Польскі парламент абвясціў 2026 год Годам прафілактыкі захворванняў. Сейм Польшчы аднагалосна прыняў пастанову, ніводзін дэпутат не галасаваў супраць ініцыятывы, накіраванай на папярэджанне хвароб і павышэнне ўзроўню свядомасці грамадства ў галіне прафілактыкі і захавання здароўя.
Год прафілактыкі — гэта магчымасць нагадаць пра меры, якія дапамагаюць клапаціцца аб добрым стане здароўя, каб не было неабходнасці лячэння. Пастанова Сейма вызначае некалькі ключавых кірункаў працы: перанос акцэнту з лячэння на папярэджанне хвароб; папулярызацыю прафілактычных абследаванняў — у тым ліку цыталогіі, мамаграфіі, калонаскапіі, а таксама кантроль узроўню цукру і халестэрыну — як асновы ранняга выяўлення захворванняў; павышэнне свядомасці ў галіне прафілактычных мер, прасоўванне здаровага ладу і скарачэнне няроўнасці ў доступе да аховы здароўя, асабліва ў невялікіх населеных пунктах і рэгіёнах з абмежаванымі медыцынскімі магчымасцямі.
У нашага здароўя ёсць некалькі важнейшых ворагаў – перш за ўсё гэта кардыялагічныя захворванні і анкалагічныя. Як прадухіляць хваробы сэрца? Доктар Пётр Пончэк (Piotr Pączek), загадчык кардыялагічнага аддзялення шпіталя ў Сасноўцы, сказаў Польскаму радыё, што неабходна пачынаць з базіса.
— Усе мы разумеем, што прафілактыка – гэта самае важнае. Каб захаваць здароўе, трэба памяняць стыль жыцця. Такім чынам, мы самі можам дапамагчы сабе больш, чым гэта зробяць найлепшыя цэнтры. Што я маю на ўвазе? Перш за ўсё гэта дыета – рацыянальнае харчаванне. Па-другое, спорт, перш за ўсё аэробныя віды спорту, якія паскараюць спальванне тлушчаў. Важна, каб заняткі былі рэгулярныя, не інтэнсіўныя, а рэгулярныя. І эфекты мы заўважым адразу.
Па словах лекара, фізічныя практыкаванні таксама палепшаюць псіхічнае самаадчуванне, паколькі яны вызваляюць так званыя гармоны прыемнасці і шчасця — эндарфіны.
Кожны ведае, што прадухіляць хваробы прасцей, чым іх лячыць. І часта мы чуем ад медыкаў, што трэба нешта змяніць у сваім жыцці: рацыянальна харчавацца, больш рухацца і г. д. Толькі як правіла гэта агульныя рэкамендацыі, і ад лекара пацыент выходзіць без канкрэтных указанняў. Перш за ўсё праблема ў тым, што ў сістэме аховы здароўя доктар не можа прысвяціць пацыенту столькі часу, каб даць яму падрабязныя рэкамендацыі, - адзначае Агнешка Дольна (Agnieszka Dolna) з Фундацыі Алівія, якая займаецца дапамогай у прафілактыцы і лячэнні анкалогіі.
— У сістэме аховы здароўя мы назіраем тэндэнцыю фрагментарнага лячэння. Чалавек прыходзіць з грыпам - лечаць грып, доктар заўважае лішнюю вагу цела - скажа, што трэба схуднець, але, як правіла, не дае падрабязнасцей. Прычына – недахоп часу, а часам і недахоп усебаковых ведаў, бо лекары не з'яўляюцца ні дыетолагамі, ні спецыялістамі па здаровым ладзе жыцця. З аднаго боку, людзі перагружаныя інфармацыяй, але звесткі з сацсетак бываюць супярэчлівыя. Адны прапануюць такую дыету, другія - іншую, таму звычайны чалавек можа быць дэзарыентаваны. Ёсць недахоп медыцынскай падтрымкі і недахоп базавых ведаў. На жаль, адукацыя ў галіне аховы здароўя не была ўведзена ў якасці абавязковага прадмета ў школе. Гэта вялізная памылка, неабходна вучыць дзяцей асновам здаровага ладу жыцця з самага пачатку, з дашкольнай установы і школы. На маю думку, навакольнае асяроддзе таксама анкагеннае, яно спрыяе хваробам, як цывілізацыйных, так і ракавым. Мы спажываем шмат высокаапрацаваных прадуктаў, у нас няма часу на фізічную актыўнасць, на планаванне і прыгатаванне здаровых, правільных страў. Вельмі свядомыя людзі ведаюць, як прадухіліць анкалогію. Але многім людзям не хапае ведаў і знешняй падтрымкі.
Агнешка Дольна нагадвае таксама слухачам, наколькі важна легальнае прабыванне ў Польшчы і страхоўка, якая гарантуе лячэнне ў выпадку хваробы. І, канешне, не забываць, што прафілактыка — лепш, чым лячэнне.
— Трэба думаць наперад. Па-першае, у плане прафілактыкі: як мы жывем, чым харчуемся, каб пазбегнуць розных захворванняў, у тым ліку анкалагічных. І, па-другое, каб мы падумалі пра страхаванне, бо, на жаль, рак не выбірае. Ён закранае ўсё больш маладых людзей, хто зусім не думае пра хваробы, паколькі мяркуе, штро анкалогія – гэта праблема пажылых. На жаль, ён здараецца ўсё раней. Таму варта мець страхоўку - Нацыянальнага фонду аховы здароўя (NFZ) або камерцыйную. І карыстацца праграмамі скрынінгу. Гэта мамаграфія малочных залоз для жанчын старэйшых за 45 гадоў. Гэта вельмі сучасныя тэсты, генатыпаванне ПВЧ (папіломавірус чалавека можа выклікаць рак шыйкі маткі – рэд.), цыталогія для прафілактыкі раку шыйкі маткі, а таксама калонаскапія для прафілактыкі раку тоўстай кішкі. Варта гэта рабіць, бо, напрыклад, калонаскапію можна прайсці па гэтай праграме значна хутчэй, чым калі ўжо з'яўвяцца сімптомы і трэба дыягнаставаць праблему.
Год прафілактыкі захорванняў, прызначаны парламентам на 2026-ы год, мае на мэце не толькі палепшыць здароўе жыхароў, але таксама ў доўгатэрміновай перспектыве панізіць выдаткі на сістэму аховы здароўя. Паводле прынцыпу, што прадухіляць прасцей і танней, чым лячыць.
нг