Беларуская Служба

20 сакавіка 1921 году прайшоў рэферэндум у Горнай Сілезіі, які меў акрэсліць далейшы лёс рэгіёну

20.03.2021 09:11
Рэферэндум быў вынікам працэсу фарміравання тэрыторыяў адноўленай Польшчы.
Аўдыё
  • 20 сакавіка 1921 году прайшоў рэферэндум у Горнай Сілезіі, які меў акрэсліць далейшы лёс рэгіёну.

20 сакавіка 1921 году прайшоў рэферэндум у Горнай Сілезіі, які меў акрэсліць далейшы лёс гэтага рэгіёну.

Рэферэндум быў вынікам працэсу фарміравання тэрыторыяў адноўленай Польшчы і вызначэннем межаў паміж адноўленай Польскай Рэспублікай і пасляваеннай Нямеччынай. Абодва бакі імкнуліся да таго, каб спрэчная тэрыторыя – Горная Сілезія – была далучана да іх краіны. Рэгіён быў важны не толькі з прычын гістарычнай традыцыі і прыналежнасці, але і з прычыны індустрыяльнага і эканамічнага значэння.
Горная Сілезія з'яўляўся мультыкультурным рэгіёнам і знаходзілася пад уплывам розных палітычных цэнтраў.

У 16 стагоддзі Сілезія разам з Чэхіяй перайшлі пад уладу Габсбургаў, а ў 18 стагоддзі ў выніку "сілезскай вайны", яна перайшла пад кантроль Прусіі.

Палякі ў Сілезіі хацелі жыць у польскай дзяржаве

Тым не менш, не гледзячы на працэсы германізацыі напрыканцы XIX стагоддзя, у адпаведнасці з вынікамі перапісу насельніцтва, большасць жыхароў карысталася польскай мовай, 35% нямецкай. Моцная нацыянальная свядомасць насельніцтва выражалася ў розных рухах і дзеянняў дзеля далучэння да адзінай польскай дзяржавы. Этнічныя і палітычныя супярэчнасці прывялі да 3-х паўстанняў палякаў у Сілезіі.

Пасля Першай сусветнай вайны дзеля таго, каб вырашыць пытанне гэтых тэрыторыяў, краіны Антанты прапанавалі правесці рэферэндум.

У 1920 годзе была створана Саюзная камісія па кіраванні і правядзенні плебісцыту ў Горнай Сілезіі, на чале з французскім генералам Гэнры Ля Рондам, хаця падрыхтоўка пачалася яшчэ ў 1919 годзе.

Нямецкая адміністрацыя Сілезіі запалохвала палякаў

У сваю чаргу нямецкая адміністрацыя мела даволі моцныя ўплывы і кантроль над гэтай тэрыторыяй і гэта выкарыстоўвала дзеля таго, каб Сілезія аказалася ў межах Нямеччыны. У тым ліку дзейнічала адмысловая паліцыя. Паліцыя груба паводзіла сябе ў адносінах да палякаў, запалохвала і выкарыстоўвала эканамічны ціск. Асобную ролю гуляла так званая арганізацыя СІПО (Sicherheitspolizei). Пазней яна дзейнічала ўжо ў Трэцім Рэйху. Нямецкія ваенізаваныя атрады нападалі на польскія плебісцытныя камітэты, пераследавалі лідараў польскага руху: забілі доктара Анджея Мялендзкага і Пятра Нядурнага.

Сітуацыя для палякаў ускладнялася і таму, што Польшча была ўцягнутая ў вайну з бальшавікамі, што развязвала нямецкай адміністрацыі рукі. Нямецкія баявыя атрады нападалі і знішчалі польскія выбарчыя цэнтры, што павінна было пашырыць атмасферу страху.

Пераслед палякаў стаўся прычынай выбуху Другога паўстання ў Горнай Сілезіі, якое адбылося ў жніўні 1920 году. Паўстанне дапамагло паляпшэнню ўмоваў удзелу польскага насельніцтва ў плебісцыце, але не змяніла агульнай сітуацыі палякаў у Горнай Сілезіі.

У плебісцыце прынялі ўдзел 98% насельніцтва Сілезіі

Агульна ў галасаванні прыняло ўдзел 1 220 524 чалавек (98% узялі ўдзел).
Цікава, што ў галасаванні ўзялі ўдзел і працоўныя эмігранты 19%.

У выніку плебісцыту, які адбыўся 20 сакавіка 1921 году, 59% жыхароў Горнай Сілезіі прагаласавала за далучэнне да Нямеччыны, і 40% да Польшчы. Амаль усе буйныя гарады галасавалі за прыналежнасць да Нямеччыны, вясковыя – да Польшчы.
Краіны Антанты, выкарыстоўваючы вынікі плебісцыту, вырашылі падзяліць Горную Сілезію на дзве часткі: ¾ тэрыторыі Сілезіі з шахтамі, прыроднымі рэсурсамі і развітай прамысловасцю павінна было адысці да Нямеччыны. Польшчы прызначалася сельскагаспадарчая тэрыторыя.

Павел Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара