А сёння я запрашаю ў гарадок Злоты Сток (Złoty Stok) - найстарэйшы горна-металургічны цэнтр у Польшчы, разьмешчаны на паўднёвым захадзе краіны. У перакладзе на беларускую мову назва населенага пункта азначае «залаты схіл».
Злоты Сток. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У апошнія гады горад страціў сваё прамысловае значэнне, але паспяхова ператварыўся ў турыстычны цэнтр, вядомы ў першую чаргу Горна-металургічным музеем „Залатая шахта”. Паводле спецыялістаў, цягам 700 гадоў эксплуатацыі мясцовых радовішчаў было дабыта 16 тон чыстага золата.
Злоты Сток. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Сярэднявечнае горнае паселішча на месцы цяперашняга гарадка было створана, хутчэй за ўсё ў X стагоддзі, у сувязі са здабычай у рэгіёне золата. Самыя старыя дакументы, якія гавораць пра гарадскія правы паселішча, датуюцца 1334 годам. Вядома, што ўжо 1273 годзе Генрых IV Пробус дазволіў цыстэрцыянцам з Каменца (Kamieniec) праводзіць тут горныя работы.
Злоты Сток. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Цягам сваёй гісторыі гарадок неаднойчы мяняў сваіх ўладароў. У прыватнасці, належаў сілезскай дынастыі Пястаў, у канцы XIV стагоддзя быў далучаны да чэшскага каралеўства, а з 1742 горад, як і ўся Ніжняя Сілезія, трапіў пад уладу Прусіі.
Злоты Сток. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Часы асаблівага развіцца гарадка, што было звязанае з развіццём здабычы і выплаўкі золата, выпадаюць на першую палову XVI стагоддзя. Тады ў гарадку дзейнічала ажно 190 шахтаў. Колькасць здабытай руды перавышала 30 тысяч тонаў, а гадавая здабыча золата дасягнула 60 кілаграмаў. Гэта складала каля 8% тагачаснай здабычы золата ў Еўропе.
Злоты Сток, манетны двор. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
На пачатку XVI стагоддзя ў гарадку быў заснаваны манетны двор, які да 1621 году выпускаў манеты з мясцовага золата.
Новы перыяд у гісторыі гарадка запачаткавала прыбыццё аптэкара Ханса Шарфенберга (Hans Scharffenberg), які вырашыў здабываць тут мыш'як.
Злоты Сток. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Цікавым фактам зяўляецца тое, што з 1920 у гарадку дзейнічала Сілезская лясная школа – адзіная па-за Берлінам, якая мела права навучаць леснікоў.
Злоты Сток. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У выніку капітуляцыі Германіі ў 1945 годзе ў гарадок без баёў увайшла Чырвоная армія, а потым перадала яго польскай адміністрацыі. Мясцовае нямецкае насельніцтва было пераселенае ў Германію. Першапачаткова горад называўся Руўнэ (Równe). Назва Злоты Сток была ўведзеная адпаведным указам у траўні 1946 года.
Злоты Сток. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Пасля Другой сусветнай вайны галоўным прамысловым прадпрыемствам у Злотым Стоку быў завод, які вырабляў мыш'як. У 1960 годзе была зачынена апошняя шахта, і такім чынам скончылася амаль 700-гадовая гісторыя горнай прамысловасці ў гарадку. Ацэньваецца, што за гэты час мясцовыя шахты здабылі каля 2 мільёнаў тон руды, з якіх было атрымана каля 10 тон золата і 126 тысяч тон мыш'яку.
Злоты Сток. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Што варта паглядзець у Злотым Стоку?
- гістарычны цэнтр горада;
Злоты Сток. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
- неагатычны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі з 1875-1876 гадоў;
Злоты Сток, касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі . Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
- комплекс былых пратэстанцкіх могілак;
- манетны двор;
- варта пазнаёміцца таксама са старымі жылымі дамамі, якія прыдаюць гарадку асаблівага клімату.
Злоты Сток. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У цяперашні час горад робіць стаўку на турызм. Гасцей прыцягвае, перш за ўсё, Музей „Залатая шахта”, а таксама разьмешчаны побач вельмі цікавы і ўнікальны Сярэднявечны тэхналагічны парк - адзіны ў Еўропе, дзе можна ўбачыць сярэднявечныя машыны, а таксама „Лабірынт страху”.
Злоты Сток, Сярэднявечны тэхналагічны парк. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У 2017 годзе ў рамках комплексу была адкрытая затопленая і забытая на доўгія гады штольня „Ахрова” (Sztolnia Ochrowa).
Злоты Сток, штольня „Ахрова”. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У сваю чаргу ў былым кар'еры быў створаны Лясны прыгодніцкі парк „Скаліска” (Skalisko) - цікавае месца для сямейнага адпачынку.
Злоты Сток, Лясны прыгодніцкі парк „Скаліска”. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Анна Задрожна