Штогод туды прыбывалі дзясяткі тысяч людзей, тысячы прыходзілі пешшу. Сёлета пілігрымаў з-за пандэміі значна менш, а традыцыйныя пешыя пілігрымкі праходзяць у меншай форме.
Нягледзячы на цяжкасці і змененыя формы пілігрымавання паломніцтвы на Ясну Гуру ў Чэнстахове ідуць. У сераду да Маці Божай прыйшла 42-ая Пешая пілігрымка з Торуньскай дыяцэзіі.
У гэтым годзе пілігрымка праходзіла ў форме эстафеты, у якой на працягу дзевяці дзён кожная з груп торуньская дыяцэзіі была адказная за адзін дзень дарогі. У пілігрымцы, як штогод, вандравала група з парафіі манахаў паўлінаў – кажа айцец Дарыюш Кропач:
-Торуньская пілігрымка была эстафетай. Кожная група мела свой вызначаны дзень. Нашая група, блакітная, ішла на шосты дзень, у нядзелю. Сёння мы прыехалі другі раз, каб зайсці і пакланіцца Марыі. Мае думкі такія, што цяпер патрэбная малітва, бо цяпер няпэўны час, звязаны з вірусам і астатнім. Нам патрэбная канкрэтная падтрымка, якая прыходзіць праз Марыю. Яе заступніцтва, ласкі.
Каб не спыняць традыцыі пілігрымавання, ужо 29-ы раз у пілігрымку выйшаў спадар Зянон з Торуню:
-Кожная хвіліна з Божай Маці з’яўляецца вялікай радасцю. Гэта таксама сведчанне для іншых, каб яны жылі верай штодня, нягледзячы на ніякія цяжкасці, сёлетнюю эпідэмію. Божая Маці з намі, не толькі ў часе гэтай пілігрымкі, але і штодня, а мы ўсё жыццё ідзём у пілігрымцы.
Ад Вармінскай архідыяцэзіі ў пілігрымцы ішло 60 чалавек. Пра свой досвед расказваюць Лукаш і Кася:
-Мы ішлі 13 дзён. Разам прайшлі 465 кіламетраў. Паўсюль, дзе мы начавалі, ці нас кармілі абедамі, усё праходзіла ў санітарным рэжыме. Нават бутэрброды кожнаму з нас запакоўвалі ў асобныя пакеты. Усе былі ў масках і пальчатках.
-Гэтая пілігрымка была цалкам іншай, чым усе папярэднія. Штогод усе задумваюцца, чаму мы ідзем. Думаю адказам з’яўляецца галоўны лозунг нашай пілігрымкі: Вялікая таямніца веры. Нягледзячы на нетыповыя ўмовы мы змаглі перажыць гэты час і наблізіцца да Бога.
Больш за дзесяць дзён у форме эстафеты ішлі пілігрымы з Гданьскай архідыяцэзіі.
Стомленых вернікаў на Яснай Гуры прывітаў біскуп Веслаў Шляхэтка:
-Я тут кожны год. Ужо шэсць гадоў я сустракаю пілігрымаў з Гданьскай архідыяцэзіі. Крыху іншыя форма, але яна надалей абапіраецца на глыбіню пасылу навучання Хрыста. У святле Бібліі пілігрымка з’яўляецца іконай Касцёла, супольнасці Хрыста, якая ідзе з аднаго месца ў іншае, а месца – канчатковая сустрэча з Богам.
Санктуарый – гэта адно з найважнейшых месцаў культа Маці Божай у Польшчы, якое сотні гадоў з'яўляецца найважнейшым цэнтрам пілігрымак. На Яснай Гуры знаходзіцца абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, а таксама калекцыя іншых твораў мастацтва, найчасцей сакральнага.
Штогод на Ясну Гуру ў Чэнстахову прыбывае некалькі мільёнаў пілігрымаў і турыстаў з 80 краін свету. Дзень Маці Божай Чэнстахоўскай адзначаецца 26 жніўня.
ав