Беларуская Служба

Вучні Першай беларускай анлайн школы праходзяць урокі дабрыні з Аляксандрам Маляванычам

07.04.2026 16:55
Школа працуе ўжо шосты год.
Аўдыё
  • Першая беларуская анлайн школа ва Украіне. Заснавальніца - Анастасія Шпакоўская.
   ()
Акцёр Аляксандр Ждановіч (Маляваныч)Анна Пятроўская/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Беларуская актрыса, музыкантка, тэатральная рэжысёрка Анастасія Шпакоўская з’ехала з Беларусі пасля падзей жніўня 2020 года. Разам з сям’ёй яна перабралася жыць ва Украіну, пазней, калі пачалася поўнамаштабная вайна, было прынята рашэнне пераехаць у Літву, а адтуль — у Польшчу. У Анастасіі, якая пабывала ў нашай студыі, ёсць дзеці ў школьным узросце. З думкаю пра іх, а таксама пра іншых дзетках беларускіх эмігрантаў, яна заснавала Першую беларускую анлайн школу ва Украіне, якая працуе ў віртуальным свеце, але паводле ўкраінскай праграмы. Дачка і сын Анастасіі маюць ужо вопыт вучобы ў розных краінах і на розных мовах.

— У мяне двое дзяцей, сын і дачка, якія вучылі ўкраінскую мову ў школе, якую я адкрыла ва Украіне — Першай беларускай анлайн школе. Школа выдае атэстаты дзяржаўнага ўзору, таму абавязковае вывучэнне ўкраінскіх прадметаў. Яны вучылі ўкраінскую мову, літоўскую, а зараз вывучаюць польскую. Іх жыццё складанае, але гэта вельмі развівае, адкрывае новыя гарызонты, каб рухацца далей.

— Школай Вы надалей займаецеся, калі пераехалі з Украіны?

— Так, школа працуе ўжо шосты год, без ніякай падтрымкі. На жаль, мы не знайшлі ніводнай арганізацыі, якой была б цікавай адукацыя беларускіх дзяцей. З дапамогай бацькоў, з уласнымі невялікімі фінансавымі ахвярамі рухаемся далей. У гэтым годзе будзе ўжо сёмы набор. Калі слухачам будзе цікава, запрашаем на нашу старонку ў інтэрнэце.

— Школа анлайн, але ёсць у вас месца ва Украіне, дзе яна месціцца? Дзеці ж вучацца па ўкраінскай праграме.

— Так, школа анлайн, таму што нашы вучні знаходзяцца, паводле нашых падлікаў, у больш чым 14 краінах свету. Фізічна школа знаходзіцца ва Украіне, яна выдае атэстаты дзяржаўнага ўзору Украіны. Дзеці навучаюцца ўкраінскім прадметам па ўкраінскай праграме, а па беларускіх — па беларускай праграме.

— Ці гэтыя атэстаты маглі б прызнавацца ў Беларусі? Ці цяпер ніякія атэстаты не прызнаюцца паміж Украінай і Беларуссю?

— Не, атэстаты не прызнаюцца Беларуссю, хаця прызнаюцца ва ўсім свеце. У нас ёсць вучні з Беларусі, мы выдаём пасведчанні, што яны закончылі школу. Але я не ведаю, як у дзяржаўныя беларускія ўстановы можна цяпер звярнуцца, ведаючы, што ўсе прыватныя школы цяпер зачынены. Школа для тых вучняў, якія вымушаны знаходзіцца ў іншых краінах.

— Ці гэта можа быць адзінай адукацыяй, ці як дадатковая адукацыя?

— Гэта асноўная адукацыя. Заняткі праходзяць з настаўнікам, у класах, але праз камп’ютар.

— У вас вучацца толькі беларусы, ці ёсць таксама ўкраінцы?

— Украінцам не вельмі цікава, таму што ім не патрэбна вучыць беларускую мову. Калі мы марым захаваць сваю спадчыну, калі мы марым вярнуцца дамоў, нашы дзеці будуць ведаць родную мову, родную гісторыю. У нас нават ёсць такі прадмет, як беларускае мастацтва, прадмет, які называецца «ўрокі дабрыні з Аляксандрам Маляванычам» (акцёр Аляксандр Ждановіч - рэд.). Мы ствараем умовы для беларускіх дзяцей — каб яны калісьці вярнуліся і ведалі ўсё тое, што павінны ведаць пра родную зямлю. Усе прадметы ўкраінскага напрамку — па-ўкраінску, а беларускага — па-беларуску. Нашы ўкраінскія настаўнікі разумеюць, што яны выкладаюць для беларусаў і больш адаптавана праходзяць гэтыя заняткі.

Слухайце ўсю гутарку ў далучаным гукавым файле

нг