Выданне “Rzeczpospolita” піша пра беларускую рэвалюцыю і яе наступствы. Шэсць гадоў таму на вуліцы беларускіх гарадоў выйшлі сотні тысяч людзей, якія пратэставалі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Пратэсты былі жорстка падаўленыя.
На працягу гэтых шасці гадоў у краіне зафіксавана каля 100 тысяч выпадкаў палітычных рэпрэсій, затрыманняў, допытаў, судовых прысудаў. Больш за 4,6 тысяч чалавек былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі, з якіх звыш 870 усё яшчэ знаходзяцца за кратамі.
Выданне цытуе словы Франака Вячоркі, кіраўніка Офіса Святланы Ціханоўскай. Ён адзначае, што шэсць гадоў таму беларусы змагаліся за свабоду, а цяпер змагаюцца за незалежнасць Беларусі, а перашкодай на гэтым шляху з’яўляецца не толькі Лукашэнка, але і Пуцін, без падтрымкі якога беларускі дыктара не змог бы ўтрымаць улады.
На думку Вячоркі, самае вялікае дасягненне беларускіх дэмакратычных сіл — гэта падтрымка свабоднага свету, у тым ліку Дональда Трампа. Ціханоўскую прымаюць самыя высокапастаўленыя палітыкі.
— Наша рэвалюцыя замарожана, але не завершана, — кажа Вячорка.
Надоечы ў Варшаве адбылася канферэнцыя «Новая Беларусь», на якой прагучала прапанова правесці круглы стол, падобны на той, які калісьці стаў пачаткам дэмакратычных пераўтварэнняў у Польшчы. Аднак нічога не сведчыць аб тым, што Лукашэнка мог бы згадзіцца на такія перамовы з апанентамі, якіх ён асабіста прымусіў да выезду за мяжу.
Пры гэтым, у Беларусі няма практычна ніякага апазіцыйнага руху на дадзены момант, а ў беларускай эканоміцы не адбыўся дэфолт пад уплывам санкцый, як прагназавалі некаторыя эксперты. Лукашэнка атрымлівае даход з вайны ва Украіне і дзякуючы гэтаму цалкам кантралюе эканамічную сітуацыю, — сказаў выданню палітолаг Аляксандр Класкоўскі.
нг