Беларуская Служба

Беларуская акадэмія, створаная дзевяць месяцаў назад у Польшчы, магла б стаць падмуркам для беларускага ўніверсітэту

30.06.2021 13:27
Адукацыйная ініцыятыва была створана беларускімі выкладчыкамі, каб захаваць акадэмічныя свабоды і акадэмічную супольнасць Беларусі.
Аўдыё
  • Беларуская акадэмія, створаная дзевяць месяцаў назад у Польшчы, магла б стаць падмуркам для беларускага ўніверсітэту
.
.Беларуская акадэмія

Літаральна некалькі дзён таму прагучала прапанова, каб Еўропа стварыла для рэпрэсаваных студэнтаў і выкладчыкаў з Беларусі ўніверсітэт. Пры гэтай нагодзе хацелася б нагадаць, што дзевяць месяцаў таму па ініцыятыве рэпрэсаваных беларускіх выкладчыкаў у Польшчы ўзнікла Беларуская акадэмія. Чым яна адметна? 

Адукацыйная ініцыятыва «Беларуская акадэмія» была створана беларускімі выкладчыкамі ў кастрычніку 2020 году для таго, каб захаваць акадэмічныя свабоды і акадэмічную супольнасць Беларусі ў сувязі з сітуацыяй, якая пасля выбараў 2020 году паявілася ў вышэйшых навучальных установах Беларусі. На сённяшні дзень ініцыятыва аб’ядноўвае каля 70 выкладчыкаў, 2/3 з якіх тым ці іншым чынам былі рэпрэсаваныя.

Як дзейнічае беларуская акадэмія – расказвае адна з яе заснавальніц Святлана Куль-Сяльверстава.

-Уся дзейнасць акадэміі – гэта валанцёрства, а не грант. Нам дапамагаюць мецэнаты, якім не абыякавы лёс Беларусі. Мы арганізуем навучанне ў еўрапейскіх ВНУ для студэнтаў, якія хочуць вучыцца на беларускай і рускай мове па балонскай сістэме, еўрапейскіх праграмах, атрымліваючы еўрапейскі дыплом. Але адрозненне ў тым, што вучаць іх беларускія выкладчыкі.

У Акадэміі падпісаны дамовы з трыма польскімі прэстыжнымі ВНУ – Вышэйшая школа кіравання персаналам, Універсітэт фінансаў і менеджменту ў Беластоку і Вышэйшая гуманітарная школа TWP у Шчэціне. У перспектыве дамоўленасці з чарговымі ўстановамі, магчыма, з Літвы, Германіі, Швейцарыі. Адкрыты набор на 4 спецыяльнасці па 6 спецыялізацыях. Дзве з іх магістарскія, дзве – першая ступень (у Польшчы гэта ліцэнцыят, у Беларусі – бакалаўрыят).

-У лютым мы паспяхова зрабілі першы набор студэнтаў па спецыяльнасці Адміністрацыя. Як раз заканчваецца першы семестр, ідуць апошнія экзамены. Восенню будзе набор на чарговыя спецыяльнасці. Дадаўся Менеджмент са спецыялізацыяй Бізнес-менеджмент з медыяцыяй і Менеджмент у тэлемедыях і журналістыцы. Гэта таксама дзве магістратуры – Прафесійна-псіхалагічнае кансультаванне, работа з кадрамі ў Шчэціне і Менеджмент у лагістыцы ў Беластоку. У нас вельмі моцнае студэнцкае самакіраванне. Нашай працы задаволены і студэнты, і выкладчыкі. У нас ужо стварылася сапраўдная акадэмічная супольнасць, калі ўсё вырашаецца разам.
Важна, што навучанне ў нас аддаленае, але студэнты, якіх мы прымаем, гэта студэнты стацыянара з усімі прывілеямі.

Акрамя выкладчыцкая дзейнасці Беларуская акадэмія праводзіць і іншую навуковую працу. Акадэмія дзейнічае як сапраўдная навучальная ўстанова – кажа Святлана Куль-Сяльверстава. Акадэмія мае свой навуковы электронны часопіс, дыскусійную пляцоўку пад назвай «Кафедра». Акадэмія праводзіць міжнародныя канферэнцыі. Бліжэйшая чакаецца 8 ліпеня па тэме: «Праца, прафесія, пакліканне: сучасныя падыходы да прафесійнага выбару і прафесійнай самарэалізацыі».

-У Беларускай акадэміі паступова складаецца ўся структура. У нас ёсць навуковы савет, ёсць каардынатары па розных кірунках, фактычна склаліся кафедры. За дзевяць месяцаў зроблена сапраўды шмат. І гэта ўсё робіцца на валанцёрскіх пачатках. Адзіная аплата, якая ў нас ёсць, гэта зарплата за выкладанне. Усё астатняе – гэта салідарнасць акадэмічнай супольнасці і вера ў тое, што Беларусь павінна быць вольнай і павінна мець будучыню ў навуцы і вышэйшай адукацыі.

Літаральна на днях група навукоўцаў і дзеячаў культуры звярнулася з адкрытым лістом да Еўрапейскай камісіі ды ўрадаў краін Еўропы, у якім яны просяць еўрапейскіх палітыкаў дапамагчы ў стварэнні Усходнееўрапейскага універсітэту на тэрыторыі краін-чальцоў ЕС для рэпрэсаваных студэнтаў і выкладчыкаў, вымушаных бегчы з РБ і РФ.
Беларуская акадэмія мае сфармаваную структуру і падмуркі для такой навучальнай установы ўжо ёсць – мяркуе Святлана Куль-Сяльверстава.

-Ідэя стварэння беларускага ўніверсітэту – вельмі добрая. І справа не толькі ў студэнтах, але і ў выкладчыках. Сама ідэя Беларускай акадэміі таму і паўстала. Студэнцкіх праграмаў ёсць вельмі шмат. Але застаецца пытанне выкладчыкаў, патэнцыял якіх – велізарны. Таксама важна, каб ствараць такое ВНУ, пасля заканчэння якога беларускія студэнты маглі вярнуцца ў Беларусь. І мы гэта робім. Мы вучым еўрапейскім стандартам і беларускім, заканадаўства – еўрапейскае і беларускае. Таму ідэя стварэння такога ўніверсітэту – супер, але не трэба пачынаць з голага месца. Мы, беларусы, ужо праявілі крэатыўнасць, Еўропа крыху спазнілася. Мы за дзевяць месяцаў гэтае дзіця ўжо нарадзілі. Другая справа, што яму трэба дапамагчы стаць на ногі.

Трэба аб’яднаць намаганні: тое, што зрабілі беларусы, і тое, што хочуць зрабіць еўрапейцы. Тады будзе добры плён – падводзіць вынік Святлана Куль-Сяльверстава.
Вялікую дапамогу ў стварэнні Беларускай акадэміі аказаў беластоцкі фонд «Акно на Усход».

ав