Выданне Newsweek піша пра сустрэчу прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, якія далучыліся да акцыі #StopHateForProfit (стоп нянавісці ў імя прыбытку) з кіраўніцтвам сацсеткі Facebook. Спатканне прайшло безвынікова.
Каталізатарам кампаніі #StopHateForProfit была трагічная падзея ў ЗША, калі паліцэйскі задушыў чарнаскурага затрыманага Джорджа Флойда. Здарэнне выклікала хвалю масавых пратэстаў супраць расавай дыскрымінацыі, спачатку ў ЗША, а пазней на ўсім свеце. У апагеі падзей прэзідэнт Дональд Трамп напісаў у сацсетцы Twitter: калі пачынаецца разбой, пачынаецца стралянне, і назваў дэманстрантаў бандытамі. Twitter адразу ўнёс выказванне Трампа ў разрад такіх, якія заклікаюць да гвалту або распаўсюджваюць фэйк-ньюсы. У сваю чаргу Facebook адмовіўся такім чынам кваліфікаваць пост, спасылаючыся на свабоду слова. Тады арганізатары акцыі супраць гвалту апублікавалі ў выданні Los Angeles Times заклік да амерыканскіх фірмаў, каб яны не заказвалі рэкламу на Facebook. На пачатку ліпеня такіх кампаній было ўжо каля чатырохсот. Кіраўніку ФБ Марку Цукербергу прыйшлося адрэагаваць. Аднак сустрэча з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацыяў не прынесла чаканых вынікаў.
Facebook жыве дзякуючы рэкламам, але 100 самых буйных рэкламадаўцаў даюць яму толькі каля 10% гадавых прыбыткаў. Большасць грошай прыносяць яму малыя і сярэднія кампаніі ў ЗША. У сваю чаргу выбарчы штаб Дональда Трампа, паводле інфармацыі тэлебачання CNBC, уваходзіць у дзясятку буйнейшых рэкламадаўцаў Facebook. Таму сацсетка не спяшаецца змагацца з агрэсіўнымі выказваннямі палітыкаў. Большую эфектыўнасць маглі б прынесці толькі палітычныя рашэнні аб рэгуляванні рынку ў ЗША ды Еўропе. Націск грамадскіх арганізацый, рэкламадаўцаў ды бізнесу не вырашыць праблему, але можа паскорыць адміністрацыйныя рашэнні.
нг