Беларуская Служба

Інтэлігентны дом выключыць за чалавека прас, падбярэ тэмпературу, паведаміць пра ўзлом

31.07.2019 15:59
Сучасная тэхналогія дазваляе будаваць будынкі, якія паводзяць сябе ў нейкай ступені як людзі.
Сучасная тэхналогія дазваляе павысіць камфорт і эканоміць сродкі ANDRANIK HAKOBYAN / Shutterstock

Выданне «Rzeczpospolita» піша пра гэтак званыя разумныя дамы. Сучасная тэхналогія дазваляе будаваць будынкі, якія паводзяць сябе ў нейкай ступені як людзі – самі ўключаюць і выключаюць святло, рэгулююць тэмпературу, высылаюць паведамленне пра ўзлом, вырабляюць электраэнергію, а нават змагаюцца з забруджаннем паветра. Будынкі і кватэры – гэта ўсё больш інтэлігентныя структуры. З гэтага шляху чалавецтва ўжо не сыдзе.

Нельга сказаць, што разумныя дамы сталі ўжо стандартным вырашэннем у Польшчы, але гэта будучыня рынку нерухомай маёмасці, – кажа Марцін Урыга, эксперт кампаніі нерухомасці Emmerson Realty. Дзякуючы сучаснай тэхналогіі жыццё ў такім доме дазваляе ашчадзіць значныя сродкі, акрамя таго, яно больш камфортнае, чым у звычайным будынку. Напрыклад, пры дапамозе мабільнага прыкладання ў тэлефоне можна будзе кантраляваць асвятленне, абаграванне, энергію, перакрываць ваду, зачыняць і адчыняць жалюзі.

Увядзенне сучаснай тэхналогіі ў жылым будаўніцтве паскараецца дзякуючы як патрабаванням Еўрапейскага Звязу, так і ўнутранаму заканадаўству Польшчы. Гаворка ідзе пра сістэмы, якія кантралююць узровень выкарыстання энергіі або электрамабільнасць. У мікрараёнах паявяцца таксама станцыі падзарадкі электракараў. Тэхналогія ўводзіцца з мэтай спрасціць жыццё і павысіць яго камфорт. Дзякуючы ёй у жыхароў ёсць больш свабоднага часу. Гаворка ідзе пра тое, каб людзям не прыходзілася памятаць пра тое, ці яны выключылі прас, каб кватэра сама клапацілася пра адпаведную тэмпературу ў кожную пару году.

нг