Беларуская Служба

Палякі адзначаюць Год Станіслава Лема

27.03.2021 10:02
Канферэнцыі, выставы, конкурсы, перавыданні твораў і праекты па барацьбе з мовай нянавісці ў інтэрнэце – усё гэта адбудзецца ў рамках Года Лема.  
Аўдыё
  • Творы Станіслава Лема былі перакладзеныя на больш за 40 моваў у тым ліку беларускую.
 (1966)
Станіслаў Лем(1966) CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1256

У верасні 2021 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Станіслава Лема (Stanisław Lem) – найвыбітнейшага прадстаўніка польскай фантастыкі і аднаго з найбольш папулярных прадстаўнікоў згаданага жанра мастацкай літаратуры ў свеце. З гэтай нагоды летась Сейм Польшча амаль аднагалосна прыняў рэзалюцыю, якая абвясціла 2021 год Годам Станіслава Лема:

Год Станіслава Лема праходзіць пад лозунгам: „Я бачыў будучыню”. У яго рамках запланаваныя шматлікія мерапрыемствы ў Польшчы і за мяжой. У сувязі з пандэміяй частка з іх адбудзецца ў рэальным жыцці, а частка ў віртуальнай рэчаіснасці, заявіў куратар „Года Лема 2021” Шыман Клёска (Szymon Kloska):

- Найважнейшая падзея Года Лема – гэта дзень яго народзінаў, які традыцыйна кожны год адзначаецца ў Кракаве. На гэты раз мерапрыемствы адбудуцца 12-14 верасня ў Кангрэс-цэнтры ICE. У рамках іх святкавання адбудзецца, між іншым, фестываль „Мегабітная бомба”, Футуралагічны кангрэс, канферэнцыя „Філасофскі Лем”, якую мы чарговы раз ладзім разам з Педагагічным універсітэтам.  

Фонд „Інстытут Польшча будучыні” імя Станіслава Лема ў рамках святкавання сотай гадавіны з дня нараджэння пісьменніка плануе, між іншым, змагацца з мовай нянавісці ў інтэрнэце, кажа старшыня ўправы фонду Мацей Кавэцкі (Maciej Kawecki):

- Я хацеў бы звярнуць увагу на тры важныя праекты, запланаваныя на бягучы год. Першы датычыць праблемы, якую Станіслаў Лем закранаў у сваіх апошніх публікацыях. Гаворка ідзе пра праект „Разбярыся з мовай нянавісці” („Ogarnij Hejt”). Ён тычыцца барацьбы з кібер-здзекам у базавых школах. Да гэтай пары нам удалося арганізаваць лекцыі на гэтую тэму для некалькіх тысяч дзяцей. У 2021 годзе праект будзе рэалізаваны ў супрацоўніцтве з канцэрнам ENEA ў 30 школах.

Другім важным праектам з’яўляецца марафон Hackathon, натхнёны творчасцю Станіслава Лема. Апрача таго, Інстытут Лема плануе шэраг меншых праектаў.

У рамках Года Лема запланаваны таксама буйны кангрэс, прысвечаны футуралогіі. На мерапрыемства запрасіў Каміль Музыка(Kamil Muzyka) з Польскага фонду навуковай фантастыкі:

- Па нашай ініцыятыве да 100-годдзя з дня нараджэння Станіслава Лема будзе арганізаваная агульнапольская навуковая канферэнцыя, прысвечаная навуковай фантастыцы і футуралогіі „Футуралагічны кангрэс 2021”. Канферэнцыя адбудзецца 12-14 верасня ў кангрэс-цэнтры ICE ў Кракаве.

У сваю чаргу дырэктар Інстытута Адама Міцкевіча Барбара Схабоўска (Barbara Schabowska) адной з найважнейшых падзеяў лічыць праект „Акіян Салярыс”:

-Несумненна адной з нашых найважнейшых падзеяў будзе „Акіян Салярыс” ( „Ocean Solaris”) – гэта мультымедыйная ўстаноўка, якая спалучае рух, тэкст і гук. Яна будзе паказаная падчас адкрыцця міжнароднага кірмашу EXPO у Дубаі, а раней на Ars Electronica Festival у Аўстрыі. Мы хочам паказаць згаданую ўстаноўку таксама ў Кракаве. Па гэтай справе мы размаўляем з Музеем гарадской інжынерыі, дзе пасля міжнароднага турнэ хочам яе паказаць польскай публіцы.

Дзякуючы Польскім інстытутам Год Лема адзначаюць па ўсім свеце. У тым ліку Польскі інстытут у Мінску абвясціў міжнародны конкурс „LemLand 2021” на плакат, прысвечаны Станіславу Лему. У Эстоніі ўжо адбылася прэзентацыя эстонскага выдання кнігі „Казкі робатаў” і выстава. У сваю чаргу восенню ў Літве будзе паказаны спектакль пастаўлены па гэтай кнізе.

Год Лема – гэта нагода нанава пазнаёміцца з творчасцю выбітнага пісьменніка, кажа галоўны рэдактар „Літаратурнага выдавецтва”( Wydawnictwo Literackie) Яланта Коркуць (Jolanta Korkuć):

- Гэта не толькі нагода паразмаўляць пра тое, як цяпер чытаць творчасць Лема, але таксама нагода паразмаўляць пра яго біяграфію. Станіслаў Лем быў звязаны з нашым выдавецтвам ад самага пачатку пісменніцкай кар’еры. У 1955 годзе мы выдалі яго першую кнігу „Нястрачаны час” („Czas nieutracony”), першую з больш за 30 прэм’ераў, якія выдала „Літаратурнае выдавецтва”. Зараз мы прапануем чытачам перавыданне ўсіх найважнейшых кнігаў Лема і ўсіх кнігаў пра яго. Частка з іх атрымае новую графічную афарбоўку. Неўзабаве свет убачаць „Казкі робатаў” з прыгожымі ілюстрацыямі. Выдадзены будзе таксама комікс пад загалоўкам „Сёмае падарожжа” і новае перавыданне „Непераможнага” („Niezwyciężony”) з ілюстрацыямі з камп’ютарнай гульні. На канец свет убачаць таксама дзве біяграфіі Станіслава Лема.

Станіслаў Лем быў дальнабачным чалавекам , які прадугледзеў будучыню. У сваёй творчасці ён спалучаў рэфлексіі над роляй тэхналогіі ў жыцці сучаснага чалавека і наогул роляй чалавецтва. Лем таксама звяртаў увагу на выклікі і адмоўныя наступствы тэхналагічнага прагрэса, лічыць віцэ-міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Ванда Звінагродска (Wanda Zwinogrodzka):

- Усё гэта выклікае асноўныя пытанні пра прыроду чалавека, яго месца ў сучасным сусвеце, магчымасць валодання ўласным жыццём і лёсам света, які яго акружае, і які ён стварае. Гэтыя пытанні ў творчасці Лема прысутнічаюць. Я лічу, што зараз яны больш выразныя, чым раней. Па гэтай прычыне Год Лема – гэта дасканалая нагода паспрабаваць адказаць на гэтыя пытанні, на падставе аналізу яго творчасці.

Раманы і апавяданні Станіслава Лема, уключаныя ў канон сусветнай літаратуры. Яны былі перакладзеныя на больш за сорак моў (у тым ліку на беларускую) і выдадзены  накладам 30 мільёнаў асобнікаў.

„Салярыс”, „Глос Пана”, „Кіберыяда”, „Футуралагічны кангрэс”, „Зорныя часопісы” і „Казкі робатаў” несупынна натхняюць творцаў, пісьменнікаў і мастакоў кіно і тэатра. Фільмы, знятыя на падставе яго твораў, уваходзяць у лік самых вядомых фільмаў сусветнага кіно. Яго навукова-папулярнага і публіцыстычнага характару публікацыі ў галіне філасофіі, эстэтыкi і літаратуразнаўства высока ацэньваюцца па сённяшні дзень.  

Станіслаў Лем большасць свайго жыцця правёў у камуністычнай Польшчы, аднак, у сваіх творах неаднаразова крытыкаваў таталітарныя сістэмы, а яго кнігі былі праявай свабоды ў мысленні і неабмежаванай фантазіі. Пасля ўвядзення ваеннага становішча Станіслаў Лем знаходзіўся ў эміграцыі. Публікаваў у парыжскай „Культуры”.

Станіслаў Лем быў лаўрэатам шматлікіх узнагародаў. У 1996 годзе ён быў узнагароджаны Ордэнам Белага Арла, а ў 2005 годзе - медалём „За заслугі ў культуры Gloria Artis”. У 1980 годзе быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.  У сваю чаргу ў 1992 годзе Міжнародны астранамічны саюз назваў яго прозвішчам астэроід. Яго прозвішчам назвалі таксама першы польскі штучны спадарожнік Зямлі.  Станіслаў Лем памёр 27 сакавіка 2006 года ў Кракаве.

аз

*Выказванні ўдзельнікаў прагучалі на прэс-канферэнцыі, арганізаванай Інстытутам Лема, якая адбылася ў 25 лютага 2021 года ў палацы Патоцкіх у Крававе.