Беларуская Служба

З 2 на 3 кастрычніка 1944 была падпісаная капітуляцыя Варшаўскага паўстання

03.10.2020 14:01
Галоўнакамандуючы Польскага войска Тадэвуш Бор-Камароўскі вырашыў, што далейшы супраціў не мае ніякага стратэгічнага сэнсу.
Аўдыё
  • З 2 на 3 кастрычніка 1944 была падпісаная капітуляцыя Варшаўскага паўстання
Pomnik Powstania Warszawskiego
Pomnik Powstania Warszawskiegoshuttesrstock/marekusz

Напрыканцы верасня 1944 году нямецка-фашысцкія войскі распачалі маштабнае наступленне на асноўныя раёны Варшавы: Макотаў, Жалібаж (Mokotów, Żoliborz). У гэтых раёнах ішлі жорсткія сутыкненні паўстанцаў з фашыстамі, аднак перавага была па баку гітлераўцаў. Пад кантролем паўстанцаў заставаўся толькі цэнтр Варшавы «Сьрудмесце» (Śródmieście).

У выніку галоўнакамандуючы Польскага войска Тадэвуш Бор-Камароўскі (Tadeusz Bór-Komorowski) вырашыў, што далейшы супраціў не мае ніякага стратэгічнага сэнсу. Было прынятае рашэнне пайсці на перамовы з гітлераўцамі па капітуляцыі. Пасля гэтага ў Ажараў (Ożarów), дзе знаходзіўся штаб нямецкіх войскаў, якімі кіраваў генерал Эрых фон дэн Бах, была накіравана дэлегацыя, якая прадстаўляла паўстанцаў.

На пачатку была падпісана дамоўленасць па спыненню агную з 1 па 2 кастрычніка і менавіта ў Ажараве пачаліся перамовы па капітуляцыі. Размовы доўжыліся з 8 гадзіны раніцы да 21 гадзіны вечара 2 кастрычніка. Ад імя галоўнай камендатуры Арміі Краёвай перамовы вялі палкоўнік Казімеж Іранэк-Асмэцкі «Хэлер» (Kazimierz Iranek-Osmecki «Heller»), і палкоўнік Зыгмунт Дабравольскі «Зындрам» (Zygmunt Dobrowolski «Zyndram»). Канчатковая версія дакументу была падпісана ў начы з 2 на 3 кастрычніка.

У адпаведнасці з дакументам, з 2 кастрычніка прыпыняліся ўсе ваенныя дзеянні і супраціў. Вайскоўцы АК павінны былі скласці зброю і пачаць разбіраць барыкады, яны таксама павінны былі вызваліць усіх палонных нямецкіх салдат. У сваю чаргу, гітлераўскае камандаванне прызнавала паўстанцаў АК ваеннапалоннымі і гарантавала адпаведны падыход на аснове Гаагскай канвенцыі.

У Ажараве быў створаны спецыяльны часовы лагер для салдат АК. У выніку ў вайсковы палон трапіла больш за 16 тыс. паўстанцаў. Афіцэры АК былі накіраваныя ў адмысловыя «афіцэрскія» лагеры, ў тым ліку Тадэвуш Бор-Камароўскі. Пазней афіцэраў удалося вызваліць і вывезці швейцарскай амбасадзе і Чырвонаму Крыжу.

У наступных днях кастрычніка палонныя вайскоўцы былі пераразмеркаваныя ў іншыя лагеры на тэрыторыі Польшчы і Нямеччыны, у гэтак званыя шталагі, «агульны лагер» для ваеннапалонных. Умовы ўтрымання палонных у Ажараве, перавоз іх у шталагі, былі жудаснымі.

Агульна паўстанне доўжылася 63 дні, падчас яго загінула каля 10 тыс. вайскоўцаў АК і ад 150 да 200 тыс. жыхароў Варшавы.

Павал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара