Беларуская Служба

109 гадоў таму над Варшавай быў здзейснены першы палёт на самалёце

14.08.2020 17:31
Пілотам быў Міхал Сцыпіа дэль Кампа - піянер польскай авіяцыі. 
Аўдыё
  • 109 гадоў таму над Варшавай быў здзейснены першы палёт на самалёце
    ,  , 1912
Паказ палёту Сцыпіа дэль Кампа, горад Чэнстахова, 1912 годpublic domain

109 гадоў таму ў гісторыі польскай авіяцыі здарылася знамянальная дата. Адзін са смельчакоў здзейсніў палёт на самалёце над Варшавай. Звалі яго Міхал Сцыпіа дэль Кампа. 

Міхал Сцыпіа дэль Кампа (Michał Scipio del Campo) – прозвішча, можна сказаць, абсалютна не польскае, але італьянскае. І гэта праўда. Але авіятар быў палякам і такім сябе лічыў, хоць расіяне яго таксама лічаць піянерам сваёй авіяцыі. Але здзіўляцца не прыходзіцца, бо ў тыя часы Польшча была падзеленая паміж трох імперый, а Варшава якраз уваходзіла ў склад Расіі.
Карані польскага авіятара спраўды ў Італіі. Яго продкі прыйшлі ў Польшчу ў 1518 годзе разам з пазнейшай каралевай польскай і вялікай княгіняй літоўскай Бонай Сфорцай, жонкай Жыгімонта І Старога. І з таго часу сям'я Міхала Сцыпіа дэль Кампа асела ў Каралеўстве Польскім, якое стала для іх радзімай.

Нарадзіўся пазнейшы лётчык у 1887 годзе ў сяле Райкі ў Кіеўскай губерні (сёння гэта Жытомірская вобласць) у багатай сямʼі.

Дарэчы, у неба хлопчык Міхал пачаў глядзець даволі рана. Калі яму было 11 гадоў, то ён пайшоў за родную вёску, дзе стаяў вялікі 20-метровы ветраны млын. Ён упершыню схапіў за лопасці ветрака і падняў на 20 метраў! І бадай што таы ён зразумеў, што неба – гэта яго стыхія.

Пасля атрымання сярэдняй адукацыі Міхал Сцыпіа дэль Кампа вывучаў металургію ў Санкт-Пецярбургскім палітэхнічным інстытуце імя Пятра Вялікага. У 1905 годзе захапіўся авіяцыяй. У 1910 годзе, будучы членам Французскага аэраклуба, Сцыпіа дэль Кампа атрымаў ліцэнзію пілота.
Падчас правядзення ў Санкт-Пецярбургу міжнароднага авіяцыйнага тыдня ў маі 1911 года здзейсніў палëт на манаплане расійскай канструкцыі «Кудашев-4», але адбылася аварыя. На шчасце, пілот не пацярпеў.

13 жніўня 1911 года на нямецкім самалёце «Etrich-Rumpler Taube» здзейсніў першы ў гісторыі палёт над Варшавай, падняўшыся на вышыню 400-500 метраў. Самалёт падняўся ў паветра каля 19-й гадзіны, палёт працягваўся 18 хвілін. Дарэчы, у тыя часы палёты над горадам былі забароненыя, і дэ-факта Сцыпіа дэль Кампа здзейсніў злачынства. Але дзякуючы гэтаму ён трапіў на старонкі гісторыі, а сам палёт стаў падзеяй у Варшаве і ўвогуле ў Польшчы – пра яго яшчэ доўга гаварылі людзі.

У верасні 1911 года правёў выпрабаванне першага польскага самалёта, створанага інжынерамі-канструктарамі Чэславам Збяранскім і Станіславам Цывінскім.

На наступны ж дзень, 26 верасня 1911 года, Сцыпіа дэль Кампа распачаў няўдалую спробу пералёту на біплане «Zbierański і Cywiński» са сталіцы Польшчы – Варшавы, у сталіцу імперыі – Санкт-Пецярбург. Завяршыць палёт не ўдалося з-за паломкі і падзення самалёта. І зноў жа, пілот не пацярпеў.

Пазней ён заняўся выключна авіяцыяй і быў лётчыкам-інструктарам школы пілатажу ў варшаўскім таварыстве «Awiata» і лётчыкам-выпрабавальнікам у Маскве і Кіеве. Прымаў удзел у шматлікіх авіяцыйных мерапрыемствах, у тым ліку міжнародных.

Да 1914 года правёў цэлы шэраг дэманстрацыйных палётаў на розных тыпах лятальных апаратаў.
Пачынаючы з 1914 па 1932 год жыў у Швецыі, дзе працаваў інжынерам для аднаго з канцэрнаў. Памятайма, што Міхал Сцыпіа дэль Кампа па адукацыі быў металургам, а Швецыя ў той час была краінай, дзе хутка развівалася металургічная галіна. У 1932 годзе ён прыехаў і пасяліўся ў польскай сталіцы, дзе пражыў да канца другой сусветнай вайны.

У 1945 годзе пераехаў у Сілезію, у Катавіцы, дзе працаваў на чале створанага ім канструктарскага бюро інжынерам пры будаўніцтве металургічных печаў.

У 1952 годзе Міхал Сцыпіа дэль Кампа пайшоў на пенсію, але ведаючы і свабодна размаўляючы на ​​многіх мовах (рускай, англійскай, французскай, нямецкай, італьянскай, іспанскай, партугальскай, дацкай, шведскай, нарвежскай), стаў прысяжным перакладчыкам.
З 1956 года займаўся грамадскай дзейнасцю, быў актывістам Сілезскага аэраклуба ў горадзе Катавіцы.

Міхал Сцыпіа дэль Кампа лічыцца адным з трох першых расійскіх пілотаў, чые імёны размешчаныя на Дошцы гонару ў Доме лётчыкаў у Санкт-Пецярбургу. Ён быў таксама першым вядомым у Еўропе польскім авіятарам.

Памёр вядомы паляк у 1984 годзе, не дажыўшы да 100-гадовага юбілею трох гадоў.

вс

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу