Беларуская Служба

Ініцыятыва ByPol агучыла новыя акалічнасці падзеяў вакол смерці Рамана Бандарэнкі

24.09.2021 15:48
24 верасня ініцыятыва ByPol апублікавала дапоўненае расследаванне гібелі Рамана Бандарэнкі ў Мінску 12 лістапада 2020 года.
Аўдыё
  • ByPol расказаў новыя акалічнасці падзеяў вакол смерці Рамана Бандарэнкі
-
Стрыт-арт памяці Рамана Бандарэнкі на вуліцы МінскаФота: TUT.by

У сваім расследаванні ByPol выкарыстала запісы тэлефонных перамоў, якія атрымалі "Кіберпартызаны" ў выніку ўзлому базы МУС.

Такім чынам, па версіі аб'яднання былых сілавікоў ByPol, яшчэ 2 лістапада, за 10 дзён да здарэння, прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант абмяркоўвае з кіраўніком мінскага амапа Дзмітрыем Балабам падтрымку з боку сілавікоў на час іх «палявання», – рэйды па дварах сталіцы, дзе зразалі бел-чырвона белыя стужкі і сцягі.

10 лістапада 2020 года Наталля Эйсмант звоніць камандзіру мінскага амапа Дзмітрыю Балабе, каб дамовіцца пра сурʼёзны рэйд на наступны дзень.

Дзмітрый Балаба: Добры дзень, Наталля Мікалаеўна!

Наталля Эйсмант: Добры дзень, Дзмітрый Уладзіміравіч! Можаце гаварыць?

Дзмітрый Балаба: Я ў кабінеце. Магу вам набраць.

Наталля Эйсмант: Бягу да Наталлі Іванаўны на нараду. Званю вам паскардзіцца. На мяне тут наехалі, раскрытыкавалі. Што падзеі яшчэ не скончыліся, а я шмат адпачываю, па вечарах, замест таго, каб працаваць.

Дзмітрый Балаба: Вось так вось! Гэта трэба выпраўляць!

Наталля Эйсмант: Але такі графік быў: і ў Астраўцы, і метро, і аўтапрабег быў. Толькі гэтым і займаліся. Я ў вас хачу нешта папрасіць. Мы з хлопцамі састыкаваліся. На заўтра (плануем. – Рэд.) па сур’ёзнаму. Хачу ў вас папрасіць: увесь САХР, з якім мы працуем, усе мяняюцца, усе цалка. Самі хлопцы шкадуюць і плачуць, але як ёсць. Я хацела папрасіць, можа, вы дасце тых хлопцаў, якія з намі ў мінулы раз працавалі, на падстрахоўку. Яны ўсё ведаюць.

Дзмітрый Балаба: Ніякіх праблем няма. Вы хочаце тую ж групу?

Наталля Эйсмант: Яны нам тады дапамаглі, уніклі ў нашу спецыфіку.

Дзмітрый Балаба: Наталля Мікалаеўна, у амапе ўсе такія. Іншых няма. Я пачуў ваша пажаданне. Будзе тая ж група.

Наталля Эйсмант: Хаця мне Кубракоў наадварот казаў, што мусяць быць тыя ж, раз яны нас задавальняюць. Мы заўтра плануем, я спадзяюся, сур’ёзна. Я не люблю, калі мяне крытыкуюць.

Дзмітрый Балаба: Я вас пачуў, Наталля Мікалаеўна. Усё зробім.


11 лістапада ў цэнтры Мінска здарыўся інцыдэнт з Раманам Бандарэнкам. Паводле расследавання ByPol, пасля прымянення сілы Дзмітрыем Шакутам і перад пагрузкай у мікрааўтобус САХРа Рамана Бандарэнку адзін з байцоў рэзка ўпусціў галавой аб зямлю.

Ёсць разбор відэазапісу з месца здарэння і апазнанне людзей, якія на відэа зафіксаваныя.

ByPol: Чалавек у шэрым спартыўным касцюме і камізэльцы, пазней апазнаны, як Дзмітрый Шакута, падбягае да Рамана і Валіць таго на зямлю. Да Бандарэнкі, якога трымаюць, падбягаюць яшчэ трое мужчын, падымаюць Рамана з зямлі і гвалтоўна нясуць да скрыжавання вуліцы Кахоўскай, дзе да іх пад’язджае серабрысты аўтобус. Пры гэтым адзін з гэтых мужчын, самы вялікі, з галаўным уборам у выглядзе шапкі з пампонам, што адпавядае апісанню прысутнага на месцы злачынства байца САХР Яўгена Ціманоўскага, трымаючы Рамана за ногі, прыпадняў яго і рэзка апусціў уніз, ударыўшы галавой аб зямлю. Яшчэ ў студзені падчас папярэдняй праверкі па факту гібелі Рамана Бандарэнкі, мы выявілі, што серабрысты мікрааўтобус з нумарам АВ6682-6 належыць спецыяльнаму атраду хуткага рэагавання вайсковай часткі 3032.

12 лістапада ў 7:54 раніцы дзяжурны АМАПу дакладае Дзмітрыю Балабе, што амапаўцы забралі Бандарэнку з мікрааўтобуса СОБРа ўжо ў цяжкім стане. Потым Дзмітрый Балаба звоніць начальніку мінскай міліцыі і кажа: «Я думаю, там Шакута недзе прыклаўся». «Нашыя яго і пальцам не краналі».

Па версіі ByPol, дачыненне да смерці Рамана Бандарэнкі маюць наступныя людзі:

ByPol: Першым, хто вечарам 11 лістапада прымяніў да Рамана Бандарэнкі фізічнае ўздзеянне, быў Дзмітрый Шакута. Другім – баец САХРа, малодшы прапаршчык Яўген Ціманоўскі, які перад пагрузкай Рамана ў службовы бус, адмыслова ўдарыў Рамана аб зямлю. У кола падазраваных, безумоўна, падлягаюць і іншыя байцы САХР, у чыім службовым бусе Раман правёў больш за 20 хвілін да перадачы яго амапу ў цяжкім стане. Гэта старэйшы групы капітан Сяргей Сарман, кіроўца буса старэйшы прапаршчык Сяргей Анцюфееў, а таксама прапаршчыкі Алег Буйкевіч і Раман Савенка.

У наступным аўдыёзапісе ByPol кіраўнік мінскага амапа Дзмітрый Балаба гаворыць, як камандзір групы АМАП Руслан Куляшоў мусіць даваць паказанні па здарэнню з Раманам Бандарэнка:

Руслан Куляшоў: Так, таварыш палкоўнік.

Дзмітрый Балаба: Руслан, глядзі, задача якая. Цяпер трэба будзе, давай з табою прагаворым. Просіць следства хутка апытацца. Як ты мне дакладваў, сітуацыя такая: атрымалі выклік па 102, неслі службу там-та, пад’ехалі, убачылі цела ў раёне прыпынку, дзе вы там яго забіралі – у раёне прыпыначнага пункта, б..дзь.

Раман Куляшоў: Так-так...

Дзмітрый Балаба: У неадэкватным стане, ацанілі сітуацыю, прынялі рашэнне, думалі, што знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення. Даставілі ў Цэнтральнае раённае ўпраўленне, перадалі, адбылі далей несці службу.

17 верасня гэтага года Генпракуратура Беларусі паведаміла, што «з прычыны не ўстанаўлення асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага прыпыніла расследаванне крымінальнай справы па факце гібелі 31-гадовага мінчука Рамана Бандарэнка.

Родных Бандарэнкі больш за тры месяцы дамагаліся, каб па факту смерці Рамана была заведзеная крымінальная справа.

31-гадовага Раман Бандарэнка збілі 11 лістапада 2020 года на «Плошчы пераменаў» у Мінску, калі ён паспрабаваў загаварыць з людзьмі, якія здымалі з платоў бел-чырвоныя-белыя стужкі. Пасля гэтага невядомыя выкралі Бандарэнку. Праз нейкі час ён апынуўся ў Цэнтральным РУУС Мінска, адкуль быў дастаўлены ў бальніцу, дзе памёр на наступны дзень. Па словах лекараў, у Рамана была цяжкая чэрапна-мазгавая траўма і шанцаў застацца ў жывых практычна не было.

Улады хутка адрэагавалі на смерць Бандарэнкі, Лукашэнка заявіў публічна, быццам Раман быў п’яны. Аднак гэта абверглі медыцынскія дакументы, апублікаваныя 13 лістапада на партале ТUT.by.

Пазней за разгалошванне медыцынскай таямніцы аб нуль праміле алкаголю ў крыві Бандарэнкі судзілі лекара анэстэзіолага-рэаніматолага Арцёма Сарокіна і журналістку Кацярыну Барысевіч. Барысевіч атрымала паўгода калоніі, Сарокін – два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год.

Пасля гібелі Рамана Бандарэнкі за кратамі апынуліся журналісткі тэлеканала "Белсат" Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова. Іх затрымалі 15 лістапада пасля стрыму з акцыі памяці Бандарэнкі. Андрэеву і Чульцову абвінавацілі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх" і прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі. Цяпер журналісткі адбываюць тэрмін у калоніі ў Гомелі.

Забойцы Рамана Бандарэнкі не знойдзеныя і не пакараныя.

МК