Беларуская Служба

Вёска Завуй – маўклівы сведка і таямнічае месца ў Бяшчадах (ФОТА)

16.10.2020 17:21
Завуй - гэта прыклад трагічнага пасляваеннага лёсу, які закрануў шматлікія вёскі ў гэтай частцы Польшчы.
Аўдыё
  • Вёска Завуй – маўклівы сведка і таямнічае месца ў Бяшчадах.
     .
Вёска Завуй у даліне ракі Вэтлінка.Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Сёння я запрашаю пазнаёміцца з неіснуючай ужо вёскай Завуй (Zawój, укр. Завій) у даліне ракі Вэтлінка(Wetlinka), у прыватнасці на левым беразе згаданай горнай ракі, непадалёка месца, дзе яна ўпадае ў другую раку – Салінку(Solinka). Вёска, сляды існавання якой можна знайсці па сённяшні дзень, была чароўна размешчаная ля падножжа ўзгорка Перэшліба(Pereszliba).

Вёска Завуй. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вёска Завуй. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У Завуй можна дабрацца з Кальніцы(Kalnica) праз вёску Луг(Łuh), або са стаянкі ў вёсцы Палянкі(Polanki), якая знаходзіцца, больш-менш, у палове дарогі з Букоўца(Bukowiec) у Даўжыцу(Dołżyca), недалёка ад вёскі Цісна(Cisna). Варта дадаць, што са згаданай стаянкі пачынаецца таксама турыстычная дарожка ў прыродны запаведнік „Сінія віры” і ў царкву ў неіснуючай ужо вёсцы Лапенка (Łopienka).

Вёска Завуй у даліне ракі Вэтлінка. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вёска Завуй у даліне ракі Вэтлінка. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Дарога з вёскі Явожэц у Завуй забаронена для руху аўтамабіляў, але даступная для веласіпедыстаў. Сюды вядзе вельмі прыемны веласіпедны маршрут.

На працягу многіх гадоў Завуй быў адным з самых загадкавых і цяжкадаступных месцаў у горах Бяшчады. Туды вяла невялікая сцежка, шмат разоў перасякаючы раку. Дарога была пабудавана толькі ў 1970-х.

Вёска Завуй. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вёска Завуй. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Што мы ведаем пра Завуй? Вёска была заснаваная, хутчэй за ўсё, у 1543 годзе родам Баляў(Balowie), якія валодалі гэтымі землямі да другой паловы XVIII стагоддзя. Чарговымі ўладальнікамі былі сем'і Каршніцкіх і Краеўскіх, а таксама Трухачаў.

Паводле адных крыніцаў, большасць жыхароў вёскі была палякамі і католікамі. Паводле іншых, мясцовыя жыхары былі грэка-католікамі. Жыхары вырошчвалі авёс, жыта, пшаніцу, бульбу, каноплі, лён, фасолю і гарох. Гадавалі козаў, авечак, кароў, валоў і коней. Зімой уся вёска займалася ткацтвам.

Вёска Завуй. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вёска Завуй. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У гэтым часе на рацэ ў вёсцы было пяць брадоў, па якіх людзі ездзілі ў навакольныя вёскі, але грунтавой дарогі не было. У вёсцы працавалі, між іншым, вадзяны млын, лесапільня, кузня і алейны завод.

Частка вясковых збудаванняў была знішчаная падчас Першай сусветнай вайны.

Як многія іншыя вёскі ў горах Бяшчадах, Завуй перажыў Другую сусветную вайну, але быў разбураны пасля яе заканчэння.

Вёска Завуй. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вёска Завуй. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У рамках хвалі перасяленняў у 1946 годзе добраахвотна ва Украіну выехалі толькі тры сям'і. Аднак, годам пазней у рамках аперацыі „Вісла” вёску былі прымушаныя пакінуць астатнія 48 сем'яў. Паводле розных крыніцаў, агулам 266 або 292 чалавекі. Вясковыя будынкі былі спаленыя польскай арміяй, і з гэтага часу рэгіён застаецца незаселеным.

Вёска Завуй. Месца, дзе знаходзілася царква Міхала Арханёл. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вёска Завуй. Месца, дзе знаходзілася царква Міхала Арханёл. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У 1860 годзе ў вёсцы была пабудаваная царква Міхала Арханёла. Мясцовы прыход быў часткай прыхода ў непадалёкай вёсцы Явожэц (Jaworzec). Храм быў размешчаны на ўзгорку, у цэнтральнай частцы вёскі. Драўляная царква складалася з дзвюх частак (прамавугольнага прэзбітэрыума і невялікай крухты) і мела іканастас. Будынак быў пакрыты бляхай. На прыцаркоўную тэрыторыю вернікі ўваходзілі брамай пад званіцай, якая ўяўляла сабой зрубавую канструкцыю. Верагодна ў ёй былі змешчаныя тры званы: Дмытро, Васіль і Міхал. Паводле гістарычных крыніцаў, у 1880 годзе ў вёсцы было 25 дамоў і 178 жыхароў.

Месца, дзе знаходзілася царква Міхала Арханёл. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Месца, дзе знаходзілася царква Міхала Арханёл. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Па сённяшні дзень захаваліся толькі фрагменты падмуркаў царквы, а побач на царкоўных могілках - два надмагіллі. Адно належыць сям'і Фэдзіркаў – найбагацейшых гаспадароў у вёсцы, а другое – гэта магіла Пелагіі Шчэрбы (Pelagia Szczerba), пра якую вядома, што яна загінула ў 1945 годзе, несучы мужу ежу на поле.
Месца, дзе знаходзілася царква Міхала Арханёл. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Месца, дзе знаходзілася царква Міхала Арханёл. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Былую царкоўную тэрыторыю акружаюць велізарныя старыя ліпы. На месцы, дзе стаяла царква, быў пастаўлены крыж, а таксама сімвалічныя дзверы, у меркаваным месцы іх фактычнага знаходжання.

Вёска Завуй. Месца, дзе знаходзілася царква Міхала Арханёл. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вёска Завуй. Месца, дзе знаходзілася царква Міхала Арханёл. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Частка тэрыторыі вёскі Завуй была ўключаная ў прыродны запаведнік „Сінія віры ІІ”. Гаворка ідзе пра старую вясковую дарогу, якая вядзе ўніз да броду. Пасля былых жыхароў у вёсцы засталося некалькі калодзежаў і падмуркаў хатаў.
Вёска Завуй. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вёска Завуй. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У месцы, дзе калісьці быў цэнтр вёскі, знаходзіцца стыльны навес для турыстаў, дзе можна адпачыць і пахарчавацца, а таксама пазнаёміцца з гісторыяй вёскі, змешчанай на інфармацыйных дошках.

Вёска Завуй, стыльны навес для турыстаў. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вёска Завуй, стыльны навес для турыстаў. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

З 2012 года Завуй, а таксама Явожэц(Jaworzec) і Луг(Łuh) знаходзяцца на гістарычным шляху „Адкрытыя Бяшчады”(Odnalezione Bieszczady). Маршрут пазначаны двухмоўнымі дошкамі (па-польску і па-ўкраінску), якія інфармуюць пра межы вёсак, месцы, дзе калісьці размяшчаліся цэрквы, могілкі і іншыя найважнейшыя вясковыя аб’екты.

Вёска Завуй. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вёска Завуй. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Шлях быў вызначаны з мэтай выратаваць ад забыцця апошнія сляды былых жыхароў (украінцаў, палякаў і габрэяў) і ўшанаваць памяць усіх, хто мусіў пакінуць свае дамы вясной 1947 года.


Вёска Завуй. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вёска Завуй. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ


Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу