Беларуская Служба

Кракаўскія даліны – казачная краіна на ўскраіне гораду(ФОТА)

30.04.2021 17:03
З-за непаўторнай атмасферы ландшафтны парк часта называюць «Кракаўскай Швейцарыяй».
Аўдыё
  • Кракаўскія даліны – казачная краіна на ўскраіне гораду.
Ландшафтны парк «Кракаўскія даліны» Autorstwa Jerzy Opioła - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1957237

Сёння я запрашаю ў Кракаўскія даліны – папулярнае месца для адпачынку на ўлонні прыроды, якое спакушае турыстаў цудоўнымі краявідамі і прыродным багаццем. Падкракаўскія даліны – адна з найвялікшых славутасцяў на Кракаўска-Чэнстахоўскім узвышшы. Разам з навакольнымі маляўнічымі раёнамі яны ўваходзяць у склад Ландшафтнага парка «Кракаўскія далін».

Ландшафтны парк «Кракаўскія даліны» размешчаны на паўночны захад ад Кракава, у паўднёвай частцы Кракаўска-Чэнстахоўскага ўзвышша. 160 мільёнаў гадоў таму ў гэтым раёне (і на ўсім узвышшы) было поўнае жыцця мора. Мёртвыя арганізмы апускаліся на дно, а іх шкілеты і ракавіны паступова ўтваралі пласт вапняка таўшчынёй у некалькі сотняў метраў.

Пазней мора знікла, а дно з вапняка на працягу наступных мільёнаў гадоў падвяргалася хімічным працэсам вымывання, асабліва пад уздзеяннем падземных і паверхневых вод. Так ствараліся даліны і асобнастаячыя вапняковыя скалы, якія прымалі розныя формы.

У выніку тых жа працэсаў узніклі таксама шматлікія пячоры, у тым ліку дзве, адкрытыя для турыстаў: Горная Вяжхоўская пячора (Jaskinia Wierzchowska Górna) – даўжыня калідораў якой складае 975 метраў і Пячора Кажаноў(Jaskinia Nietoperzowa).

На тэрыторыі Ландшафтнага парка «Кракаўскія даліны» ёсць мноства помнікаў архітэктуры, такіх як кляштар у Чэрнай(Czernа), касцёлы, капліцы і замкі, а нават крэпасці, узведзеныя Аўстра-Венгерскай імперыяй у часы падзелу Польшчы.

На тэрыторыі парка знаходзяцца шматлікія турыстычныя славутасці, але большасць людзей шукае ў ім кантакт з прыродай. Прывабнасць Кракаўскіх далін унікальная не толькі ў рэгіёне, але і ў маштабе ўсяе Польшчы. Гэтак вынікае з пейзажаў, прыроды, цудоўнай зоны для пешых і веласіпедных прагулак.

Даліна Ключводы.  Autorstwa Jerzy Opioła - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1957206 Даліна Ключводы. Autorstwa Jerzy Opioła - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1957206

Кожная з сямі кракаўскіх далін мае сваю непаўторную атмасферу і асаблівасці. Характэрна, што ўсе яны маюць форму цясніны. Даліна Ключводы (Dolina Kluczwody) – гэта вельмі маляўнічая мясціна, акружаная вапняковымі пародамі. Сярод іншых яна адрозніваецца вялікімі пячорамі – Горная Вяжхоўская пячора (Jaskinia Wierzchowska Górna) і Пячора Мамантаў (Mamucia), у якой былі знойдзеныя шмат каштоўных артэфактаў, у прыватнасці костак і біўняў маманта. Тут можна пабачыць таксама руіны рыцарскага замка, пабудаванага на вяршыні Замкавай Скалы. Аматараў гісторыі зацікавіць інфармацыя, што падчас падзелаў Польшчы ўздоўж горнай ракі Ключводы праходзіла мяжа паміж тэрыторыямі, падзеленымі паміж Аўстрыйскай і Расіяй.

Балехавіцкая брама і скалы ў вусця даліны робяць Балехавіцкую даліну (Dolina Bolechowicka) адной з найбольш характэрных далін парка. Выхад з даліны ў Балехавіцах – самае папулярнае сярод турыстаў месца ў парку. Шпацырам уздоўж горнай ракі Балехоўка(Bolechówka) можна дайсці да маленькага вадаспада, які складаецца з двух узроўняў. Балехавіцкая з’яўляецца адной з карацейшых Кракаўскіх далін. Ейная даўжыня складае ўсяго 1,5 кіламетра.

Кабылянская даліна. Autorstwa Jerzy Opioła - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1957060 Кабылянская даліна. Autorstwa Jerzy Opioła - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1957060

Кабылянская даліна(Dolina Kobylańska) характарызуецца шырокім травяністым дном і з’яўляецца папулярным месцам для сямейных пікнікоў. Паўднёвая частка даліны акружана мноствам вапняковых парод, якія выкарыстоўваюцца для скалалажання.

Найбольш папулярнай сярод турыстаў з’яўляецца Бэндкоўская даліна (Dolina Będkowska) – гэта звязанае з добра развітой турыстычнай інфраструктурай. Больш дзікі фрагмент даліны пачынаецца за вадаспадам Шум(Szum) – адным з найвышэйшых вадаспадаў у Краксаўка-Чэнстахоўскім узвышшы. У гэтым месцы пачынаецца лясная сцяжынка, якая вядзе да крыніц Бэндкоўкі (Będkówka) і далей да пячоры Кажаноў. У гэтай даліне знаходзіцца горная парода Сакаліца(Sokolnica), вышынёй больш за 100 метраў – самая высокая на ўзвышшы.

Бэндкоўская даліна . Autorstwa Jerzy Opioła - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1957232 Бэндкоўская даліна . Autorstwa Jerzy Opioła - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1957232

Даліна Шкляркі хоць заселеная людзьмі, але на яе схілах захаваліся каштоўная прыродная і ландшафтная зона, якую ахоўвае запаведнік Даліна Шкляркі. Праз яе праходзіць чырвоная турыстычная сцежка, даўжыня якой складае каля 6 кіламетраў.

Даліна Шкляркі . Autorstwa Jerzy Opioła - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=41045337 Даліна Шкляркі . Autorstwa Jerzy Opioła - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=41045337

У сваю чаргу Даліна Рацлаўкі(Dolina Racławki) акрамя асноўнай сцежкі, якая цягнецца па ейным дне, прапануе тры дадатковыя маляўнічыя адукацыйныя дарожкі, якія вядуць па яе схілах. Гэта адна з найдаўжэйшых сярод Кракаўскіх далін.

Кляштар кармелітаў і руіны былога скіта – гэта асноўныя славутасці, звязаныя з Чэрнай(Czerna) каля Кракава, якая размешчана на тэрыторыі запаведніка Даліна Эліяшоўкі (Dolina Eliaszówki). Даліна прыцягвае як гістарычнымі, так і прыроднымі помнікамі. Кляштарныя будынкі, загадкавыя масты і глыбокія цясніны – усё гэта чакае турыстаў, якія наведваюць гэтую частку Кракаўска-Чэнстахоўскага ўзвышша.

Ландшафтны парк «Кракаўскія даліны» даволі вялікі. Ён займае плошчу больш за 20 000 гектараў. Акрамя таго, вакол яго была створана буферная зона парку, якая займае яшчэ 13 000 гектараў. Гэта ідэальнае месца для аднадзённага адпачынку, а таксама мека для скалалазаў. Праз усе Кракаўскія даліны праходзіць жоўтая сцежка, якая пачынаецца ў Хшанове(Chrzanów) і заканчваецца ў

Пясковай Скале(Pieskowa Skała). Ейная даўжыня складае 85 кіламетраў. Варта адзначыць, што ў апытанні, праведзеным у 2013 годзе выданнем National Geographic Traveler, Кракаўскія даліны былі абраныя адным з «7 новых цудаў Польшчы».

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу