Беларуская Служба

Расея падмяняе гістарычныя факты

22.08.2019 09:51
Расія ахвотна выкарыстоўвае памылкі Польшчы ў дачыненні да беларусаў, здзейсненыя ў міжваенны час – гісторык.
Podpisanie paktu Ribbentrop - Mołotow
Podpisanie paktu Ribbentrop - Mołotow[Public domain], via Wikimedia Commons

Кіраўнік расійскай дыпламатыі Сяргей Лаўроў, дырэктар выведкі Сяргей Нарышкін і часовы павераны ў справах Нямеччыны ў Расіі адкрылі ўчора ў Маскве выстаўку, прысвечаную Другой сусветнай вайне. Гэта частка кампаніі па апраўданні Пакту Рыбентропа-Молатава, паведамляе выданне Dziennika Gazeta Prawna.

Лаўроў пераконваў, што польска-нямецкая дэкларацыя аб непрымяненні сілы з 1934 года ды палітыка Парыжа і Лондану змусілі СССР падпісаць пакт Рыбентропа-Молатава 23 жніўня 1939 года.

У анонсе маскоўскай выставы гаворыцца, што «Польшча адхіліла савецкія прапановы процідзеяння нямецкаму наступленню». Такім чынам атрымліваецца, што нібыта Варшава вінаватая ў тым, што антыгітлераўская кааліцыя не паўстала ў 1939 годзе.

- Расія спрабуе пераконаць, што СССР праводзіў такую ж палітыку ў адносінах да Гітлера, як і іншыя дзяржавы. Аднак жа Пакт Рыбентропа-Молатава быў асаблівым дакументам, бо ён падзяліў Еўропу паміж двума таталітарнымі дзяржавамі, - адзначае спецыяліст Польскага інстытуту міжнародных спраў Лукаш Ясіна.

 Dzienik Gazeta Prawna ў кантэксце адказнасці за вайну адзначае, што ў апошні час узмацніўся ціск на Беларусь.

 – Расія імкнецца ўкараніць у нашых галовах савецкі погляд, што беларускія мужыкі стагоддзямі змагаліся супраць польска-літоўскіх паноў і марылі пра аб’яднанне з Расіяй, – кажа беларускі гісторык Ігар Мельнікаў. І дадае: – А цяпер рускія прапагандысты рыхтуюцца да 17 верасня, гэта значыць да «вызвалення Заходняй Беларусі ад панскага прыгнёту». Гэта вялікі выклік для беларускіх гісторыкаў.

Мельнікаў падкрэслівае, што Расія ахвотна выкарыстоўвае памылкі Польшчы ў дачыненні да беларусаў, здзейсненыя ў міжваенны час.

яс