90 гадоў таму ў гарадку Рашын, які размешчаны каля Варшавы, была пабудаваная сучасная радыёстанцыя з высачэзнай мачтай. У тыя часы ў Рашыне стаяў наймацнейшы ў свеце перадатчык. Транслюючая станцыя працуе па сённяшні дзень.
Радыёстанцыя ў Рашыне пачала перадаваць сігнал Польскага радыё 24 мая 1931 года на хвалі 1339 метраў. Сігнал варшаўскай радыёстанцыі ўпэўнена прымаўся не толькі на тэрыторыі тагачаснай Польшчы, але і ў іншых краінах Еўропы. Працу транслюючай станцыі прыпыніла Другая сусветная вайна, якая пачалася нападам Германіі на Польшчу 1 верасня 1939 года. 30 верасня дырэкцыя Польскага радыё аддала загад узарваць мачту і станцыю, каб інфраструктура не трапіла ў рукі ворага. Перад знішчэннем слухачы пачулі наступныя словы дыктара.
Алё, алё! Як нас чуваць? Гэта наша апошняе паведамленне. Сёння нямецкія войскі ўвайшлі ў Варшаву. Братэрскае прывітанне для салдат, якія змагаюцца на паўвостраве Хэль, і ўсім салдатам, якія ваююць у іншых месцах. Яшчэ Польшча не загінула! Няхай жыве Польшча!
Пасля вайны станцыю «Рашын» пачалі будаваць у красавіку 1945 года. У жніўні таго ж года пачалося вяшчанне на сярэдніх хвалях, а ў снежні 1946-га – на доўгіх.
У 1949 годзе ў Рашыне была ўведзеная радыёмачта вышынёй 335 метраў. На адкрыццё аб’екта прыбылі высокапастаўленыя чыноўнікі на чале з прэзідэнтам Польшчы Баляславам Берутам і прэм’ер-міністрам Юзэфам Цыранкевічам. Да 1962 года гэта была найвышэйшая ў Еўропе канструкцыя.
Першапачаткова станцыя ў Рашыне мела моц у 200 кВт, пазней яна была павялічаная да 500 кВт. У 1974 годзе была пабудаваная радыёантэна ў Канстантынаве недалёка ад Варшавы вышынёй больш за 646 метраў. Ажно да 1991 года, калі мачта абрынулася, гэта быў найвышэйшы ў свеце аб’ект, узведзены рукамі чалавека. Рэкорд утрымліваўся ажно да 2008 года, калі ў Дубаі ўзвялі гатэль «Бурдж Халіфа» вышынёй 828 метраў.
У сувязі з падзеннем антэны ў Канстантынаве функцыі галоўнай вяшчальнай станцыі Польскага радыё вярнуліся да перадатчыка ў Рашыне. Рашын быў галоўнай антэнай, адкуль на доўгіх хвалях можна было пачуць Першы канал Польскага радыё не толькі ў Польшчы, але і па-за яе межамі. У 1999 годзе ў гарадку Солец Куяўскі ў цэнтральнай Польшчы пабудавалі новы перадатчык. Сігнал моцаю 1200 кВт на частаце 225 кГц дазваляе Першай праграме Польскага радыё трапляць да слухачоў далёка за межы краіны.
Такім чынам, Польскае радыё мела свой удзел у стварэнні рэкордных радыйных аб’ектаў у сусветным маштабе.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл
на фота: антэны Польскага радыё ў Рашыне