Ён з'яўляецца пакутнікам Другой сусветнай вайны. За дабрачынную дзейнасць, якую ён арганізаваў для патрабуючых падчас акупацыі, немцы адсеклі яму галаву.
Ксёндз Ян Маха нарадзіўся 18 студзеня 1914 году ў Хожаве. У юнацтве займаўся дзейнасцю Каталіцкай асацыяцыі польскай моладзі, дасягнуў поспехаў у спорце, як гандбаліст з камандай двойчы выйграваў віцэ-чэмпіянат Польшчы. У 1934 годзе паступіў у семінарыю ў Кракаве. Святарскае пасвячэнне атрымаў 25 чэрвеня 1939 года.
У кастрычніку таго ж года ўзначаліў абласное аддзяленне тайнай антынацысцкай арганізацыі Польскай узброенай арганізацыі. Стаў камандзірам акадэмічнай групы пад кодавай назвай «Konwalia», у якую ўваходзіла моладзь, студэнты і скаўты з Руды Слёнскай, у асноўным мясцовай гімназіі ім. Тадэвуша Касцюшкі. Яе актывісты дапамагалі рэпрэсаваным, арганізоўвалі дабрачыннасць, друкавалі і распаўсюджвалі незалежныя выданні і ўласную газету «Світ».
Характэрнай рысай ксяндза Махі было тое, што ён не толькі рупліва займаўся пастырскай працай, але і адчуваў беднасць людзей сярод сем’яў, пазбаўленых у час акупацыі адзіных карміцеляў.
У выніку даносу некаторых асоб, якія супрацоўнічалі з немцамі, з пачатку 1941 году за ім сачыла паліцыя, двойчы яго нават выклікалі на допыты ў гестапа для дачы тлумачэнняў. 5 верасня 1941 году яго арыштавалі. Падчас шматлікіх допытаў ён падвяргаўся пераследу, у тым ліку праз збіццё, прыкурванне бычкамі і інш. У сакавіку 1942 году яму было прадʼяўлена абвінаваўчае заключэнне і прысудзілі да пакарання смерцю праз адсячэнне галавы за дзяржаўную здраду.
Ксёндз Дамʼян Бэднарскі, які быў адказным за беатыфікацыйны працэс, адзначае, што Ян Францішак Маха глядзеў у неба.
- Ёсць яго прыгожая пропаведзь з часоў вайны, якую ён прамовіў на свята Усіх Святых, дзе ён кажа: думай пра неба і ў звычайных жыццёвых сітуацыях, падчас ежы і малітвы, калі табе сумна і калі надыходзіць радасны час. Гэтая думка пра неба не пакідала яго ў цёмную ноч акупацыі, калі ён быў арыштаваны і зачынены ў камеры смяротнікаў у катавіцкай турме. Калі некалькі гадзін перад смерцю ксёндз Яахім Бэслер паспавядаў ксяндза Яна, прычасціў яго перад дарогай у вечнасць, калі ён бачыў, як маладзенькі 28-гадовы святар ішоў да месца казні, пабачыў як ксёндз Ян апошні раз падняў вочы да неба, то бок яшчэ раз аддаўся ў рукі Богу і так загінуў.
Ксёндз Ян Маха можа быць заступнікам многіх спраў і ўстановаў, канкрэтных людзей, кожнага з нас – гаворыць Дамʼян Бэднарскі.
-Пачынаючы ад маладых студэнтаў тэалогіі, асабліва семенарыстаў, якім ён паказвае, што варта быць паслядоўным, не варта адчайвацца цяжкасцямі жыцця. Далей можа быць заступнікам святароў, якім паказвае, у чым заключаецца душпастырства, давер да Бога. Таксама ўсіх, хто ўдзельнічае ў розных дабрачынных справах. Для іх ён можа быць прыкладам вялікай далікатнасці, блізасці да тых, хто знаходзіцца ў патрэбе. І трэба дадаць маладых людзей. Сам малады і застапнік маладых.
Казнь ксяндза Махі адбылася неўзабаве пасля поўначы 3 снежня 1942 году. Яго цела, верагодна, было дастаўлена ў канцлагер Асвенцым і спалена ў лагерным крэматорыі. Варта дадаць, што ў той жа дзень (3 снежня) быў абезгалоўлены і асуджаны семінарыст Яахім Гюртлер. Непасрэдна перад смерцю ксёндз Маха напісаў родным развітальны ліст наступнага зместу, які з’яўляецца своеасаблівым запаветам:
«Паважаныя бацькі, браты і сёстры! Хвала Езусу Хрысту. Гэта мой апошні ліст. Прысуд будзе выкананы праз чатыры гадзіны. Дык калі вы прачытаеце гэты ліст, мяне больш не будзе сярод жывых. Заставайцеся з Богам! Прабачце мне ўсё! Іду да Усявышняга Суддзі, які мяне зараз асудзіць. Спадзяюся, ён мяне прыме. (...) Я паміраю з чыстым сумленнем. Я пражыў кароткае жыццё, але лічу, што дасягнуў сваёй мэты. Не адчайвайцеся! Усё будзе добра. Без аднаго дрэва лес застанецца лесам. Без адной ластаўкі прыйдзе і вясна, а без аднаго чалавека свет не рухне (...) Мне засталося зусім мала часу. Можа, яшчэ гадзіны тры, дык бывайце! Заставайцеся з Богам. Маліцеся за свайго Ханіка».
У Верхняй Сілезіі падчас акупацыі ўсяго загінулі 63 духоўныя асобы, двое былі беатыфікаваныя ў 1999 годзе.
ав