Беларуская Служба

Былая кіраўнік клінікі перарывання цяжарнасці стала актывісткай руху пралайфераў

02.11.2019 16:24
«Я жыла ў хлусні, падманвала сама сябе», - кажа Эбі Джонсан.
Кадр з фільму "Непланаваная"фота: unplannedfilm.com

У выданні правай арыентацыі W Sieci інфармацыя пра амерыканскі фільм гатунку пралайф «Непланаваная». Карціна знятая на падставе кніжкі былой дырэктаркі адной з амерыканскіх клінік «Планаванае мацярынства», дзе праводзяць аборты. У выданні таксама гутарка з самой аўтаркай кнігі і галоўнай гераіняй карціны Эбі Джонсан (Abby Johnson). Яна восем гадоў была дырэктарам клінікі, была перакананая, што робіць дабро цяжарным жанчынам, дапамагаючы ім пазбавіцца ад праблемы, нежаданага дзіцяці, пераконвала, што на пачатковай стадыі гэта яшчэ не чалавек, плод не адчувае болі. Усё змянілася, калі аднойчы яна была сведкай працэдуры і ўбачыла, як плод «уцякае» ад катэтара, як хоча ўратавацца. Тады зразумела, што гэта не «згустак крыві», а маленькі чалавек.

«Я жыла ў хлусні, падманвала сама сябе, – адзначае Эбі. – Многія людзі цягам гэтых гадоў пераконвалі мяне, што аборты – гэта зло. Але я была перакананая, што клінікі кампаніі «Планаванае мацярынства» існуюць дзеля таго, каб колькасць абортаў абмежаваць. На самой справе людзі, якія там працуюць, ніяк не дапамагаюць жанчынам, не даюць ім выбару. Калі жанчына прыходзіць у клініку, яна ўжо пазбаўлена выбару. Я сама сустрэла шмат людзей, якія сапраўды хацелі дапамагчы цяжарным, але маё кіраўніцтва аказвала ня мяне прэсінг, каб павялічыць колькасць абортаў. Гаворка ішла, канешне, пра рост даходаў клінікі. Я сама меркавала, што калі жанчына адмаўляецца ад аборту на этапе кансультацыі, гэта поспех. Аднак мае кіраўнікі думалі інакш».

Эбі адмовілася ад сваёй пасады і цяпер яна дзейнічае ў руху абаронцаў жыцця. І паўтарае, што галоўнае ў барацьбе з абортным бізнесам – не пакідаць цяжарных саміх сабе з іх праблемай, аказваць ім шырокую падтрымку. Бацькі павінны паказваць дочкам, што заўсёды будуць на іх баку, незалежна ад абставінаў. У сваю чаргу сыноў вучыць адказнасці, і што бацькоўства патрабуе ад іх клопату не толькі пра дзіця, але таксама пра яго маці.

Падчас паказу фільму «Непланаваная» ў ЗША не абышлося без скандалаў, не ўсе распаўсюднікі згадзіліся паказваць фільм. Нягледзячы на гэта, ён зарабіў у штатах 19 млн. долараў, гэта самы касавы фільм з гатунку гэтак званага хрысціянскага кіно.

нг