Беларуская Служба

1 лютага 1661 году адбылося паўстанне магілёўцаў супраць маскоўскага цара

01.02.2020 11:03
У выніку вайны Масковіі супраць Рэчы Паспалітай, якая распачалася ў 1654 годзе, Магілеў апынуўся на 7 гадоў пад маскоўскай акупацыяй.
Аўдыё
  • Паўстанне было запланаванае на 10 лютага, аднак нахабнае стаўленне маскалёў да гандлярак прыспешыла выбух паўстання на 1 лютага.
    XVII .
План Магілёва ў канцы XVII ст.Чаховіч Уладзіслаў - Уласная праца, CC BY-SA 4.0

У той час гэты горад быў самым буйным гандлёвым і палітычным цэнтрам на ўсходзе Вялікага Княства Літоўскага. З прычыны таго, што пасля ўступлення Масковіі ў вайну з Рэччу Паспалітай горад фактычна апынуўся ў акружэнні і быў вымушаны здацца маскоўскаму цару, каб пазбегнуць знішчэння. Здача горада вельмі моцна ўразіла караля Рэчы Паспалітай, ён пазбавіў горад магдэбургскага права.

Улічваючы той факт, што большасць насельніцтва была праваслаўнае, гараджане спадзяваліся на добрыя адносіны з маскалямі і на захаванне сваіх правоў, як у свой час украінскія казакі.

Гэтага безумоўна не адбылося. Ужо ў першыя гады адбываліся значныя канфлікты паміж царскім ваяводам і гараджанамі, якія самі жадалі выбіраць бургамістра і магістрат, што для цара і ягоных падапечных было немагчымым нават на ўзроўні свядомасці. Царскімі ўладамі было ліквідаванае адное з буйных праваслаўных брацтваў, а мясцовае духавенства, якое не жадала падпарадкоўвацца Маскоўскай патрыярхіі, было высланае ў глыб Масковіі.

Да гэтага стральцы маскоўскага гарнізона, які налічваў да 10 тыс. чалавек, паводзілі сябе нахабна.
У 1661 годзе магілёўцы, пад кіраўніцтвам бургамістра Язэпа Левановіча вырашалі пазбавіцца ад маскалёў. Было вырашана, што жыхары горада, у дамах каторых раскватараваныя стральцы, выкруцяць крэмені з іх стрэльбаў.
Паўстанне было запланаванае на 10 лютага. Тым ня менш, нахабнае стаўленне маскалёў да гандлярак, прывяло да таго, што 1 лютага з-за рабаўніцтва і знявагі Язэп Левановіч падняўшы меч, кінуў вокліч: «Пара»! «Пара»! і кінуўся секчы стральцоў. У выніку паўстання загінуў амаль увесь гарнізон.

Магілёўскае паўстанне было адной з яскравых старонак вайны Рэчы Паспалітай і Масковіі. У выніку кароль Ян Казімір вярнуў гораду не толькі магдэбургскае права, але і ўраўнаваў яго ў правах да Вільні.

Горад таксама атрымаў новы герб, на якім знаходзяцца тры вежы з Пагоняй, а ў брамах стаіць рыцар з мячом.

Павал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара