Беларуская Служба

94 гады таму Юзэф Пілсудскі здзейсніў дзяржаўны пераварот

15.05.2020 21:03
Пасля перавароту ў Польшчы дэ-факта была ўведзеная вайсковая дыктатура, якую пасля смерці Пілсудскага называлі таксама «дыктатурай палкоўнікаў».
Аўдыё
  • У маі 1926 года Юзэф Пілсудскі здзейсніў дзяржаўны пераварот
Jóżef Piłsudski
Jóżef PiłsudskiNAC

94 гады таму ў месяцы маі Польшча стала сведкам гістарычнай падзеі, якая вызначыла яе палітыку ажно да 1939 года, да пачатку Другой сусветнай вайны. У трэцім вясеннім месяцы 1926 года Юзэф Пілсудскі здзейсніў дзяржаўны пераварот.

У гісторыі Польшчы пераваротаў было няшмат, і таму мяцеж Пілсудскага прыцягвае ўвагу гісторыкаў. Тым больш, што здзейснены ён быў у краіне, якая стала незалежнай усяго 8 гадоў таму, а яшчэ 6 гадоў таму ўдзельнічала ў польска-бальшавіцкай вайне.

Пераварот Пілсудскага ў польскай гістарыяграфіі называюць Майскім пераваротам альбо Майскім путчам. Варта звярнуць увагу на тое, што ў момант перавароту Пілсудскі не займаў нейкай важнай пасады ў дзяржаве, але яму было вернае войска. Аднак пасля перавароту ён увёў у Польшчы сістэму вайскова-палітычнага кіравання, якую называлі санацыяй. Слова мае лацінскае паходжанне: па-латыні sanatio – аздараўленне. Тагачасныя польскія ўлады лічылі, што ў выніку перавароту наступіць аздараўленне дзяржаўнага і грамадскага ладу. Дарэчы, словы «санацыя» і «санацыйны» праз польскую мову глыбока ўвайшлі ў беларускую і часта выкарыстоўваюцца ў грамадскім жыцці, калі гаворка ідзе пра міжваенную Польшчу і Заходнюю Беларусь.

Пасля перавароту ў Польшчы дэ-факта была ўведзеная вайсковая дыктатура, якую пасля смерці Пілсудскага называлі таксама «дыктатурай палкоўнікаў», таму што вялікі ўплыў на палітыку дзяржавы мелі палкоўнікі, паплечнікі маршала Польшчы. Пры гэтым варта нагадаць, што ў тыя часы ў Еўропе не існавала цалкам дэмакратычных дзяржаў у сучасным значэнні гэтага слова: адзіным выключэннем была Чэхаславакія. Але пра ўсё па парадку.

Прычынай перавароту была палітычная й эканамічная сітуацыя ў краіне, якая пагаршалася. А непасрэднай прычынай стала серыя кабінетных крызісаў, якія ахапілі Польшчу ў 1925-1926 гадах.

Тагачасная польская эканоміка была ў трагічнай сітуацыі. У 1925 годзе, пасля таго, як некалькі ўрадаў на працягу кароткага часу змянілі адзін аднаго, і палітычная сітуацыя рабілася ўсё больш хаатычнай, Пілсудскі пачаў адкрыта крытычна ставіцца да ўраду, і ўрэшце зрабіў заяву – патрабаванне адстаўкі кабінета Вінцэнты Вітаса.

Дзякуючы садзейнічанню вайсковага міністра Люцыяна Жалігоўскага пад відам манеўраў у маі 1926 года ў ваколіцы падваршаўскага Рэмбертава былі перакінутыя верныя Пілсудскаму часткі.

10 мая 1926 года Юзэф Пілсудскі даў інтэрв'ю газеце «Kurier Poranny», у якім заявіў, што пачынае змагацца са злом, гэта значыць з «сеймакратыяй». Сказаў таксама, што ў краіне хоча правесці санацыю палітычнага жыцця. Улады краіны газетны тыраж канфіскавалі. А ноччу з 11 на 12 мая варшаўскі гарнізон быў падняты па трывозе. Прычым частка гарнізону падпарадкавалася Пілсудскаму, частка – ураду. 12 мая войскі маршала занялі масты на рацэ Вісла. У горадзе легальны ўрад Польшчы абвясціў надзвычайнае становішча. Каля 17-й гадзіны на мосце імя Панятоўскага, які захаваўся да нашых дзён, адбылася сустрэча маршала Пілсудскага й прэзідэнта Станіслава Вайцехоўскага.

Пазней прэзідэнт Вайцехоўскі гэтак згадваў сустрэчу: «Пад’ехаў аўтамабіль з Пілсудскім і некалькімі афіцэрамі. Ён адзін да мяне падышоў. Я яго прывітаў словамі: «Я стаю на варце гонару Войска Польскага». Гэтыя словы яго знервавалі і ён схапіў маю руку ды сказаў: «Ну,ну, толькі не такім чынам!». Я адштурхнуў руку Пілсудскага й сказаў: «Я – прадстаўнік Польшчы. Я патрабую, каб вы адмовіліся ад сваіх незаконных ідэй!». «Для мяне законны шлях ужо закрыты», – сказаў Пілсудскі і накіраваўся ў машыну».

Маршал хацеў, каб кабінет прэм’ер-міністра Вінцэнты Вітаса падаў у адстаўку. Кансенсус дасягнуць не ўдалося. Каля 19-й гадзіны пачаліся баявыя дзеяньні. На наступны дзень у перамовы падключыліся арцыбіскуп Аляксандр Какоўскі і старшыня Сейма Мацей Ратай. Гэтыя перамовы таксама не далі эфекту. Краіна апынулася на мяжы грамадзянскай вайны.

Пасля трохдзённых баёў у Варшаве, падчас якіх загінулі 379 чалавек і болей за 900 былі параненыя, Пілсудскі ўзяў пад кантроль сітуацыю ў краіне і правёў радыкальныя змены ва ўладзе. Ён заняў пасады вайсковага міністра й генеральнага інспектара ўзброеных сілаў, такім чынам узяўшы пад свой поўны кантроль армію. Пазней двойчы займаў пасаду прэм’ер-міністра.

31 мая 1926 года Пілсудскі быў абраны Сеймам прэзідэнтам Польшчы, аднак адмовіўся ад пасады, тлумачачы гэта тым, што паўнамоцтвы прэзідэнта вельмі малыя.
Пры паўторным галасаванні прэзідэнтам, паводле рэкамендацыі Пілсудскага, быў абраны Ігнацы Масціцкі. Стварэнне новага ўраду і выбар прэзідэнта фактычна легалізавалі пераварот.
Пераварот прывёў да 13-гадовага аўтарытарнага праўлення санацыйнага ўраду, якое закончылася толькі з пачаткам Другой сусветнай вайны.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу