Ва ўсіх польскіх выданнях успаміны пра памерлага ўчора былога прэзідэнта Францыі Жака Шырака. Ён памёр у сябе дома ва ўзросце 86 гадоў. У Польшчы Шырака часам згадваюць у адмоўным кантэксце, але на самой справе кіруючая ў краіне партыя «Права і справядлівасць» ідзе па яго слядах – піша Rzeczpospolita.
Палякі найлепш памятаюць ягоныя словы, якія прагучалі падчас саміту Еўрапейскага Звязу ў 2003 годзе, калі Шырак заявіў, што Польшча страціла нагоду, каб сядзець ціха. Гаворка ішла пра падтрымку з боку Польшчы, а таксама іншых дзяржаў Цэнтральнай Еўропы ваеннай аперацыі ЗША ў Іраку.
Гэты супраціў Шырака супраць ваеннай аперацыі Амерыкі ў Іраку даў яму вялікую папулярнасць. Цяпер, калі прайшло больш за 15 гадоў з таго часу, бачна, што ваенная аперацыя ў Іраку прынесла больш шкоды, чым карысці, яна дазволіла Ірану збудаваць сваю магутнасць. Аказваецца, што Шырак мог мець тады рацыю.
Прэзідэнт Францыі тады не разумеў, што Польшча, якая толькі-толькі стала членам НАТА, імкнецца даказаць сваю лаяльнасць, што яна хаўруснік, на якога можна заўсёды разлічваць.
Для французаў Шырак застанецца вялікім палітыкам, які развіваў ідэю моцнай, незалежнай дзяржавы, актыўнай у эканоміцы аб’яднанай Еўропы і глабальным свеце. Яго ідэямі сёння карыстаюцца між іншым польскія палітыкі з партыі «Права і справядлівасць». На жаль, Шыраку не хапіла напорыстасці, каб правесці цяжкія рэформы, якія маглі б паставіць на ногі эканоміку Францыі.
Jędrzej Bielecki/пераклад нг