Беларуская Служба

6.06.1867 г. у Парыжы паляк здзейсніў пакушэнне на цара Аляксандра ІІ

06.06.2020 07:50
Замахоўцам быў польскі імігрант паўстанец шляхціц Антон Беразоўскі.
Аўдыё
  • Паўстанец Антон Беразоўскі ў Парыжы здзейсніў замах на Александра ІІ
Антон Беразоўскіhttps://pl.wikipedia.org/wiki/Antoni_Berezowski

Расійскі цар Аляксандр ІІ даволі супярэчлівая фігура. З аднаго боку, ён распачаў шэраг рэформаў у Расійскай Імперыі, з іншага менавіта супраць яго ўнутранай палітыкі распачалося самае буйное нацыянальна-вызваленчае паўстанне на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай 1863-1864 гг., пасля падаўлення якога па гэтых землях пракацілася хваля рэпрэсій.

Дзеянні цара, сацыяльныя супярэчнасці ў краіне, дзейнасць рэвалюцыйных груп прывяло да таго, што Аляксандр ІІ стаўся аб’ектам пакушэнняў. Агулам іх было 7. Першае адбылося ў 1866 годзе ў Пецярбургу. 6 чэрвеня 1867 году была другая спроба забіць расійскага цара ў Парыжы.

Замахоўцам быў польскі імігрант шляхціц Антон Беразоўскі. Па ягоных словах, ён з самага дзяцінства марыў пра тое, каб забіць цара і гэтым самым вызваліць Польшчу. Ва ўзросце 16 год Антон Беразоўскі ўдзельнічаў у Паўстанні 1863 году, а пасля падаўлення эміграваў у Францыю і жыў у Парыжу.

У траўні 1867 году на запрашэнне Напалеона ІІІ ў Парыж прыехаў Аляксандр ІІ. Менавіта тады ў Беразоўскага нарадзілася ідэя забіць расійскага цара.
Рыхтавацца да пакушэння ён пачаў з 1 чэрвеня, самастойна. Ніхто не ведаў пра ягоныя планы.

6 чэрвеня 1867 году карэта з Аляксандрам ІІ выехала з іпадрому Лашан, дзе адбываўся вайсковы прагляд. Разам з ім былі два ягоныя сыны і імператар Францыі. Беразоўскі наблізіўся да карэты і з вельмі блізкай адлегласці выстраліў у цара. Толькі хуткая рэакцыя афіцэра аховы, які ўдарыў па пісталеце Беразоўскага, выратавалі цара. Куля трапіла ў каня, а самога Беразоўскага схапілі.
Паводле гістарычных крыніц, сабраны там натоўп людзей, кінуўся на замахоўца і яго адразу схапілі. Французы думалі, што злавілі замахоўца на Напалеона ІІІ.

Суд распачаўся ўжо 15 чэрвеня. Беразоўскі цалкам і адкрыта прызнаў віну. Яму пагражала смяротнае пакаранне, але адвакат Беразоўскага, абгрунтоўваў ягоныя дзеянні як помсту за радзіму і сям’ю, якая шмат пацярпела ад царскіх рэпрэсій пасля паўстання. Беразоўскага прыгаварылі да 40 гадоў катаргі ў Новай Каледоніі на Ціхім акіяне. У 1906 годзе яго амніставалі, але ён застаўся там жыць да самой смерці.

Алякасандр ІІ загінуў у 1881 годзе ад рук іншага рэвалюцыянера, які паходзіў з Бабруйска, Ігната Грыневіцкага.

Пaвал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара