У гэтвы дзень папу ўзгадваюць яго знаёмыя і блізкія.
Ужо будучы папам Ян Павал ІІ прыехаў у Вадавіцы і гаварыў так:
-Тут, у Вадавіцах, усё пачалося. Пачалося і жыццё, і школа, вышэйшая адукацыя, тэатр, пачалося і святарства. Гавораць: паўсюль добра, а лепш за ўсё дома. Мінула столькі часу, як я выйшаў з Вадавіцаў, але я заўсёды вяртаюся сюды з пачуццём, што мяне чакаюць як у родным доме. А там была цукерня, пасля выпускных экзаменаў мы хадзілі тады на пірожныя з крэмам.
Пра родныя Вадавіцы Ян Павал ІІ узгадваў вельмі чула неаднойчы. Дагэтуль у горадзе захавалася кватэра, у якой нарадзіўся Караль Вайтыла. Яго бацькамі былі Эмілія і Караль Вайтылы, бэатыфікацыйны працэс якіх распачаўся тыдзень таму. У музеі сямейны дом Яна Паўла ІІ расказваюць, што пакой, дзе на свет прыйшоў Караль, робіць вялікае ўражанне на наведвальніках.
У дзяцінстве Караля называлі часцей за ўсе Лолькам. Яго лічылі таленавітым і спартыўным хлопцам. Ён рэгулярна граў у футбол і ездзіў на лыжах. Вельмі важным элементам жыцця Караля былі прыродазнаўчыя прагулкі, а таксама шпацыры ў ваколіцах Вадавіцаў, на якія ён хадзіў разам з бацькам.
Халіна Квяткоўска са школьных часоў ведала Караля Вайтылу:
- Лёс так шчасліва да мяне павярнуўся, што я ведала Караля Вайтылу, а потым папу Яна Паўла ІІ 72 гады. Мы пазнаёміліся ў Вадавіцах. Мой бацька стаў дырэктарам гімназіі, у якую хадзіў Караль Вайтыла. Я магу расказаць, якім хлопцам ён быў. Яго любілі, нягледзячы на тое, што ён ніколі не дазволіў спісаць сваю хатнюю працу. Вучыўся на выдатна. Але, калі нехта з аднакласнікаў не разумеў нейкага прадмету, ці то матэматыкі, ці то лацінскай мовы, ён сядаў побач і тлумачыў яму тэму. Быў вельмі спартыўным хлопцам. Калі на перапынках, ці на фізкультуры хлопцы гралі ў ручны футбол, то ён заўсёды стаяў на варотах. Усе ведаюць, што ён вельмі добра ездзіў на лыжах, выдатна плаваў і на байдарках, і звычайна. На нашай рацэ Скаве быў чыгуначны мост. Пад ім рака была самая глыбокая. Хлопцы станавіліся на край мосту і скакалі ў раку. Караль быў сярод гэтых хлопцаў і дасканала плаваў.
Будучы падлеткам ён перажыў смерць блізкіх яму людзей. Калі яму было 9 гадоў, памерла яго маці. Праз тры гады ва ўзросце 26 гадоў з жыцця пайшоў яго брат Эдмунд. Святаром ён стаў у 1946 годзе, а ў 1958 годзе – біскупам.
Зоф’я Сілкоўска, дачка сябра Караля Вайтылы, гаворыць, што разам з атрыманнем біскупскага тытулу Караль Вайтыла не памяняў сваіх адносін да знаёмых.
-Калі я была 8-гадовай дзяўчынкай, ён прыехаў да нас да дому. Тата ўжо раней нам казаў, што цяпер да яго нельга кідацца ў абдымкі і гаварыць дзядзька, толькі трэба звяртацца эксцэленцыя, бо гэта ўжо біскуп. Мы стаім у радку і чакаем, а ў мяне вялікая праблема: як укленчыць і адначасова пацалаваць біскупскі персцень. Святы Айцец быў даволі высокім чалавекам. Калі пацалаваць персцень, то не ўдасца ўкленчыць, і наадварот. А трэба гэта зрабіць адначасова. У пэўным моманце з маіх вуснай прагучала «эксцэленцыя», на што дзядзька рассмяяўся, як ён гэта часта рабіў такім сардэчным смехам. Ён паглядзеў на нашага тату і сказаў, што бачна яго праца над дочкамі. І сказаў мне: «Запамятай, для цябе і тваіх сёстраў я да канца жыцця буду дзядзькам». І выканаў сказанае.
-Ян Павал ІІ быў папам для людзей, абвяшчаючы, што чалавек з’яўляецца дарогай Касцёла і паслядоўна вёў Касцёл дарогай чалавека. Ян Павал ІІ меў свядомасць, што Касцёл не можа сёння чакаць чалавека ні ў Ватыкане, ні ў парафіяльным храме, але павінен выходзіць да яго, шукаць чалавека там, дзе ён ёсць, – так пра пантыфіка гаворыць біскуп Шыман Стулкоўскі, пацвярджаючы сведчанні людзей, якія асабіста ведалі Караля Вайтылу.
100-годдзе з дня народзін Яна Паўла ІІ – гэта вялікая падзея. У Польшчы яна праходзіць на высокім узроўні, хоць, калі б не пандэмія каранавірусу, святкаванні праходзілі б у рэальным, а не ў віртуальным свеце.
ав