Трэці год запар у адной з пачатковых школаў Варшавы адбываюцца суботнія заняткі па беларускай мове. Вучоба зладжана для двух груп – дашкольнага і школьнага ўзросту. Заняткі магчымыя дзякуючы фінансаванню з польскага дзяржаўнага бюджэту, яны прызначаныя для грамадзянаў Польшчы, прадстаўнікоў нацыянальнай меншасці беларускага паходжання.
Беларуская дзяржава не цікавіцца навучаннем. Затое пацікавілася ім старшыня Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская. Яна прысутнічала на занятках, размаўляла з настаўнікам, і дала інтэрв’ю нашаму радыё.
-Я прыехала, каб пазнаёміцца з дзейнасцю грамадскіх арганізацыяў Польшчы, якія працуюць з польскай дыяспарай, пазнаёміцца з іх вопытам. Пры нагодзе наведала беларускую школу.
Зацікаўленне беларускай мовай за мяжой невялікае, паколькі і ў Беларусі з беларускай мовай ды ідэнтычнасцю ёсць вялікія праблемы. Мы, ЗБС «Бацькаўшчына», распачалі разам з шэрагам іншых арганізацыяў, кампанію «Будзьма беларусамі». Місія кампаніі – паглыбленне ідэнтычнасці, усведамленне прыналежнасці да беларускай культуры. Беларусы прывязаны да сваёй краіны тэрытарыяльна і пашпартамі. З’язджаючы ў іншую краіну, набываючы яе грамадзянства, яны перастаюць быць беларусамі. А наша ідэнтычнасць – гэта ж абарона нашай незалежнасці!
Існуе дзяржаўная праграма (працы з беларусамі замежжа – нг), але, як кажуць, яна носіць саламяна-цымбальны характар. Дзяржава ж павінна ставіць стратэгічныя мэты, напрыклад, мы хочам, каб праз 10 гадоў у нас было беларускае школьніцтва ў такой і такой краіне. Калі паставіць такія мэты, дзяржава пачне іх рэалізаваць. Ёсць прыклад Польшчы, як яна працуе са сваёй дыяспарай. Скажам, у Ірландыі, Вялікабрытаніі таксама ёсць нядзельныя ці суботнія школы, але ў іх зусім іншае матэрыяльнае забеспячэнне, зусім іншая метадалогія выкладання. Методыка навучання распрацоўваецца ў Варшаве, а веды адаптоўваюцца пад тую краіну, дзе адбываецца навучанне. Для нас гэта гучыць зусім фантастычна.
З Аленай Макоўскай гутарыла Наталля Грышкевіч
поўную гутарку слухайце ў аўдыё