Беларуская Служба

На Вялікдзень чырвонае яйка дарылі каханай асобе, а чорнае - вельмі паважанаму чалавеку

04.04.2021 09:13
Вельмі цікавыя традыцыі, звязаныя з велікоднымі яйкамі.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/CC0 creative commons

Велікодныя святы – гэта радасны час, багаты народнымі традыцыямі ды абрадамі. Частка гэтых звычаяў ужо адышла ў мінулае, але шмат якія захаваліся.

Мы надалей фарбуем яйкі на Пасху, у каталіцкай традыцыі захаваўся абрад асвячэння ежы на велікодны стол, а перад святамі гаспадыні стараюцца навесці парадак у хаце, пазбыцца непатрэбных рэчаў, каб сустрэць святы і вясну абноўленымі і чыстымі.

У народных традыцыях, звязаных з Вялікаднем, шмат элементаў яшчэ дахрысціянскіх абрадаў, – адзначае Пшэмыслаў Бадура (Przemysław Badura) з Музею «Верхнесілезскі этнаграфічны парк» у Хожаве.

- Вялікдзень, які прыйшоў з хрысціянствам, вельмі шмат пачарпнуў з ранейшых традыцый, яшчэ паганскіх. Напрыклад, яйкі як сімвал адраджэння ёсць у многіх культурах свету. Рэлігія старалася адаптаваць ранейшыя традыцыі, уцягнуць іх у хрысціянства. Акрамя яйка, іншыя велікодныя сімвалы сталі ўжо хрысціянскімі.

Вельмі цікавыя традыцыі, звязаныя з велікоднымі яйкамі. Існуе традыцыя фарбавання яек, як у праваслаўным, так і каталіцкім хрысціянстве, але не ўсе ведаюць, што вельмі важны колер яек. Калісьці людзі не аказвалі пачуццяў так адкрыта, як мы цяпер, не было сацыяльных сетак, мабільнікаў, камунікатараў, а прама сказаць камусьці, што ён падабаецца, нялёгка. Дзеля гэтага выкарыстоўваўся колер яйка, – працягвае наш госць.

- Калісьці яйкі дарылі ў так званы Мокры панядзелак (Lany poniedziałek, Śmigus-Dyngus – рэд.). Хлопцы, паліваючы дзяўчат вадой, паказвалі, што яны ім падабаюцца. Чым больш вады выліта на нейкую дзяўчыну, тым лепш для яе, гэта значыць, яна карыстаецца папулярнасцю ў супрацьлеглага полу. У сваю чаргу дзяўчына не магла сказаць хлопцу прама, што ёй падабаецца або не. Гэта рабілі пры дапамозе яйка. Чырвоны колер азначаў каханне, гэта ўніверсальны колер закаханых у шматлікіх культурах свету. Чорны атаясамліваецца ў нас з нечым дрэнным, з жалобай, але на самой справе ён азначаў пашану, памяць. Чорнае яйка дарылі асобам, якія карысталіся пашанай – ксяндзу, дзядулі, настаўніку. Цікава, што зялёны колер мог мець розную сімволіку ў розных месцах. У адной вёсцы зялёнае яйка было сімвалам грошай, а ў іншых зялёнае яйка дарылі маладым хлопцам, маўляў, ты яшчэ занадта малады, пакуль што мяне не цікавіш. Былі яшчэ блакітныя яйкі, іх маглі атрымаць хлопцы, якія лічыліся надта разгульнымі, паколькі цікавіліся некалькімі дзяўчатамі ў адным часе. Гэта быў намёк, што праз пару гадоў такі хлопец можа атрымаць фіялетавая яйка, прызначанае для старых халасцякоў. Найгоршае было жоўтае яйка, яно азначала «Я цябе не люблю і не кахаю». Што цікава, калі ўсе яйкі гатавалі ўкрутую, то жоўтае яйка часта пакідалі сырым. І дзяўчына, калі дарыла яго хлопцу, яшчэ ўдарала па кішэні, разбіваючы яйка. Гэта быў спосаб адпужаць тых залётнікаў, якіх дзяўчаты не хацелі.

Важным элементам традыцыйнага адзначэння Вялікадня з’яўляецца асвячэнне ежы ў касцёле. Гэта традыцыя захавалася ў Польшчы да нашых дзён, дзеці яе вельмі любяць, паколькі, акрамя традыцыйных страваў – хлеба, каўбасы, яйка, цяпер у кошык кладуць таксама слодычы. Але вельмі важны час перад Вялікаднем – гэта вялікі пост. Па словах эксперта, нашым продкам прыходзілася пасціць натуральным чынам, паколькі вясною запасы проста заканчваліся.

- Вялікі пост, канешне, быў, і нашы продкі пасцілі, паколькі такая была традыцыя, так рабілі маці, бабуля і г.д. Аднак яны пасцілі і па неабходнасці. Мы часам забываем, што тыя, хто жыў у вёсках, былі сялянамі, а ўраджай здараўся розны. Перыяд ранняй вясны называўся przednówek – перад новым. Гэта быў час нястачы, галодная пара, калі запасы заканчваліся, а новага ўраджаю яшчэ не было. Тады людзі стараліся захоўваць сілы, шмат спалі, елі мала, часам толькі нейкую суп з крапівы або іншых раслін, якія паспелі вырасці, але напэўна гэта не была такая сытная ежа, як у іншы час.

Важнай часткай велікоднай традыцыя была прыборка хаты і наваколля ад старых, непатрэбных рэчаў. Вялікая прыборка пачыналася ў вялікую сераду, калі ў Польшчы спальвалі так званы «жур». Цяпер жур – гэта традыцыйны польскі суп, а раней гэтае слова мела таксама іншае значэнне.

- «Журам» называлі ўсе непатрэбныя або папсаваныя рэчы, якія назбіраліся за зіму. Гэтыя прадметы выносілі на поле, кідалі яшчэ нейкія галіны, дровы, і распальвалі вялікае вогнішча. Існаваў такі звычай, што маладыя мужчыны павінны былі выцягнуць вогненную галіну і прабегчы з ёй навокал поля. Гэта павінна было прынесці багаты ўраджай летам.

Перад Вялікаднем трэба таксама асвяціць у касцёле так званыя пальмы (вярбу). Гэтая традыцыя прыгадвае ўезд у Ерусалім Ісуса Хрыста. У нашым клімаце сапраўдныя пальмы, канешне, не растуць, таму выкарыстоўвацца галінкі вярбы, якія рана зелянеюць.

- Практычна ў кожнай пальме знаходзяцца галінкі вярбы, на якой рана паяўляюцца коцікі, вярба – гэта сімвал адраджэння прыроды. У Сілезіі быў такі звычай, што пасля прыходу з касцёла ў Вербную нядзелю гаспадыня збірала ўсіх жыхароў хаты, і давала кожнаму з’есці па адным коціку. Гэта павінна было зберагчы людзей ад хвароб горла.

нг