Сёння я запрашаю ва Уранавую шахту, размешчаную ў вёсцы Клетна (Kletno) у гoрах Судэтах (Sudety) на паўднёвым захадзе Польшчы. Таямнічая шахта дзейнічала ў 1948-1953 гадах у сярэднявечных тунэлях, у якіх у мінулым здабывалі жалеза, срэбра і медзь.
Шахту складалі больш за 20 вертыкальных і гарызантальных тунэляў агульнай даўжынёй у больш за 37 кіламетраў.
Уранавая шахта ў Клетне. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Першыя дакументы, якія ўзгадваюць пра шахцёрскія працы, што праводзіліся на тэрыторыі масіва Снежніка (Śnieżnik) паходзяць з канца XV стагоддзя. Аднак шмат сведчыць пра тое, што гэткія працы пачаліся тут значна раней.
Першапачаткова ў тамтэйшых шахтах здабывалі выключна жалезную руду, як магнетыт і гематыт, адзін з відаў якога выкарыстоўваўся як натуральны пігмент для атрымання чырвонай фарбы.
Уранавая шахта ў Клетне. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У XV i XVI стагоддзях у Клетне здабывалі таксама медныя руды: азурыт і малахіт. Дарэчы, медзь, апрача жалеза, адыграла вялікую ролю ў развіцці чалавецтва, паколькі выкарыстоўвалася да вырабу бронзы, якая ў сваю чаргу выкарыстоўвалася ў вытворчасці манет.
Уранавая шахта ў Клетне. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У першай палове XVI стагоддзя Клодзкая зямля разам з усёй Сілезіяй трапіла пад уладу Габсбургаў. Гэтыя тэрыторыі былі далучаныя да Польшчы толькі пасля Другой сусветнай вайны.
Уранавая шахта ў Клетне. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Перыяд халоднай вайны – гэта час інтэнсіўнага пошуку і здабычы ўранавай руды.
У 1947 годзе ў Польшчы з'явілася група савецкіх экспертаў, якія цікавіліся геалагічнай распрацоўкай Судэтаў. Згодна з заключаным паміж Савецкім Саюзам і Польшчай пагадненнем, у 1948 годзе савецкая геалагічная служба пачала ў Судэтах пошук радовішчаў урану.
Інжынерамі былі выключна грамадзяне СССР, рабочымі - палякі. Працы мелі сакрэтны характар. За ўзгаданне назвы „уран” пагражала абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве. Нават у справаздачах замест слова „уран” выкарыстоўваўся выраз „метал”.
Уранавая шахта ў Клетне. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Радовішча ўрану ў Клетне было выяўлена 15 ліпеня 1948 году. Колькасць здабычы за ўвесь перыяд дзейнасці шахты ацэньваецца прыблізна ў 228 тысяч кубічных метраў. З гэтага былі атрыманыя каля 20 тон чыстага ўрану - гэта каля 5% ад усёй савецкай здабычы ўрану ў польскай частцы Судэтаў.
Уранавая шахта ў Клетне. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Ва ўранавай шахце ў Клетне працавалі пераважна польскія прымусовыя работнікі - вязні з працоўных лагераў, ваеннаслужачыя і нешматлікія спецыялісты-шахцёры. Умовы працы былі вельмі цяжкія. Здабычу вывозілі на грузавіках пад канвоем арміі. Уся здабытая руда трапіла на перапрацоўку ў Савецкі Саюз. У той час навакольная тэрыторыя была недаступная для людзей, на дарогах былі створаныя кантрольныя пасты са шлагбаўмамі, а тэрыторыю вакол шахты патрулявала армія.
Уранавая шахта ў Клетне. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Здабыча ўранавай руды ў Клетне закончылася ў 1954 годзе. У шахце, якая памяняла свайго адміністратара, пачалі здабываць флюарыт. За пяць з паловай гадоў у Клетне здабылі 15,98 тысячы тон гэтага мінералу. Здабыча была завершана ў 1958 годзе з-за вычарпання рэсурсаў. Шахта зноў памяняла свайго ўласніка. Ейныя тунэлі былі затопленыя, а ўваходы засыпаныя. На гэтым закончылася шматвекавая гісторыя падземнай здабычы мінералаў у Клетне.
Уранавая шахта ў Клетне. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Для наведвальнікаў адкрытая шахта нумар 18, якая знаходзіцца па дарозе з Клетна (Kletno) ў Сенну (Sienna). Падземны турыстычны маршрут быў адкрыты 21 верасня 2002 году. Ён вядзе праз невялікую частку аднаго з самых высокіх паверхаў шахты.
Уранавая шахта ў Клетне. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Візітнай картачкай шахты з’яўляюцца прыклады каляровых мінералаў, такіх як флюарыт, аметыст, малочны кварц, барыт, галкапірыт, халькоцыт і малахіт. У лабірынце рознакаляровых калідораў наведвальнікі змогуць адправіцца ў дагістарычнае падарожжа, якое адлюстроўвае 500 мільёнаў гадоў геалагічнай эвалюцыі.
Уранавая шахта ў Клетне. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Цяжкую працу шахцёраў ад сярэднявечча да сучаснасці набліжае калекцыя старых карт, нафтавых, газавых і карбідных лампаў і іншыя горназдабыўныя інструменты.
Уранавая шахта ў Клетне. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Шахту можна наведваць з пачатку лютага па канец лістапада ва ўсе дні тыдня ад 09.00 па 17.00. Уваход у шахту выключна з гідам і ў групах. Экскурсія доўжыцца каля 45 хвілін. Даўжыня трасы складае каля 400 метраў. Тэмпература на працягу года складае каля 7°С.
Уранавая шахта ў Клетне. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Нармальны квіток каштуе 15 злотых, ільготны 12 злотых. Шахта прапануе розныя віды экскурсій, у тым ліку начныя.
Уранавая шахта ў Клетне. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Анна Задрожна