Беларуская Служба

У Варшаве савецкае «Шпіёнава» атрымае новае жыццё

23.04.2026 12:21
З’явяцца муніцыпальныя кватэры, а таксама новая забудова з камерцыйнымі і сацыяльнымі паслугамі на першых паверхах.
«Шпіёнава» ў Варшаве фота: PAP/Radek Pietruszka

Былы закрыты жыллы комплекс амбасады РФ у Варшаве, які палякі акрэслілі «Шпіёнава», паступова пераўтвараецца ў сучасную гарадскую прастору. Улады сталіцы пачалі наступны этап конкурсу на яго рэканструкцыю: з некалькіх дзясяткаў прапаноў адабраны пяць канцэпцый, якія цяпер будуць дапрацоўвацца да сярэдзіны чэрвеня, чытаем на партале propertynews.pl.

Комплекс, які доўгі час выкарыстоўваўся савецкімі, а пазней расійскімі структурамі, стаў сімвалам складанай гісторыі. Пасля вяртання ўласнасці гораду ў 2023 годзе перад уладамі Варшавы паўстала задача — інтэграваць тэрыторыю і будынкі ў гарадское асяроддзе і надаць прасторы новую функцыю.

Паводле планаў, тут з’явяцца муніцыпальныя кватэры, а таксама новая забудова з камерцыйнымі і сацыяльнымі паслугамі на першых паверхах. Асобная ўвага будзе нададзена даступнасці: інфраструктуру адаптуюць для людзей з інваліднасцю і тых, хто мае асаблівыя патрэбы.

Частка старых будынкаў будзе знесена, іншыя — мадэрнізаваны. Такім чынам горад імкнецца захаваць баланс паміж абнаўленнем і выкарыстаннем ужо існуючых рэсурсаў.

У гарадской адміністрацыі падкрэсліваюць: важнае не толькі сімвалічны вяртанне савецкага «Шпіёнава» жыхарам Варшавы, але і яго практычнае значэнне супольнасці. Праект павінен стаць прыкладам таго, як праблемныя і закрытыя тэрыторыі могуць ператварацца ў адкрытую і карысную частку горадской прасторы.

эж