць пажар. І што нам неабходна як мага хутчэй эвакуяваць пасажыраў. Я хачу зазначыць, што вельмі ганаруся сваім экіпажам і сваімі калегамі.
Капітан Тадэвуш Урона. 2012 год. Фота: DAREK DELMANOWICZ/PAP
Дарэчы, капітан Тадэвуш Урона меў выхадныя дні, калі здарыўся інцыдэнт, а паляцеў ён у ЗША і назад у Варшаву толькі таму, што пілота папрасіў замяніцца яго калега. Праз гады пасля аварыйнага прызямлення Урона згадваў, што бяспечна прызямліцца ўдалося, у прыватнасці, дзякуючы таму, што польскія пілоты праходзяць вельмі добрую падрыхтоўку на выпадак пазаштатных сітуацый.
- Нашы пасажыры, як і ў любой іншай авіякампаніі, павінны адчуваць сябе бяспечна і разумець, што экіпаж, з якім яны ляцяць, добра падрыхтаваны. Мы былі добра падрыхтаваныя да розных сцэнароў, але, як мне здаецца, ніхто не думаў, што будзем сядаць без шасі. Тым не менш, нашым абавязкам было выканаць усе неабходныя працэдуры і пасадзіць самалёт, прычым старацца прызямліцца мякка, у першую чаргу для пасажыраў і іх бяспекі, але і таксама для таго, каб не пашкодзіць самалёта.
І нам гэта ўдалося. Некаторыя пасажыры і члены экіпажа казалі, што пасадка была вельмі мяккая, нават мякчэйшая чым тады, калі сядаеш з выпушчаным шасі. Я не хачу хваліцца, але сапраўды, пасадка была мяккай, бо шасі і амартызатары выклікаюць вібрацыі, якія перадаюцца на канструкцыю. А мы сядалі на мяккай пене, і пазней бартавы персанал казаў, што пасадка была больш плаўнай у параўнанні з тым, як лайнер прызямляецца на шасі.
Асноўнай прычынай аварыйнага авіяцыйнага інцыдэнту было пашкоджанне гнуткага гідраўлічнага шланга. Акрамя таго, быў выключаны засцерагальнік электразабеспячэння сістэмы аварыйнага выпуску шасі ў выпадку адмовы цэнтральнай гідраўлічнай сістэмы, чаго не заўважыў капітан і першы афіцэр. З-за гэтага прыйшлося прызямляцца без шасі.
7 лістапада 2011 года прэзідэнт Польшчы ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды экіпажу лайнера і прадстаўнікам ратавальных службаў.
А самалёт Boeing 767 быў спісаны, паколькі лізінгавая і страхавая кампаніі вырашылі, што яго рамонт будзе каштаваць шмат грошай. Пашкоджаны самалёт хацелі купіць польскія спецслужбы для антытэрарыстычных трэніровак, але ў выніку ён быў прададзены ў Вялікабрытанію на запчасткі.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл