Беларуская Служба

Польская дзяржава аказвае падтрымку ветэранам вайны на Данбасе ды іх сем'ям

06.11.2019 08:40
Атрымальнікамі дапамогі з'яўляюцца, у прыватнасці, украінскія псіхолагі, якія працуюць з ветэранамі ды іх блізкімі.
Аўдыё
  • Палякі дапамагаюць украінскім псіхолагам працаваць з ветэранамі вайны на Данбасе
Ukraińscy żołnierze w Donbasiezdjęcie ilustracyjne
Ukraińscy żołnierze w Donbasie/zdjęcie ilustracyjneshutterstock / Liukov

З 2011 года польскія арганізацыі ладзяць праекты ў рамках праграмы «Польская дапамога», якая фінансуецца Міністэрствам замежных спраў дзяржавы. Падтрымка накіраваная за мяжу, у тым ліку ва Украіну, дзе ўжо шосты год ідзе вайна.

Польская дапамога трапляе, у прыватнасці, ва Украіну, дзе працягваецца ваенны канфлікт на ўсходніх землях краіны. Адзін з праектаў, якія фінансуюцца з Польшчы, гэта псіхалагічная падтрымка ваенных ветэранаў ды іх сем’яў. Бенефіцыярамі такой дапамогі сталі ўжо больш за 500 ветэранаў, а таксама іх сем’і. Сёлета ў рамках праграмы «Польская дапамога» пры падтрымцы фундацый «Калейдаскоп культур» і «Свабодны выбар» аказваецца дапамога таксама ўкраінскім псіхолагам, якія працуюць з ветэранамі ды іх блізкімі.

Таццяна Рудэнка з’яўляецца каардынатаркай праекту. Яна кажа, што вайна пакідае свой след у псіхіцы чалавека.

- У нас вайна ідзе ўжо шосты год. Гэта не праходзіць бясследна для ўсіх. Ёсць рэчы, праблемы, з якімі мы сустракаемся, і нам прыходзіцца іх вырашаць у часе, калі вайна яшчэ не закончылася.

Тэрапеўт Алена Паўлішына праводзіць заняткі ў Цэнтры для ветэранаў (Veteran Hub). Яна адзначае, што ўдзельнічаюць у тэрапіі не толькі ветэраны, а таксама людзі, якія, напрыклад, страцілі дах над галавой. Польскія спецыялісты перадаюць свой вопыт украінскім псіхолагам, як працаваць з такімі людзьмі.

- Вельмі шмат людзей, якія ўдзельнічаюць у занятках, мелі кантакт з вайной. Гэта або тыя, хто ваяваў, або тыя, хто чакаў вяртання салдат, людзі, якія страцілі свой дом. Польскія псіхолагі шмат нам дапамаглі яшчэ ў 2016 годзе, калі яны прыязджалі ў рамках іншага праекту. Яны вучылі нас працаваць з тымі, хто перажыў палон і катаванні. У нас тады такога не было. Палякі шмат дзяліліся сваім вопытам, паказвалі на прыкладах, як гэта спрацоўвае, давалі нам практычныя парады, а не тэорыю, пра якую можна прачытаць у кнігах. Мы не парвалі супрацоўніцтва, цяпер наш праект накіраваны на тое, як зладзіць інтэрвізіі ўнутры груп узаемадапамогі для псіхолагаў, каб не было выгарання, каб не страчваць якасных спецыялістаў. Калі чалавек працуе нейкі час з траўмай, ён выгарае, не можа ўжо далей працаваць і сыходзіць.

Адзін з удзельнікаў антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе – Уладзіслаў, які намераны яшчэ вярнуцца на фронт, таму прасіў карэспандэнта Польскага радыё не называць яго прозвішча ў эфіры. Уладзіслаў расказаў, як яму ўдалося вярнуцца з вайны ў нармальнае, мірнае жыццё. Ветэран кажа, што на вайне прасцей, там простыя правілы жыцця, таму, парадаксальна, многія салдаты імкнуцца вярнуцца на поле бою.

- Мне пашанцавала, я змог знайсці добрую працу. Аднак мы заўсёды імкнемся вярнуцца назад, на вайну. Там іншыя стандарты жыцця, усё проста. Калі ў мірным жыцці штодзённа памыцца – гэта нармальна, то там, у акопах, мы ўсе смярдзім аднолькава, усім усё роўна. Тут іншыя сацыяльныя каштоўнасці. Калі доўга прабываеш на вайне, цяжка вярнуцца сюды і адказваць сацыяльным стандартам. Там ты рызыкаваў жыццём, а тут табе нешта навязваюць. Гэта цяжка.

З такімі людзьмі, якія перажылі вайну, і не заўсёды могуць знайсці сэнс у мірным жыцці, працуюць украінскія псіхолагі. Калі чалавек перажыў фізічнае раненне, яно адразу бачнае, яго можна залячыць. Маральныя траўмы патрабуюць часта даўжэйшай тэрапіі, яны не заўсёды бачныя голым вокам. Ветэранка Аліна Вяткіна распавядае, што пасля вяртання з фронту ў яе паявіліся думкі пра самагубства, страх, яна зусім не магла ездзіць у метро, у маршрутках, прабываць там, дзе шмат людзей. Ёй прыйшлося звярнуцца па дапамогу да псіхатэрапеўта. Яна мяркуе, што дапамога з боку польскіх спецыялістаў украінскім важная і патрэбная.

- У мяне, пасля таго, як я вярнулася, былі суіцыдальныя думкі, павышаная трывожнасць, я вельмі рэзка рэагавала на ўсё, што адбывалася вакол мяне ў маршрутках, у метро. З-за шуму і натоўпу я зусім не магла ездзіць у метро. Спачатку я прайшла трэнінг у грамадскай арганізацыі «Пабрацімы», а пазней пачала працаваць індывідуальна з псіхатэрапеўтам. Ужо амаль два гады працую з псіхатэрапеўтам. Польскія псіхолагі вучаць нашых псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў, як дапамагаць ветэранам і іх сем’ям. На маю думку, гэта патрэбна і важна, паколькі яны дзеляцца сваім досведам.

Рэалізаваны сёлета ў Кіеве праект «Польскай дапамогі развіцця» накіраваны перш за ўсё на падтрымку ўкраінскіх псіхолагаў. Гэта працяг ранейшых праграм, якія дапамагалі як ветэранам, так і асобам, якім прышлося пакінуць ранейшае месца жыхарства. З удзельнікамі праекту размаўляў Кшыштаф Рэнік.

нг